Close

09.02.18

Кітайская паэзія: паэтычны партрэт ХХ стагоддзя

Пад такой назвай 8 лютага ў прэс-цэнтры БелТА  адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды выхаду ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” зборніка “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя”. У ёй прынялі щдзел дырэктар выдавецтва Алесь Бадак, паэт, перакладчык Мікола Мятліцкі, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цімін.

Анталагічны зборнік “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя”, які перастварыў па-беларуску Мікола Мятліцкі,  значна пашырае наша ўяўленне пра багатую і самабытнгую кітайскую паэзію. У ім пададзены творы ста таленавітых паэтаў ХХ стагоддзя – часу станаўлення сучаснага Кітая, эканамічна трывалага і духоўна акрыленага, бачнага сваімі істотнымі дасягненнямі народам усяго свету. Сярод аўтараў анталогіі – Хуан Цзуньсянь, Цю Цзінь, Су Маньшу, Лю Дабай, Чжу Цзыцін, Вэнь Ідо і інш.

Як адзначыў Цуй Цімін, зборнік дае чытачам унікальную магчымасць убачыць зменлівы Кітай, даведацца аб думках і перажываннях людзей, якія жывуць у сучасную эпоху. Гэта замалёўкі, якія раскрываюць простыя бытавыя падрабязнасці, якія дазваляюць пазнаёміцца з традыцыямі кітайскага народа. “Упэўнены, што гэтая кніга дазволіць беларускім сябрам зразумець менталітэт кітайскага народа, выкліча сімпатыю да літаратуры КНР, унясе свой уклад ва ўмацаванне дружбы паміж намі”, – сказаў ён.

У планах беларускага і кітайскага бакоў выдаць беларускую дзіцячую літаратуру ў перакладзе на кітайскую мову. Дзіцячая кніга ў Кітаі карыстаецца вялікім попытам, і гэта выдатная магчымасць папулярызаваць беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей.