Ніколі не забудзем. Расказы беларускіх дзяцей аб днях Вялікай Айчыннай вайны.
ЯК СТВАРАЛАСЯ КНІГА
Размова з рэдактарам
Зімою тысяча дзевяцьсот сорак шостага года, калі я працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», выклікала мяне да сябе рэдактар Анастасія Сцяпанаўна Рокаш.
— Пятро Мікалаевіч, вы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і мне хочацца ведаць вашу думку. Ёсць прапанова сабраць расказы дзяцей пра барацьбу з фашысцкімі захопнікамі I вьщаць асобнай кніжкай. Што вы думаеце наконт гэтага?
I тут мне міжволі прыгадалася першая сустрэча з юным беларускім партызанам з Рагачова Колем Сіваваронкам, якая адбылася ў 1943 годзе ў далёкім сібірскім горадзе Новакузнецку, дзе я знаходзіўся ў шпіталі. Яго расказ пра тое, як ён насіў партызанскі ўльтыматум каменданту горада, узрушыў мяне да глыбіні душы.
— Я згодзен з вашай ідэяй,— адказаў я.— I зрабіць гэта патрэбна як мага хутчэй, пакуль усё яшчэ жыва ў памяці.
Назаўтра Анастасія Сцяпанаўна пайшла ў Цэнтральны Камітэт камсамола Беларусі. Вярнулася яна адтуль задаволеная: ЦК камсамола адобрыў ініцыятыву «Піянера Беларусі». Рады былі і ўсе работнікі рэдакцыі. Анастасія Сцяпанаўна не абмежавалася гэтым. Яна напісала пісьмо ў Маскву, у ЦК ВЛКСМ, і там не толькі ўхвалілі задуму рэдакцыі, але і выдаткавалі на арганізатарскую работу 37 000 рублёў (на старыя грошы). Гэта было якраз тое, чаго не хапала рэдакцыі. Калі фінансавае пытанне было вырашана, бюро ЦК ЛКСМБ першага чэрвеня 1946 года прымае пастанову: мяне вызваляюць ад усякай работы ў рэдакцыі і даручаюць заняцца выключна зборам расказаў у будучую кнігу. Крыху пазней яе рэдактарам быў прызначаны вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр.
З чаго пачынаць
На чарговай рэдакцыйнай нарадзе стаяла адно толькі пытанне: стварэнне кнігі пра ўдзел беларускіх піянераў і школьнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Вырашылі ў бліжэйшым нумары газеты паведаміць чытачам пра рашэнне ЦК ЛКСМБ, звярнуцца да ўсіх удзельнікаў партызанскай барацьбы з заклікам напісаць матэрыялы ў гэтую кнігу. Па-другое, прыцягнуць да работы пісьменнікаў, журналістаў, студэнтаў журфака БДУ. Сустрэцца ў якой-небудзь мінскай школе з былымі піянерамі-партызанамі і сынамі палкоў, расказаць ім пра наш план.
У школьным адцзеле ЦК камсамола даведаўся, што ў 37-й мінскай школе вучыцца шмат піянераў — удзельнікаў партызанскай барацьбы на тэрыторыі нашай рэспублікі.
I вось у канцы тыдня я разам з Марыяй Барсток — студэнткай БДУ, якая супрацоўнічала ў нашай газеце,— адправіўся ў гэтую школу.
Дырэктар школы папрасіў завуча пасля апошняга ўрока сабраць былых школьнікаў-партызан у піянерскім пакоі.
На сустрэчу прыйшло каля дзесяці хлопцаў. Твар аднаго з хлапчукоў уразіў мяне. Ён увесь быў у чырвона-сініх шрамах. Алесь Булат — сын палка танкавай часці — ваяваў на тэрыторыі Украіны. У адным з баёў іх танк немцы падбілі, і ён загарэўся. З вялікай цяжкасцю танкістам, у тым ліку і Алесю, удалося выбрацца з палаючай машыны і застацца жывым.
Астатнія хлопчыкі — В. Сасіноўскі, В. Васянкоў, А. Казлоў, В. Давідзенка і іншыя — таксама знаходзіліся ў баявых воінскіх часцях ці партызанскіх атрадах. Мы папрасілі іх расказаць пра сябе. Завязалася шчырая, сяброўская гутарка. Простыя, няхітрыя расказы дзяцей захапілі і ўсхвалявалі нас, умацавалі веру ў патрэбнасць нашай задумы: з узростам уражанні сціраюцца, а факты забываюцца, асабліва імёны людзей і іншыя падрабязнасці. Мы прапанавалі дзецям напісаць у газету заметку-зварот да ўсіх юных мсціўцаў рэспублікі. Хлопчыкі ахвотна згадзіліся. Яны пры нас напісалі невялікую заметку, у якой звярталіся да школьнікаў Беларусі прыняць удзел у стварэнні калектыўнай кнігі. У гэтай заметцы былі такія словы:
«Давайце, рабяты, агульнымі сіламі пісаць кнігу. У нас ёсць пра што расказаць. Няхай усе савецкія дзеці і дарослыя ведаюць пра нашых герояў-піянераў, пра мужнасць і смеласць нашых юных партызан, пра падзеі, якія адбываліся на берагах Дняпра і Бярэзіны... Напісалі ж уральскія рабяты сваю кніжку «Урал — зямля залатая». А мы хіба не зможам?»
Калі мы паказалі пісьмо дзяцей рэдактару, яна тут жа прачытала яго і сказала:
— Добрае пісьмо! Ім мы і адкрыем нашу спецыяльную старонку. Рыхтуйце яе ў наступны нумар.
I вось 3 красавіка 1946 года трэцяя старонка газеты выйшла пад агульнай шапкай: «Пішыце ў кнігу беларускіх рабят». Думку пра стварэнне кнігі падтрымалі на гэтай старонцы пісьменнікі К. Крапіва, Я. Маўр, прафесар Ніканаў і іншыя.
Пятро Рунец
Міхась Лынькоў. Міколка-паравоз. Аповесць
***
Калі мае пакаленне яшчэ толькі асвойвала школьны буквар, Міхась Ціханавіч быў ужо вядомым, прызнаным і вельмі папулярным пісьменнікам. Гэта значыць, што, як і ўсе мае аднагодкі, я не мог размінунца і не пазнаеміцца – у аднабаковым парадку – з ім. Так, размінуцца было немагчыма, таму што Лынькоў быў усюды і скрозь: яго кнігамі літаральна зачытваліся, асабліва дзеці, школьнікі і моладзь.
Ніл Гілевіч
Павел Місько. Прыгоды Бульбобаў. Аповесць
***
…"Прыйдзі, дзень-залацень!" Паўла Місько ў свой час таксама размялі. Дзеці зачытвалі яе да дзірак. Яшчэ б! У кнізе распавядаецца аб прыгодах і сталенні хлопчыка Ваняткі, які аказваецца "ўцягнуты" аўтарам у сюжэты разнастайных беларускіх народных казак (бытавых, чарадзейных і пра жывёл). Шчыра кажучы, для свайго часу гэта досыць эксперыментальны падыход: на традыцыйнай глебе народных казак аўтар стварыў новага героя, новыя вобразы традыцыйных казачных персанажаў. Мова Паўла Місько выштукаваная, сакавітая, рытмізаваная і нават рыфмаваная, хоць казкі і напісаныя прозай. У беларускай дзіцячай літаратуры аналагаў такому няма.
Асабіста я заўжды ставілася да беларускай мовы з нейкім сакральным трымценнем. І здаецца мне, што калі дзеці будуць чытаць кніжкі, напісаныя такой паэтычнай прозай, як, напрыклад, у Паўла Місько, то вырастуць добрымі людзьмі, сапраўднымі беларусамі. Дзіцячая літаратура развівае лексічны запас дзіцяці, таму кнігі, дзе ёсць дыялектызмы, нейкія рэдкія слоўцы, ім чытаць карысна — гэта ўзбагачае іх гаворку і ўяўленне пра родную мову.
"Села рабка ў гняздзечка і знесла яечка. Бабка рада, дзедка рады, скончыліся ў іх сваркі і звады. Бо калі баба з дзедам сварыцца? Калі ў гаршку трасца варыцца. А калі ў хаце калоціцца? Калі ў гумне не малоціцца", — перачытвала я "Прыйдзі, дзень-залацень!" і аж пішчала ад задавальнення. Як трапна, як складна, як ладненька! Як мне падабаюцца гэтыя стылізацыі пад народныя прымаўкі і мудраслоўі!
Думаю, беларуская літаратура (любая і сучасная) павінна мець нацыянальныя адрозненні. Яна не павінна быць падобнай на рускую, амерыканскую ці кітайскую. Яна павінна быць беларускай — і тэмы, і мясцовасць, і імёны павінны быць беларускімі. Гэтым мне і падабаецца творчасць Паўла Місько. І "Прыгоды Бульбобаў" (гісторыя, расказаная сабачанём), і "Грот афаліны" (пра сяброўства дэльфіна з чалавекам), якія чытаюць пазакласна ў школе, дужа падабаюцца дзецям.
Вольга Чайкоўская
Людміла Рублеўская. Прыгоды мышкі Пік-Пік. Казачная аповесць
***
У дзіцячай літаратуры мусіць арганічна спалучацца нешта знаёмае і нешта новае, бо, як сцвярджаюць даследчыкі, няма публікі кансерватыўней за бацькоў, якім здаецца, што дзеці мусяць выхоўвацца на лепшых кнігах, а гэта, як вядома, тыя кнігі, на якіх гадаваліся самі бацькі. А дзецям хочацца знаёмых рэалій (хіба мы ўмелі ў 10 месяцаў карыстацца пультам ад тэлевізара і поўзаць па клавіятуры ноўтбука?).
І мышка Пік-Пік Людмілы Рублеўскай у нетрах бацькоўскай памяці актывізуе ўспаміны пра мышаня Пік Віталя Біянкі. І вось “нешта знаёмае” дае дазвол на набыццё кнігі пра нешта новае, пра мышаня, якое існуе ў гарадскіх умовах (дакладней, тут важнае не столькі месца жыхарства, колькі рэаліі, актуальныя, зрэшты, і для сучаснай вёскі – дачыненні мышаня з тэлевізарам ці халадзільнікам). Зрэшты, тэхнічныя аб’екты, ровар, бізнэс і казіно, макіяж і фарбаванне мышынай поўсці насамрэч толькі фон для больш істотных момантаў.
Мышка Пік-Пік жыве побач з сям’ёй, дзе ёсць Мама, Тата і двое дзяцей, Вераніка і Максім (дзеці, дарэчы, цёзкі дзяцей Людмілы Рублеўскай, што наводзіць на думку пра самую надзейную апрабацыю твора – ва ўласнай сям’і). Мышаня дзівіцца відавочным рэчам, мышаня палохаецца нястрашнага, мышаня спрабуе дзейнічаць, але не засмучаецца, калі не атрымліваецца. І малы слухач ці чытач (а кніга разлічана на малодшы школьны ўзрост) праз увесь час пачуваецца ўпэўнена і на вышыні: гаворка ідзе пра вядомае і зразумелае, сюжэты казак то будуюцца без сюрпрызаў, калі чытач папярэджаны пра тое, што мышка насамрэч не атруцілася, то наструньваюцца небяспекай, калі мышаня ледзь не згубілася ці калі за ім ганяецца навуковец-біёлаг. Мышаня выяўляе тую наіўную хітрасць, якую дарослыя называюць дзіцячай.
Кніга складаецца з кароткіх казак (нібыта для чытання штодня перад сном), кожная з якіх пры патрэбе паддаецца пераробцы пад рэаліі іншай сям’і: дастаткова памяняць імёны, а ўсё астатняе здараецца ў кожным доме – пошукі каштанаў, паходы ў тэатр, дні нараджэння…
Аксана Бязлепкіна