У снежні мінулага года часопіс “Полымя” адзначыў сваё 100-годдзе. Адным з першых супрацоўнікаў і актыўных аўтараў часопіса быў паэт Паўлюк Трус (1904—1929), які нарадзіўся ў в. Нізок Уздзенскага раёна і чыё імя ў 1960 г. было прысвоена раённай бібліятэцы. З таго часу і ўшаноўваецца памяць паэта-земляка на яго радзіме.
11 мая на базе гэтай бібліятэкі ў рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” адбылося літаратурна-музычнае свята “У вянок Песняру”, прымеркаванае да дня нараджэння П. Труса . Арганізатарамі мерапрыемства, апроч самой бібліятэкі, таксама выступілі Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, выдавецтва “Мастацкая літаратура” і часопіс “Полымя”.
У свяце прыняў удзел намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”-галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп, які ў сваім выступленні ў прыватнасці распавёў пра сённяшнію працу выдавецтва і часопіса, а таксама падзяліўся іх планамі на бліжэйшы час.