У Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча таленавітых землякоў – пісьменнікаў з моладдзю. Удзел прынялі: галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Вольга Рацэвіч, вядомы беларускі празаік-фантаст Алесь Бычкоўскі, пісьменніца, мастак Таццяна Каленік, а таксама настаўнікі ды старшакласнікі гімназіі горада Беразіно. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня роднай мовы і 70-годдзя часопіса “Маладосць”.
Вольга Рацэвіч распавяла пра гісторыю часопіса ды запрасіла таленавітых, адданых роднаму слову юнакоў і дзяўчат дасылаць свае творы ў рэдакцыю. Алесь Бычкоўскі пачытаў дзецям уласныя байкі і некалькі казак. А Таццяна Каленік згадвала пра сваё дзяцінства, знаёміла прысутных са шматлікімі ўласнымі кніжнымі праектамі ды працамі з прататыпамі і выявамі землякоў.
Горад, у якім прайшло дзяцінства, цёплая атмасфера сустрэчы, шыкоўныя залы адрамантаванай бібліятэкі, шчырасць яе супрацоўнікаў ды зацікаўленыя слухачы абудзілі моцныя пачуцці ў выступоўцаў. І дзеці, і настаўнікі актыўна задавалі пытанні, а пісьменнікі з ахвотаю на іх адказвалі. Мова гучала! І дзень дапраўды стаўся святочным!