12 кастрычніка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя часопіса “Маладосць”. Вечарына стала своеасаблівым падсумаваннем працы рэдакцыі за апошні час. Былі прадстаўлены новыя рубрыкі: “(Аб)меркаванне”, “Як я пішу…”, “Люстэрка лёсу” і інш. Адбылося знаёмства аўтараў і чытачоў.
Тэматычна мерапрыемства было падзелена на тры блокі: “Дэбют “Маладосці”, “Сталыя сябры часопіса”, “Нашы будучыя аўтары”.
Марыя Шкляр, Вікторыя Жытнік, Андрэй Кімбар, Марына Варабей прэзентавалі свае вершы. Празаічныя ўрыўкі, мініяцюры чыталі Яна Цэгла, Іван Мелаў, Юлія Макарэвіч.
Празаік, паэтэса, мастачка, заснавальніца літаратурна-музычнага праекту “Сябрына”, галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Таццяна Каленік распавяла пра плён сваёй творчай дзейнасці, прадэманстравала аформленыя ўласнаруч кнігі.
Празаік, дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая расказала аб досведзе свайго ўдзелу ў анкетах і апытанках “Маладосці”, пажадала плёну маладым майстрам слова.
Аб перакладчыцкім гуртку пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, яго супрацоўніцтве з часопісам распавяла студэнтка Паўліна Архангельская.
Асабліва запомніліся гледачам выступы паэта Руслана Юсупава (Кропачкі) і паэтэсы, культуролага, графічнага дызайнера Алены Свечнікавай. Яны, апроч іншага, прэзентавалі песні на ўласныя творы.
Будучы аўтар “Маладосці”, вершы якога можна будзе пабачыць у лістападаўскім нумары часопіса, – першакуснік Алесь Гоман, здзівіў прысутных глыбінёй думак, філасафічнасцю, выверанасцю формы ўласных вершаў.
Вечарына “Маладосці” атрымалася насычанай і яркай. Хапала сапраўдных эмоцый, хвалявання пачынаючых аўтараў, але і дзёрзскасці, правакатыўнасці, маладога запалу. Дырэктар музею Максіма Багдановіча Алесь Бараноўскі выказаў спадзяванне, што падобных творчыя сустрэчы-прэзентацыі стануць традыцыйнымі.