Максім Багдановіч. Серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».
«Абодва паэты нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчу, а «ваш Лесавік»... Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашай мініяцюрнай часопісі замест іх твораў займаецца месца пад вершы Багдановіча».
Праўда, нечакана гучыць урывак з успамінаў Вацлава Ластоўскага, колішняга сакратара «Нашай Нівы»? Падобных фрагментаў — сотні ў гэтай унікальнай кнізе. Жыццяпіс самага рамантычнага беларускага паэта выкананы ў жанры «дакументальнай мазаікі» — сотні сведчанняў, якія датычацца яго жыцця ад нараджэння да заўчаснай смерці, узятыя з сотні крыніц. Цытаты з лістоў, успамінаў, мемуараў, навуковых даследаванняў і архіўных дакументаў выбудаваны складальнікам, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхалам Бараноўскім так, што ствараецца яркая і максімальна праўдападобная карціна. Тым больш што сведкі, як і належыць, супярэчаць адзін аднаму, блытаюцца — і гэта вельмі цікава знаходзіць і параўноўваць... Брат паэта неяк заявіў іх бацьку, Адаму Ягоравічу, што Максіма ніхто не разумеў, нават блізкія, і ўспаміны пра яго будуць няпэўнымі. А вось такі мазаічны падыход робіць постаць паэта аб'ёмнай... Можна рэканструяваць, як даводзілася Максіму цярпець нападкі і за тое, што «займае месца ў адзінай часопісі», і за тое, што піша на «мужыцкім дыялекце». І нават за паэтычнае майстэрства. Напрыклад, нейкі Мікалай Агурцоў (вельмі не хапае ў зборніку пераліку аўтараў цытат з біяграфічнымі звесткамі!), атрымаўшы ад Максіма ў падарунак «очень плохо изданную книжечку... стихов на белорусском языке («Вянок»)», папытаўся, чаму той, «народны паэт», напоўніў кніжачку «сонетами, рондо, триолетами и прочими чуждыми народу формами» ды яшчэ эпіграфамі на еўрапейскіх мовах. Адказ Максіма Багдановіча заслугоўвае цытавання цалкам:
«За белорусским языком не хотят признать самостоятельности и самобытности. Не хотят допустить и мысли, что на этом языке можно выразить все движения человеческой души и дать любую литературную форму. Я своей книжечкой хотел показать, что всё это возможно. А для этого нужно было белорусский язык поставить рядом с европейскими языками».
Людміла Рублеўская
Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду.
Беларуская прырода ва ўсе часы натхняла пісьменнікаў на стварэнне адметных мастацкіх твораў. У гэтым пераконвае і зборнік «Лясная гісторыя», у які ўвайшлі 25 апавяданняў вядомых айчынных празаікаў: Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Міхася Стральцова, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Сіпакова і іншых майстроў слова.
Дзмітрый Пятровіч. Джэк. Аповесці, апавяданні, эсэ.
У зборнік увайшлі лепшыя празаічныя творы беларускага пісьменніка Дзмітрыя Пятровіча (1971 – 2020).
Дзмітрый Пятровіч нарадзіўся 29 красавіка 1971 г. у г. Заслаўе Мінскай вобласці. Скончыў музычна-педагагічны факультэт, факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэтаімя М. Танка, потым магістратуру. Шматгадоў настаўнічаў. Працаваў у газеце «Звязда» і выдавецтве «Мастацкая літаратура».
У 2010 г. убачыў свет зборнік паэзіі «Белая квецень кахання», праз два гады – кніга прозы «Белая Жанчына», адзначаная Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон» (2-е месца на конкурсе «Лепшы твор 2012 года»), у 2013 г. – другое, дапоўненае выданне гэтага зборніка. Зборнік вершаў «Адзіноты пажоўклыя дні» выйшаў у 2014г., кніга прозы «Анёлы» – у 2015 г. Аўтар больш за 100 песень на словы сучасных беларускіх паэтаў (у тым ліку на свае вершы).
Васіль Вітка. Шчыгол-флейтыст. Вершы. Серыя «Жывая класіка дзецям».
Першы зборнік вершаў Васіля Віткі выйшаў у Маскве ў 1944 годзе. Называўся ён «Гартаванне». Затым былі кнігі паэзіі «Поўдзень», «Вернасць», «Ружа і штык», «Паверка», «Беларуская калыханка», «Праводзіны лета» і іншыя. Ну і, вядома ж, шматлікія кнігі для дзяцей: «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», «Дударык», «Азбука Васі Вясёлкіна», «Хто памагае сонцу», «Мы будуем метро», «Мінскія балады», «Казкі і краскі»…
У 1972 годзе за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка» Васілю Вітку была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. А яшчэ паэт быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Андэрсена і занесены ў спіс вялікага дацкага казачніка – спіс, які ўключае лепшых казачнікаў усіх краін і народаў. І ўсё ж, несумненна, самай вялікай узнагародай для яго была любоў і захапленне яго творчасцю юных чытачоў, якія яго лічылі «сваім» – чалавекам, якому верыш, якому давяраеш, з якім цікава і весела.
Дзіцячы атлас Беларусі. Звяры.
Вы ведалі, які самы буйны звер Беларусі, а які самы маленькі? На колькі метраў можа скочыць рысь падчас атакі і якой даўжыні рыюць норы бабры? Разам з дзіцем вы можаце пра ўсё гэта (і яшчэ шмат чаго іншага) даведацца, а заадно яшчэ больш спазнаць родную зямлю. Выдатная серыя беларускіх дзіцячых атласаў працягваецца… У ранейшых выпусках распавядалася пра выдатных людзей нашай гісторыі, пра замкі і помнікі, легенды і паданні, а таксама птушак, якія ў нас жывуць. Цяпер прыйшоў час пазнаёміцца са светам звяроў. Дзякуючы складальніцы Паліне Грынчанцы ў кнізе сабрана шмат захапляльных фактаў — і не толькі пра звяроў Беларусі. Паколькі гэта атлас, чытачу прапануецца азнаё- міцца з жывёльным светам у звязцы з картамі, ад вобласці да вобласці, а таксама, дзякуючы слоўнічкам, папоўніць свае веды спецыяльнымі тэрмінамі, такімі як «інтрадуцэнт» і «лёхі». Многія чулі пра каня Пржавальскага, адкрытага падарожнікам беларускага паходжання ў далёкіх стэпах... А вось з 2007 года гэты конь родам з Кітая і Манголіі пасяліўся ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
«Былыя ворныя землі ў запаведніку ператварыліся ў лугі, дзе коні пасвяцца круглы год. Узімку жывёлы наведваюць закінутыя вёскі, сілкуюцца яблыкамі і грушамі здзічэлых пладовых дрэў. Ядуць таксама галінкі і парасткі маладых бярозак, хвоі, кустоў. На адпачынак уладкоўваюцца ў пустых камяніцах кароўнікаў, свінакомплексаў. Пасвяцца і робяць пераходы звычайна ўначы; удзень адпачываюць на ўзвы-шэнні для лепшага агляду наваколля. На час сну коні збіраюцца ў кола галовамі ўсярэдзіну, унутр змяшчаюць жарабят».
Ці не праўда, з гэтага апісання атрымалася б яскравая дэталь для мастацкага твора пра сучасную Беларусь?
На ілюстрацыях можна ўбачыць, і як начуюць кажаны, і як уладкавана бабровая хатка, а ў канцы — забавіць маленькага чытача беларускімі загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі пра жывёл. Раю ўсім, у каго ў доме ёсць дзеці, збіраць поўную серыю гэтых атласаў.
Людміла Рублеўская