Сярод паэтаў і празаікаў ліпеньскага нумара – Юлія Шурбіна-Каравацкая, Юрась Гуліцкі, Сяргей Белаяр, Алена Котава, Васіль Дэбіш, Паліна Салавей, Юлія Голубева, Вольга Алізар і Святлана Цмугунова. Літаратурны дэбют адбыўся для празаіка Марыі Ананьевай і паэтаў Аляксея Германа, Антаніны Канаплёвай, Настассі Сташкевіч.
У рубрыцы “Люстэрка лёсу” – старонкі новай публіцыстычнай кнігі Аляксандра Радзькова «Гарады. Асабістыя ўражанні» ў перакладзе на беларускую мову Алеся Карлюкевіча. У хуткім часе яна пабачыць свет у адным з выдавецтваў краіны. Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў — сталы аўтар «Маладосці», газет «Звязда», «СБ. Беларусь сегодня», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеты». Выступае на старонках гэтых выданняў з артыкуламі, гутаркамі. Публіцыст, вучоны, грамадскі і палітычны дзеяч, заўжды імкнецца данесці да чытача ўласны погляд на рэчаіснасць, погляд, за якім паўстае багаты жыццёвы досвед чалавека і пісьменніка нераўнадушнага, шчырага і адкрытага ў сваіх ацэнках часу ды самых розных падзей.