Гадоў сорак таму паэт Леанід Галубовіч напісаў:
Шукаю чытача —
Хаўрусніка душы…
Не ведаю, ці знайшоў спадар Леанід “хаўрусніка душы”, а вось Алесь Бадак ужо мае “Ідэальнага чытача”. І той, хто набудзе яго кнігу “Ідэальны чытач”, даведаецца, хто ж можа быць такім чытачом.
У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, пераважная большасць з якіх у розныя гады друкавалася на старонках не толькі айчынных, але і замежных перыядычных выданняў. Творы Алеся Бадака прыцягваюць да сябе ўвагу як цікавымі сюжэтамі, так і своеасаблівым аўтарскім стылем. Яны адрасаваны не толькі моладзі, як аповесць “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”, але і сталым чытачам, якіх асабліва зацікавіць такі твор, як «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын».
Апошні раздзел кнігі складаюць «Запіскі на хаду» — эсэ, прысвечаныя актуальным пытанням літаратурнага жыцця, а таксама той пары, калі аўтар пачынаў свой шлях у літаратуру.
26 мая ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Алеся Бадака «Ідэальны чытач», якая нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
На прэзентацыі выступіў дырэктар выдавецкага дома “Звязда”, пісьменнік Алесь Карлюкевіч, рэдактар кнігі Наталля Шчарбакова, дырэктар “Акадэмкнігі” Вольга Глухоўская, паэт Віктар Шніп і іншыя. Алесь Бадак расказаў пра працу над творамі, якія ўвайшлі ў кнігу, і адказаў на пытанні прысутных.
Усе, хто прыйшоў у кнігарню, маглі набыць навінку і атрымаць аўтографы.
Між іншым, менавіта ў «Акадэмкнізе» шырока разгорнуты гандаль кнігамі з аўтографамі, у тым ліку, тымі, што пабачылі свет у выдапвецтве "Мастацкая літаратура". Пасля прэзентацыі для будучых пакупнікоў Алесь Бадак і Віктар Шніп пакінулі на сваіх кнігах аўтографы, якія можна набыць у любы дзень, наведаўшы кнігарню.