Close

Пра нас

Гісторыя выдавецтва

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» заснавана ў 1972 годзе на базе рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выхаду вялікай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў, а адукацыйныя дзяржаўныя праграмы далі падставу для ўдасканальвання і больш глыбокага вывучэння класікаў беларускай і сусветнай літаратуры.
У розныя гады выдавецтва ўзначальвалі:
М. Г. Ткачоў (1972—1979),
М. Ф. Дубянецкі (1979—1986),
А. І. Бутэвіч (1986—1987),
В. М. Грышановіч (1987—1992),
С. А. Андраюк (1993—1996),
Г. В. Марчук (1996—2002),
У. А. Мачульскі (2002—2015).
А.М. Бадак (з 2015 года).

Галоўныя рэдактары з дня заснавання выдавецтва:
А. П. Кудравец (1972—1974),
А. Н. Марціновіч (1974—1981),
С. А. Андраюк (1981—1993),
М. С. Кусянкоў (1993—1996),
У. А. Марук (2002—2003),
В. А. Праўдзін (2003—2008),
В. А. Шніп (з 2008 года).

Напачатку штат супрацоўнікаў выдавецтва налічваў больш за сотню чалавек, сорак пяць з іх з’яўляліся членамі Саюза пісьменнікаў. Сярод іх – А. Дзеружынскі, А. Разанаў, У. Арлоў, Р. Барадулін, Хв. Жычка, Б. Сачанка, М. Кусянкоў, Л. Дранько-Майсюк, І. Канановіч, В. Бечык, М. Мятліцкі, В. Спрынчан, К. Жук, А. Бачыла, Г. Марчук, В. Хомчанка, А. Рыбак, М. Ваданосаў, М. Герчык, У. Шахавец, В. Палтаран, П. Місько, А. Васілевіч, В. Машкоў, В. Жуковіч, В. Адамчык, Р. Яўсееў, Хв. Чэрня, А. Камароўскі і інш. Штогод выходзіла з друку каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны масаваму чытачу. Тыраж кнігі арыгінальнай паэзіі быў не менш трох тысяч, а арыгінальнай прозы — не менш шасці тысяч экзэмпляраў.

У выдавецтве працавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў і перакладной літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гістарычна-дакументальных хронік «Памяць». Выходзілі серыі «Першая кніга паэта» (з 1968 г.), «Першая кніга празаіка» (з 1971 г.), «Паэзія народаў свету» (з 1971 г.), «Бібліятэка замежнай прозы» ( з 1983 г.), «Скарбы сусветнай літаратуры» (з 1989 г.), «Бібліятэка беларускай класікі» (з 1990 г.), «Памяць» (з 1996 г.), «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя» (абедзве — з 1998 г.), «Беларуская паэзія ХХІ ст.», «Беларуская проза ХХІ ст.».

У выдавецтве выйшлі Зборы твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, К. Чорнага, К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, І. Шамякіна, А. Якімовіча, Я. Брыля, М. Лужаніна, В. Быкава, І. Мележа, П. Панчанкі, І. Навуменкі, У. Карпава, М. Гарэцкага, П. Пестрака, П. Глебкі, З. Бядулі, К. Кірэенкі, А. Бачылы, А. Макаёнка, У. Караткевіча, К. Чорнага, А. Пысіна, А. Асіпенкі, М. Зарэцкага, І. Пташнікава, С. Гаўрусёва, Я. Пушчы, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна і інш.

Выдавецтва сёння

На сённяшні дзень у «Мастацкай літаратуры» працуе невялікі творчы калектыў, якому пад сілу падрыхтоўка і выданне любой кнігі на высокім літаратурна-мастацкім і паліграфічным узроўні.
Структура выдавецтва:
1. Дырэктар.
2. Намеснік дырэктара.
3. Галоўны бухгалтар.
4. Планава-эканамічны аддзел.
5. Вытворчы аддзел.
6. Рэдакцыя арыгінальнай літаратуры, збору твораў і перакладной літаратуры.
7. Рэдакцыя мастацкая і навукова-папулярнай літаратуры.
8. Рэдакцыя мастацка-графічнага афармлення.
9. Рэдакцыя тэхнічнага рэдагавання.
10. Рэдакцыя стылістычнага рэдагавання.
11. Аддзел рэалізацыі, рэкламы і прапаганды.

«Мастацкая літаратура» трывала і ўпэўнена ўвайшла ў ХХІ стагоддзе. Прэмія «Золата Парыжа» (2006), Гран-пры Міжнароднага конкурсу (2009) за літаратурна-мастацкае выданне Л. Несцерчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» (мастак В. Паўлавец), шматлікія ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні, сведчаць аб высокім прафесіяналізме выдавецтва. Кнігі новых серый «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», «Зямля мая», «Нашы героі», «Беларуская аўтарская казка», «Казкі ХХІ стагоддзя» набылі папулярнасць і сталі візітнай карткай нашага прадпрыемства.

«Мастацкая літаратура» выдае арыгінальныя творы беларускіх пісьменнікаў, Зборы твораў, выбраныя творы, кнігі па літаратуразнаўстве і крытыцы, лепшыя творы замежных пісьменнікаў, літаратуру для дзяцей і падлеткаў, літаратурную спадчыну, навукова-папулярную, публіцыстычную і юрыдычную літаратуру, мастацкія і гукавыя электронныя выданні, літаратурна-мастацкія выданні серыі «Бібліятэка школьніка», вучэбна-метадычную літаратуру.