У Ракуцёўшчыне, у сядзібе шляхціца Вацлава Лычкоўскага, летам 1911 года два месяцы жыў, слухаў жывую беларускую мову і тварыў Максім Багдановіч. Пра ракуцёўчынскі перыяд у жыцці паэта грамадскасць нашай краіны даведалася, дзякуючы маладзечанскаму гісторыку і краязнаўцу Генадзю Каханоўскаму.
Першае свята паэзіі, прысвечанае Максіму Багдановічу, прайшло ў Ракуцёўшчыне ў 1983 годзе.
Сёлета 30 ліпеня на свяце паэзіі “Ракуцёўскае лета” было, як ніколі, шматлюдна. Гэтаму спрыяла і надвор’е, і нязменная любоў да паэззі Максіма. Дырэктар Музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, вітаючы гасцей свята, паведаміў, што ў мінулым годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў абноўленай серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выйшла кніга пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча. Гэтая кніга з’яляецца прэтэндэнтам на Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. Намеснік дырэктара “Мастацкая літаратура”-галоўны рэдактар часопіса “Полымя” ў сваім выступленні нагадаў, што новая выдавецкая серыя “Народная бібліятэка”, якая карыстаецца добрым чытацкім попытам, пачалася з выдання тома вершаў Максіма Багдановіча.
Амаль тры гадзіны са сцэны гучалі вершы і песні. Госці свята паэзіі мелі магчымасць паслухаць паэтаў: Міхася Пазнякова, Навума Гальпяровіча, Тамару Кавальчук, Алену Басікірскую, Таццяну Атрошанка, Алу Клемянок, Тамару Бярэзіну, Тамару Аўсянікаву. Хораша чыталі вершы Максіма Багдановіча Вольга Багушынская і Роберт Багушынскі. Радавалі душу і сэрца песні ў выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Крынічанька”, народнага ансамбля народнай музыкі “Сакавінка”, артысты Хохлаўскага СДК, салісты Палаца культуры Маладзечна. У “Доме гаспадара” былі паказы спектакляў беларускага старажытнага лялечнага тэатра “Батлейка”. І яшчэ шмат усяго цікавага і карыснага можна было пачуць і пабачыць на свяце паэззі “Ракуцёўскае лета”, якое завяршылася песняй Алега Елісеенкава на словы Алеся Бадака “Добрыя людзі”.