2 лютага адбылося пасяджэнне рэдакцыйнай калегіі часопіса “Полымя”. Пра працу рэдакцыі і планы на 2022 год распавёў галоўны рэдактар часопіса Віктар Шніп.
Былі вырашаны арганізацыйныя пытанні: старшынёй рэдкалегіі абраны доктар філалагічных навук, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка, у склад рэдкалегіі ўведзена доктар філалагічных навук, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Наталля Якавенка.
У сваіх выступленях члены рэдкалегіі, у прыватнасці, сказалі:
Віктар Праўдзін прапанаваў заснаваць штогадовы конкурс “Лепшы твор года, які надрукаваны ў часопісе” , увесці рубрыку “Першая публікацыя”. Звярнуў увагу, што не стае грунтоўнай крытыкі сучаснай літаратуры.
Віктар Іўчанкаў падкрэсліў, што часопіс нарошчвае публіцыстычны, літаратурны, інтэлектуальны і навукова-даследчы патэнцыял. Той факт, што часопіс уваходзіць у пералік выданняў ВАК Беларусі, надае яму асаблівы статус, садзейнічае актыўнаму пранікненню ў аўдыторыю навуковай грамадскасці. Выказаў спадзяванне, што аўтары навуковых публікацый пасадзейнічаюць вядомасці часопіса.
Зіновій Прыгодзіч сказаў, што часопіс адлюстроўвае сучасны стан літаратуры. Выказаў пажаданне, каб Інстытут літаратаруразнаўства НАН Беларусі актыўней супрацоўнічаў з часопісам у асвятленні здабыткаў сучаснай літаратуры. Адзначыў публікацыі А. Марціновіча і Э.Іофе. Прапанаваў завесці рубрыку “Гістарычная памяць”.
Навум Гальпяровіч заўважыў, што склад рэдакцыі часопіса зусім невялікі, але якасны, таму яму па сілах трымаць узровень часопіса, хоць гэта і не проста. Прапанаваў у рубрыцы “Гістарычная памяць” таксама даваць матэрыялы пра пісьменнікаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у беларускую культуру і нядаўна адышлі ў лепшы свет. Адзначыў, што дзённікі і ўспаміны заўсёды чытаюцца з цікавасцю.
Валерый Максімовіч напомніў, што гэты год – год юбілеяў нашых класікаў. Супрацоўнікі інстытута філасофіі гатовыя падключыцца да асвятлення юбілейных дат і напісання грунтоўных артыкулаў пра сучасны стан літаратуры праз прызму філасофіі.
Наталля Якавенка адзначыла, што вельмі добра тое, што часопіс ВАКаўскі і гэта асабліва прыцягвае да яго навуковую грамадскасць і пажадала яму заставацца такім і далей. Абяцала паспрыяць з’яўленню грунтоўных артыкулаў па сучаснай прозе і паэзіі.
Уладзімір Андрыевіч параіў больш супрацоўнічаць з рэгіёнамі, філфакамі ўніверсітэтаў, з моладдзю. Трэба сустракацца з той часткай грамадства, якая не толькі цікавіцца літаратурай, а мае аўтарытэт сярод усіх слаёў нашага грамадства .
Алесь Бадак сказаў, што не верыць, што тыражы часопісаў падняць нельга, бо ў беларускай літаратуры чытач ёсць. Сведчанне гэтаму - кніга выбранага Максіма Багдановіча (рабілі дадатковы тыраж). У серыі ЖЗЛБ кніга пра Максіма Багдановіча – лідар продажу. Нельга сказаць, што ў нас і крытыкі няма, але яе нельга параўнаць з крытыкай 20 стагоддзя. Думка маладых зараз фарміруецца праз сайты і гэта трэба скарыстоўваць. Добра б правесці круглы стол у Акадэміі навук і пагаварыць пра літаратуру, запрасіць філфак, журфак.
Праца рэдакцыі часопіса “Полымя” была ацэнена станоўча.