
Іван Мележ. Пясняр Палесся. Серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».
Чарговы том пад выдавецкім грыфам “ЖЗЛБ” прысвечаны памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, чый стагадовы юбілей адзначаецца ў студзені 2021 года. Праз успаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны – крытыкаў і літаратуразнаўцаў – паўстае вобраз Мастака і Чалавека, хто ва ўсёй мастацкай велічы стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады ХХ стагоддзя.
Тамара Аляхновіч, з кнігі «Іван Мележ. Пясняр Палесся»:
«Іван рана навучыўся чытаць і пісаць, добра маляваў. У школе быў першым вучнем. У яго былі не толькі літаратурныя, але і матэматычныя здольнасці. Ужо будучы вядомым чалавекам, Іван Паўлавіч часта жартаваў: “Калі б я не стаў пісьменнікам, напэўна стаў бы матэматыкам”. Але цяга да літаратуры перамагла.
Сярэднюю школу Ваня закончыў у Хойніках. Бывала, калі бацькі давалі грошы на пражыццё, то большую частку іх ён траціў на кнігі. А пасля заканчэння школы бацька прывёз з Хойнікаў цэлы воз кніг. Маці часта гаварыла, што Ваня палюбіў кнігу з пялёнак, з ёй ніколі не разлучаўся.
У нас, малодшых, засталіся самыя цёплыя і ўдзячныя пачуцці да старэйшага брата. Хіба можна забыць галодны і халодны пасляваенны час. Хата наша згарэла ў вайну, згарэла ўсё, застаўся толькі адзін хлеў. Даведаўшыся, што мы ўсе жывыя, але знаходзімся ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы, Ваня, Лідзія Якаўлеўна і Клаўдзія Іванаўна дзяліліся з намі ўсім, што мелі, каб выратаваць нас ад голаду. Дапамаглі купіць нам напачатку старую хату, а крыху пазней дапамаглі пабудаваць новую вялікую хату»
Людміла Мележ:
«Бацька не толькі шмат часу пісаў, але не менш часу і сам сябе правіў. Назву рамана “Людзі на балоце” абмяркоўвалі ўсёй сям’ёй, выбіралі з тых магчымых дваццаці назваў, якія бацька прыдумаў і запісаў. Дома мы размаўлялі і па-беларуску, і па-руску, бо мае мама і бабуля былі расіянкамі. Але калі тата браў тэлефонную трубку і абвяшчаў: “Зараз буду гаварыць з хлопцамі”, тады ўжо толькі па-беларуску. Калі-нікалі заходзілі да нас пісьменнікі, вяліся доўгія размовы пра літаратуру. Бацька частаваў іх усім, што было ў хаце, нават віном, якога сам ніколі не піў»
Мікола Аўрамчык:
«Шлях, на які ён ступіў, пасля “Гарачага жніўня”, абяцаў быць усланы ружамі. Але пасля першай кнігі “Мінскага напрамку” некаторыя паспяшаліся ўсыпаць яго калючкамі. Калі Іван пайшоў да аднаго з выдаўцоў, каб высветліць становішча, той за сталом дэманстратыўна адвярнуўшыся спіной і разглядаючы на сцяне геаграфічную карту, раўнадушна прамармытаў:
– Я не збіраюся выдаваць ваш раман!..
Гэтыя словы глыбока ранілі Іванаву душу, бо яна была чулая, як у кожнага таленту.
Аднойчы ў “Маладосці” яму выказалі шэраг заўваг па яго апавяданню, якое і ў мяне выклікала незадавальненне. Іван пацікавіўся маёй думкай. Я па-сяброўску выказаў сваё ўражанне. Можа, на паўгода наступіла пахаладанне ў нашых адносінах.
Затое штосьці наіўнавата-дзіцячае назіралася ў ім тады, калі ён ужо ў каторы раз хацеў паслухаць станоўчае выказванне пра свой твор чалавека, якога асабліва паважаў, чыёй думкай вельмі даражыў.
Аднойчы Мустай Карым, і як чытач, і як пісьменнік, і як член Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях, вельмі доўга расказваў мне пра сваё ўражанне ад абодвух раманаў Мележа. Ад першай кнігі ён быў проста ў захапленні. А пра другую выказваў цікавыя заўвагі. Я тады падрабязна пераказаў усё гэта Івану. Дык ён і пазней неаднойчы пытаўся ў мяне, ці ўсё я пераказаў, ці не забыўся чаго-небудзь...
У жыцці Іван здаваўся сумнаватым. Відаць, ішло гэта не столькі ад характару, колькі ад хваравітага стану. Толькі аднойчы бачыў я на яго вачах слёзы. Яны былі выкліканы дрэнным перакладам ягонай кнігі, рукапіс якой ён атрымаў у той дзень і, разгублены, не ведаў, што з ім рабіць...»

Іван Іван Шамякін. Творы. Серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры». Том 22.
У кнігу выбраных твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, якому ў студзені споўнілася б 100 гадоў, склалі яго пенталогія «Трывожнае шчасце» і аповесць «Слаўся, Марыя!»
Таццяна Шамякіна:
«Мой любімы твор — «Трывожнае шчасце», таксама як і ў самога Шамякіна. Можа быць, таму, што я назірала яшчэ дзяўчынкай, як распачыналася работа над аповесцю «Непаўторная вясна» — першай часткай пенталогіі. Напэўна, гэта было адно з самых шчаслівых летаў нашай сям'і, якое мы праводзілі ў Церусе, што на Гомельшчыне, на радзіме маці. Тады да бацькоў нават вярнуліся нейкія юнацкія пачуцці, хоць прайшло ўжо больш як паўтара дзесяцігоддзя ў шлюбе. Было прыгожае лета, добразычлівая атмасфера, мы, тады яшчэ малыя дзеці, радаваліся... »
Дзяніс Марціновіч:
«Прасцей назваць твор, якi найбольш уразiў. Гэта аўтабiяграфiчная аповесць «Слаўся, Марыя!», прысвечаная жонцы пiсьменнiка. Твор шчыры i кранальны да немагчымасцi, якi шмат тлумачыць i ў бiяграфii Шамякiна, i ў псiхалогii яго творчасцi. Прачытаўшы аповесць, разумееш, што не ўсiм дадзена такое каханне, як Iвану Пятровiчу. Дакладней, не ўсе могуць асэнсаваць гэты боскi падарунак i доўгiя гады быць шчаслiвым».
***
«На памінальным абедзе ў дзень пахавання я сказаў, якой бясцэннай i незаменнай Маша была памочніцай у маёй пісьменніцкай працы: перадрукавала не адзін дзесятак тысяч старонак рукапісаў (я пішу ад рукі, не асвоіў машынку — не было патрэбы), перачытала гэтыя ж тысячы старонак карэктур, i неаднойчы, некаторыя па некалькі разоў пры перавыданнях, я карэктуру перавыданняў не чытаў — шкадаваў часу, ён патрэбны быў для напісання новага, я жыў, калі сачыняў новы раман, аповесць, п'есу.
Пасля мяне выступіў Іван Навуменка i сказаў:
— Іван Пятровіч расказаў, якой памочніцай была яму Марыя Філатаўна. Але ён не сказаў самага істотнага, што для літаратуры важней. Марыя Філатаўна з'явілася прататыпам многіх вобразаў жанчын у шамякінскіх раманах, аповесцях. Можаце ўявіць, якая гэта была натура, які характар, калі гэтага хапіла на дзесятак, калі не больш, яркіх, запамінальных характараў беларускіх жанчын.
I гэта праўда. Я не часта задумваўся над гэтай асаблівасцю сваіх твораў. Але я не знаў блізка многіх жанчын, a вобразаў стварыў сотні. «Трэба ўмець!» — казаў Андрэй Макаёнак. Бліжэй за ўсё да Машы — Саша Траянава з «Трывожнага шчасця», гэта рэч у многіх сваіх i сюжэтных хадах, i характарах аўтабіяграфічная, асабліва аповесць першая «Непаўторная вясна» i аповесць пятая — «Мост»; у аповесці «Агонь i снег» Сашы няма, але Пятро жыве, ваюе, кахаючы яе.
A хіба Таццяна Маеўская з «Глыбокай плыні» не Маша? I сюжэтная канва з першай часткі — жыццё сям'і Кротавых у акупацыі. А фельчарка Тася Батрак з рамана «Вазьму твой боль», Поля з «Атлантаў i карыятыдаў», якія па часе напісання адстаюць ад першага майго рамана гадоў на трыццаць, — у ix характар маёй жонкі, яе вернасць, адданасць мужу, дзецям».*
*З аповесці Івана Шамякіна «Слаўся, Марыя!»