Close

24.05.18

“Начныя птушкі” ў Доме дружбы

23 мая ў сталічным Доме дружбы адбылася прэзентацыя кнігі народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна “Начныя птушкі”, якая сёлета пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Роберт Мугалімавіч – даўні сябар Беларусі, якую не раз наведваў і якой прысвяціў не адзін шчыры і пранікнёны верш. Цёплыя словы пра яго гаварылі перакладчык на беларускую мову твораў Р. Мінуліна паэт Мікола Мятліцкі, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак і галоўны рэдактар нашай установы Віктар Шніп. У якасці вядучай літаратурнай імпрэзы выступіла адказны сакратар часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка. Вядома, гучалі са сцэны і вершы з кнігі “Начныя птушкі”, які чыталі не толькі выступоўцы, але і мінскія школьнікі.

На вечарыне адзначалася таксама, што апошнім часам беларуска-татарскія літаратурныя стасункі набываюць усё большае развіццё. Напрыклад, неўзабаве ў Татарстане пабачыць свет зборнік ”Хуш киләсез — калi ласка!”, у які ўвайшлі вершы трыццаці беларускіх паэтаў: як класікаў – напрыклад, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і інш., так і сучаснікаў. Пераклад на татарскую мову зрабіў Рэнат Харыс – вядомы татарскі паэт, творы якога  таксама не аднойчы з’яўляліся на старонках беларускіх літаратурных перыядычных выданняў.