Да 100-годдзя Івана Мележа ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выйшла кніга “Іван Мележ. Пясняр Палесся». 5 лютага ў прэс-цэнтры “Дома прэсы” адбылася прэзентацыя гэтага выдання. У ёй прынялі ўдзел: дырэктар выдавецтва Алесь Бадак, галоўны рэдактар Віктар Шніп, загадчык рэдакцыі мастацкага афармлення Міхаіл Дайлідаў, а таксама ўкладальнік кнігі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі.
У сваім выступленні Мікола Мятліцкі сказаў: “Кніга “Іван Мележ. Пясняр Палесся” праз ўспаміны блізкіх і родных, пісьменнікаў і журналістаў, даследчыкаў творчай спадчыны — крытыкаў і літаратуразнаўцаў — раскрывае вобраз мастака і чалавека, які ва ўсім мастацкім велічы стварыў хроніку жыцця беларускага народа ў пераломныя 30-я гады ХХ стагоддзя. Мележ ніколі не сыходзіў з гарызонтаў беларускай літаратуры, але ў гэтай кнізе больш ярка прадстаўлены вобраз пісьменніка і памяць пра яго”.
Алесь Бадак, расказваючы пра серыю “ЖЗЛБ”, нагадаў: “Вельмі мала засталося людзей, якія асабіста ведалі Івана Паўлавіча. Таму вельмі важна фіксаваць успаміны, якія кажуць не толькі пра маштаб асобы героя, але і пра літаратуру, і пра беларускі народ у цэлым. Такія выданні павінны быць у школах, універсітэтах, бібліятэках, таму што гэта не толькі біяграфія канкрэтнага аўтара, гэта адлюстраванне гісторыі нашай краіны».