«Дзе блішча збожжа ў яснай далі, / Сінеюць міла васількі,/ Халодным срэбрам ззяюць хвалі/ Між гор ліючайся ракі;/ Цямнее край зубчаты бора…/ І тчэ, забыўшыся, рука,/ Заміж персідскага узора,/ Цвяток радзімы васілька», ‒ пісаў Максім Багдановіч у легендарным вершы «Слуцкія ткачыхі». Выдавецтва «Мастацкая літаратура» заснавала серыю мастацкіх кніг «Нашы сімвалы». І сярод іншых пабачыў свет зборнік твораў пра кветку, якая любіць жытнёвае мора, ‒ «Валошка і васілёк».
Кніга адкрываецца артыкулам укладальніцы Аксаны Спрынчан «22 цікавосткі пра валошку і васілёк». І перш-наперш пісьменніца тлумачыць чытачам малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, што «ў Беларусі гэтая цудоўная кветка мае дзве прыгожыя назвы: валошка і васілёк». А яшчэ падкрэслівае: «Валошка – адна з найлепшых кветак на выплятанне вянкоў». Дарэчы, васілёк «належыць да сямейства астравых». І вельмі важна ведаць, што «васілёк і кніга – эмблема Літаратурнага музея Маскіма Багдановіча».
У зборнік «Васілёк і валошка» ўвайшлі вершы і казкі, апавяданні Васіля Жуковіча («Любімая краска», «Васілёк», «З хлебам побач»), Аліны Анцытовіч («Сакрэты сіняга васілька»), Анатоля Зэкава («Валошкі», «Васількі ў жыце»), Міколы Чарняўскага («Беларускі васілёк», «Васілёк»), Міколы Кандратава («Адкуль на зямлі васількі»), Галіны Пшонік («Клумба побач са шматпавярховікам»), Ядвігіна Ш. («Васількі»), народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова («Васількі»), Алеся Карлюкевіча («Як васількі на сваю крыўду забыліся»), Стасі НАРКЕВІЧ («Васільковая сцяжынка»), Валянціна Лукшы («Жыта і Васілёк»), Язэпа Пушчы («Зоська і Антосік»), Наталлі Бучынскай («Фотасесія для валошак»), Алены Церашковай («Загадка»), Уладзіміра Мацвеенкі («Акразагадка», «Загадка-шарада»). Творы паэтаў і празаікаў розных пакаленняў, сабраныя разам, падаюцца адметнай мастацкай энцыклапедыяй пра народную беларускую кветку.
Наклад кнігі «Валошка і васілёк» – 1500 экзэмпляраў. Кніжным графікам зборніка выступіў таленавіты мастак Уладзімір Жук.
Мікола Берлеж