18 лютага ў Санкт-Пецярбургу ў бібліятэцы Расійскай Акадэміі Навук Славянскі фонд аддзела фондаў і абслугоўвання арганізаваў і правёў вечарыну беларускай паэзіі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў паэтычнага свята выступіла намесніца дырэктара БАН па навуковай рабоце Вольга Скварцова. На вечарыну з Мінска быў запрошаны галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт Віктар Шніп. Ён пазнаёміў прысутных з творамі сучасных беларускіх паэтаў. Расказаў пра выдавецкую серыю “Сябрына: паэты Расіі”, пра альманахі “Далягляды” і “Першацвет”, а таксама пачытаў свае вершы і падарыў кнігі біліятэцы. Старшыня праўлення Ленінградскага абласнога Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Прохараў, паэты Ігар Дзеордзіеў і Наталля Лодзеева прачыталі ўрыўкі сваіх перакладаў паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Аспірант-гісторык і супрацоўнік Аддзела рэдкіх кніг РНБ Ігар Прахарэнкаў агучыў гекзаметры "Прускай вайны" Яна Вісліцкага ў перакладзе Жаны Некрашэвіч-Кароткай. Галоўны бібліятэкар Сектара Славянскага фонда БАН Дар'я Чэрнышэнка пазнаёміла прысутных з выставай старых беларускіх кніжак, прадстаўленых са спецхову. Загадчык аддзела рэдкіх кніг РНБ, старшыня беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў расказаў пра гістарычныя мясціны Санкт-Пецярбурга звязаныя з жыццём знакамітых беларусаў. На працягу ўсёй вечарыны паміж выступамі прафесійных літаратараў і навукоўцаў падыходзілі госці бібліятэкі і чыталі свае любімыя вершы беларускіх паэтаў. Дарэчы, святы паэзіі ў бібліятэцы Расійскай Акадэміі Навук сталі цудоўнай традыцыяй. Тут ужо адбыліся вечары сербскай і польскай паэзіі.
Вечарыну беларускай паэзіі вяла загадчыца Сектарам Славянскага фонда БАН Драгана Дракуліч-Прыйма.