Інтэрв'ю з Тяццянай Пташнікавай

Івана Пташнікава яшчэ пры жыцці ахрысцілі класікам. Вядомы пісьменнік здаваўся грамадскасці чалавекам суровым і патрабавальным. Тэксты ж яго, напоўненыя глыбокім унутраным драматызмам, прымушалі суперажываць і спачуваць — эмоцыі таксама не самыя простыя для ўспрымання. Кім насамрэч быў Іван Мікалаевіч? І з якімі цяжкасцямі ён сутыкаўся на творчым шляху, які з боку можа падацца бесклапотным? Пра свайго бацьку нам распавяла Таццяна Пташнікава — дачка пісьменніка. Распавяла як памятала. Не прэтэндуючы на аб’ектыўнасць, не ўзносячы на п’едэстал, не хаваючыся ў крыўды мінулага. Шчыра падзялілася тым, якім Іван Мікалаевіч быў татам, мужам і творцам. Размова пра тых, каго ўжо няма з намі, часта атрымліваецца сумнай і тужлівай. Таму што нічога ўжо не змяніць і не выправіць. Аднак у кранальных гісторыях мінулага застаецца адзін светлы прамень — памяць. Памяць, якая сілкуецца любоўю.

 

— Быць дачкой таленавітага чалавека — гэта, напэўна, цяжкі груз? Ці адчувалі вы ў сабе жаданне апраўдаць бачныя і нябачныя чаканні бацькі адносна вашай будучыні?

— Думаю, тата заўсёды чагосьці чакаў. Ніколі не патрабаваў прама, нават не намякаў, але я адчувала адказнасць... Нас жа двое ў сям’і, і старэйшаму брату дасталася больш. Хлопчык, першынец — ад яго патрабавалі працягу сямейнай традыцыі, хацелі вырасціць журналіста. Не атрымалася. Яго цягнула да дакладных навук, і ў выніку ён атрымаў адукацыю радыёінжынера. Разуменне, што надзеі не апраўдаліся, прынесла бацьку расчараванне, і для мяне жорсткія рамкі ўжо не ставіліся. Неяк само сабой атрымалася, што мне лёгка даваліся гуманітарныя дысцыпліны. Я добра ведала мовы, выдатна пісала сачыненні. І ўсё ж у журналістыку не пайшла. Выбрала філалагічнае аддзяленне БДУ.

 

— Іван Мікалаевіч не засмуціўся з-за таго, што вы выбралі рускае аддзяленне?

— Ён не пярэчыў. У нашай сям’і не было культу і абавязковасці беларускай мовы. Тата меў магутную культуралагічную адукацыю, шырокі кругагляд. Ён доб-ра ведаў замежную і рускую літаратуры. Усведамляў, што ў той час у рускамоўным полі было больш магчымасцей. Цяпер я разумею, што, хутчэй за ўсё, у сям’і ўсе гаварылі на рускай з-за маці. Яна нарадзілася ў расійскай глыбінцы, вышэйшую адукацыю атрымала ў Маскве. Так і не змагла ў поўнай меры засвоіць беларускую мову, і ў сям’і камунікацыя неяк сама сабой усталявалася па-руску. Тата наогул быў вельмі прынцыповым у многіх прафесійных пытаннях, але лаяльны ў адносінах да блізкіх людзей.

 

— Як склалася ваша жыццё пасля заканчэння ўніверсітэта?

— Я некаторы час папрацавала ў школе, аднак хутка зразумела, што не вельмі хачу займацца дакументацыяй у большай ступені, чым выкладаннем самога прадмета. Да таго ж мне падабалася пагружэнне ў даследчы працэс. Вырашыла працягнуць навучанне і паступіла ў аспірантуру на родны філфак. Але скончыць яго з гатовай дысертацыяй мне не давялося: на маім апошнім курсе ў маці знайшлі пухліну галаўнога мозга. Я цалкам прысвяціла сябе клопату пра яе: штодня ездзіла да мамы ў бальніцу, спала там жа на раскладанцы, даглядала за ёй. А потым, пасля аперацыі, калі медыцына ўжо нічым не магла дапамагчы, я да самага апошняга моманту глядзела маму дома. Мне было 24 гады, і гэты перыяд стаў пераломным у жыцці: я хутка пасталела. Пасля аспірантуры выйшла замуж, нарадзіла дачку... Муж не падтрымліваў маё жаданне займацца навукай, хацеў, каб я пайшла ў бізнес-сферу. Можа, зараз і шкадую. У філалогіі адчувала сябе як рыба ў вадзе, бо гэта мая сцежка. Зрэшты, у бізнесе я таксама дамаглася некаторых поспехаў, стала дырэктаркай камерцыйнай фірмы. А потым лёс паўтарыўся. Толькі захварэў ужо тата — у 2005 годзе ў яго здарыўся абшырны інсульт. Я не ведала, ці ачуняе ён і  наколькі. Ён быў практычна ляжачы, і я мала чым магла дапамагчы. Так, у клопаце пра свайго бацьку, і правя-ла 11 гадоў.

 

— У чым вы знайшлі сябе пасля? Вярнуліся да філалогіі? 

— У пэўным сэнсе я пачала ўсё спачатку. Працавала ва ўстановах адукацыі, зараз пераходжу ў прыватную ВНУ. Можна сказаць, што я нарэшце вярнулася ў тую сферу, якая прыносіць мне задавальненне.

 

— Атрымліваецца, ніхто ў поўнай меры не працягнуў справу жыцця Івана Мікалаевіча? 

— Пісьменнікам і журналістам ніхто з яго дзяцей і ўнукаў не стаў. Тата прымаў рашэнні сваіх дзяцей, не прымушаў ісці па пратаптаных сцежках, мы выбіралі свой шлях, і ён нас у гэтым падтрымліваў. У майго брата два сыны, ніяк не літаратурныя дзеячы, а мая дачка Ганна ўсё ж атрымала ў спадчыну гуманітарныя здольнасці і пісьменніцкія гены. Яна добра ведае тры замежныя мовы: англійскую, нямецкую, французскую — дзве апошнія вывучыла самастойна. Стала лагістам-эканамістам ды публікуецца ў расійскім галіновым часопісе. У дзяцінстве яна пісала вершы.

 

— Ваш бацька казаў: «Чытай — у маіх кнігах усё напісана...» Ці знаходзілі вы ў яго творах свой прататып або прататып кагосьці з вашай сям’і? Хацелі б стаць гераіняй?

— Калі тата пісаў галоўныя творы свайго жыцця, мы з братам былі занадта малыя. Аднак я з упэўненасцю магу ска-заць, што нашы паўнавартасныя прататыпы ён не ствараў. Прыкмячаў рысы характару, маленькія звычкі, нейкія рэакцыі, логіку паводзін. Але героі былі яго, хай і знаходзіла я ў некаторых з іх свае адгалоскі. Я не марыла, каб мой вобраз неяк захаваўся ў гісторыі. Татава творчасць была сакрэтам, у які нас не пасвячалі. Гэта быў зусім закрыты свет, як унутрана, так і вонкава. У асноўным ён пісаў ноччу. Мы бачылі светлую шчыліну пад дзвярыма і разумелі: тата працуе. Яшчэ памятаю, што ён радаваўся, калі мы з братам уцякалі на вуліцу гуляць. Гэта азначала спакой, творчы адпачынак.

 

— Іван Пташнікаў знайшоў каханне ў часопісе «Полымя»… Бацькі распавядалі вам пра сустрэчу?

— Мама сама з Расіі, скончыла Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут, а пасля яе размеркавалі ў Мінск. Яна працавала ў Галоўным архіўным упраўленні пры Саўміне. Аднойчы яе з праверкай накіравалі ў «Полымя», дзе яны і пазнаёміліся. Іван Мікалаевіч быў запальным і раўнівым, а Валянціна Іванаўна вельмі прыгожай і яркай. У яе былі ці то казахскія, ці то башкірскія карані, крыху раскосыя вочы і прозвішча Жэнбаева. Тата ласкава называў яе Жэнбайкай.

Маці падабалася мужчынам. Аднойчы вядомы беларускі мастак прапанаваў намаляваць яе партрэт, і рэакцыя бацькі была катэгарычная. «Вы з ім удваіх?» — ён вельмі абурыўся такой перспектывай і яе магчымымі наступствамі, таму што вельмі баяўся маму страціць і паважаў яе моцна. Але маці іншы раз таксама даставалася з-за суровага і часам нават жорсткага характару мужа. У яго было гарачае, поўнае пачуццяў сэрца...

З узростам бацька стаў мякчэйшым, яны з маці яшчэ больш зблізіліся. Ён амаль не ездзіў у камандзіроўкі за мяжу, бо не хацеў пакідаць яе ў адзіноце, асабліва з маленькімі дзецьмі. Калі мы ўжо падраслі і хто-небудзь з іх мог паехаць, напрыклад, у санаторый ці ў камандзіроўку, яны абавязкова перапісваліся. Бацька пісаў ёй лісты, але больш не рамантычныя, а бытавыя. У іх была моцная сувязь, якая для мяне стала прыкладам. Мама была яго дарадцам, самым першым чытачом, сябрам, надзейным тылам і, вядома, каханай жанчынай. Памятаю, тата даў маме званне «самага разважлівага» чалавека. Ён пісаў ёй цудоўныя вершы, нават пасля яе смерці. Гэтыя радкі з’явіліся за два дні да мамінага скону:

 

Ресницы темные в слезах.
Взгляд, как и прежде, милый.
Куда зовут твои глаза?
Они зовут в могилу…

9 сентября 1995 г.

 

А вось напісаны пасля яе сыходу:

 

…З зямлі сырой, з зямлі замёрзлай
Ты віншаванне мне прышлі…
І пажадай, каб дзень апошні
Сустрэў я мужна на зямлі…

31 снежня 1996 г.

 

Гэтыя вершы нідзе не былі апублікаваныя, бо так шмат у іх асабістага, хваравітага…

 

— Бацька казаў вам словы любові або паказваў сваё стаўленне дзеяннямі?

 — Тата быў досыць сур’ёзны чалавек і вельмі не любіў «сюсюканняў» і «мілашастваў». Ён быў стрыманым ва ўсім, што рабіў. Не пераносіў мяшчанства і пошласці. Напрыклад, асабліва раздражняла яго рускае слова «кушать». Заўсёды казаў «ідзіце есці». А любоў у яго выяўлялася ўчынкамі, эмоцыямі... Ён не чытаў натацый. На наша непаслушэнства рэагаваў бурна, аднак што менавіта выклікала незадаволенасць, не вельмі дакладна, як мне здавалася, мог выказаць.

— Растлумач мне! — патрабавала я.

— А ты што, сама не разумееш? — яшчэ больш выбуханебяспечным станавіўся ён.

Паміж намі амаль 40 гадоў розніцы. Ён чакаў, што мы з братам будзем разумнымі і кемлівымі адпачатку. Менавіта таму ў нас мала было нейкіх філасофскіх размоў, павучанняў... Да ўсяго павінны былі дайсці самі. Словы любові і пяшчоты нам казала маці. Я ні разу ў жыцці не чула, каб яна павышала голас. І ўсе татавы воплескі ўмела пагасіць сваёй мяккасцю, дабрынёй, лагоднасцю.

Тата любіў даваць нам цікавыя мянушкі. Мама часам з Жэнбайкі ператварылася ў Мэм, на амерыканскі лад, а мяне маленькай тата называў Хабіба (у перакла-дзе з арабскага «любімая»). Ён любіў такія незвычайныя словы, якія яму падабалася прамаўляць — захапляла іх гучанне,— і рабіў гэта з задавальненнем, з характэрным усходнім акцэнтам, абсалютна не звяртаючы ўвагі на маю незадаволенасць і пратэст. У гэты момант у яго ўсмешцы і прыжмурванні праскоквала хітрынка, як быццам ён мяне дражніў. Мне Хабіба здавалася немілагучнай, але бацька выбраў для сябе такі спосаб выказаць свае пачуцці.

 

— Вы з вялікай павагай гаворыце пра сваю сям’ю... Заўсёды так было ці прыйшло з узростам? 

— Гэтаму мяне з маленства навучылі бацькі. А дакладней, іх асабісты прыклад стаўлення да ўласных бацькоў і адзін да аднаго. У татавай сям’і бацькоў называлі толькі на «Вы». І для мяне ён быў не толькі любімым татам, але і бе-зумоўным аўтарытэтам. Я не адважвалася агрызацца, лаяцца, грубіяніць, мне такое нават у галаву не прыходзіла — гэта была абсалютная павага. Што б ні рабілі бацькі, ці мелі яны рацыю, ці не — я гэта прымала. Не заўсёды згаджалася, магла паспрачацца, але пасля прымала цалкам.

 

— Знаёмства таты з кавалерамі дачкі — гэта заўсёды пацешна і цікава. Ці засцерагаў ён вас ад «няўдалага выбару»? Даваў парады наконт адносін з людзьмі?

— Мне ніколі не забаранялі ні з кім мець зносіны — сяброўства гэта было або рамантычная зацікаўленасць. Не было такога, каб мы садзіліся за стол усёй сям’ёй і рабілі этычны разбор кандыдата на маё сэрца. Яны прымалі мой выбар, паважалі маю здольнасць яго здзейсніць. Маці магла спытаць нешта, але вельмі ненадакучліва і мякка. Напэўна, дзякуючы гэтаму я і абрала ў выніку чалавека, які мне падышоў. Вонкава муж — поўная супрацьлегласць бацькі, аднак таксама мае ўнутраны стрыжань, гарачнасць, перакананасць ва ўласных сілах, упартасць. Нават яго наравістасць і запальнасць — усё гэта значныя,  вельмі знаёмыя праз бацьку для мяне рысы. Я зусім не шукала творчую асобу або паэта. У нас, хутчэй, спрацаваў троп «паненка і хуліган». І чаму я дакладна навучылася ў сваіх бацькоў, дык гэта таму, што вы з каханым чалавекам павінны ўраўнаважваць адзін аднаго. Павага і каханне — вось і ўвесь сакрэт.

 

— Вы сутыкаліся з прадузятым стаўленнем да сябе з-за вядомага проз-вішча? 

— У вочы мне амаль нічога не казалі, можа, часам намякалі. Я вучылася добра, выкладчыкі і студэнты ведалі, чаго я вартая. Памятаю, рэцэнзент маёй дыпломнай працы на ўсю аўдыторыю заўважыла: «А Пташнікава магла б вучыцца ў заходнім універсітэце і выдатна сябе там адчуваць». Гэта было прыемна. Не буду хітраваць, магчыма, дзесьці стаўленне да мяне і было больш лаяльным, дзякуючы крэдыту даверу з-за татавага аўтарытэту. Аднак і чаканні ад мяне таксама былі вялікія. Зрэшты, я жыла ў сваім рэчышчы, рабіла тое, што лічыла патрэбным, і не збіралася падладжвацца ні пад чые ча-канні.

 

— Іван Мікалаевіч распавядаў пра новых таленавітых аўтараў? Можа, даваў парады, чые творы варта пачытаць, на каго трэба звярнуць увагу?

— Не, ён нічога не раіў. Мы з ім мала абмяркоўвалі літаратурны працэс. Падчас напісання курсавых работ, дыплома перыядычна пыталася параду, аднак тата мала чым мог дапамагчы. Я даследавала не класіку — яго захапленне і любоў,— а постмадэрнізм. Не ў якасці пратэсту, як можна было падумаць. Мяне прыцягвала незвычайнасць і навізна гэтай з’явы. Бацька ж не ведаў гэтых павеваў, мог падказаць толькі з пункту гледжання свайго жыццёвага і рэдактарскага вопыту.

Памятаю момант, калі мяне ўразіла яго здольнасць аддзяляць добрае ад пасрэднага. Мы ўсёй сям’ёй адпачывалі ў Доме творчасці, куды прыязджалі пісьменнікі, паэты і журналісты з усяго СССР. Адна журналістка прывезла з сабой артыкул, дала бацьку яго прачытаць, каб пачуць параду. Я таксама захацела азнаёміцца і моцна ўразілася тым тэкстам. Пра што — дакладна не памятаю, але нешта вострае, яркае і выбуховае. Я была ў захапленні. Мне здавалася, што гэта вяршыня журналісцкіх здольнасцей, а тата кінуў адну фразу «не прафесійна» — і свет мой пахіснуўся. Гэтая кароткая рэцэнзія ўразіла мяне. З часам прыйшло ўсведамленне: бацька меў рацыю, дзякуючы ўзросту і вопыту ён адразу бачыў, што пустое, а што вартае ўвагі. Гэты выпадак прымусіў шанаваць яго досвед яшчэ больш.

 

— Вы шмат гадоў клапаціліся пра тату. Не ўзнікала жадання збегчы, каб не бачыць пакуты блізкага чалавека?

— Я ўсё жыццё пражыла з бацькамі. І тату пакідаць ніколі не хацела. Разумела, што ён застаўся абсалютна адзін. Мама памерла, яго звольнілі з «Полымя», дзе ён прапрацаваў 33 гады. Ён застаўся незапатрабаваным, і гэта моцна параніла яго. Я неяк адразу прыняла і ўсвядоміла, што буду даглядаць тату. У яго былі я, мой муж, маленькая ўнучка, з якой можна было няньчыцца. Гэта прыўносіла трохі радасці, шчасця, святла ў яго жыццё... І засталася, вядома, яго творчасць, якая вылівалася ў асноўным у малыя формы, — канцэнтраваная праява яго таленту. Як я магла аддзяліцца? Я была да яго глыбока прывязана, не дапускала ніводнай думкі пра тое, што бацька можа быць цяжарам, што трэба кудысьці яго здаваць.

 

— Ці было нешта, чаму вы навучыліся ад яго ў гэты перыяд?

— Лепш за ўсё я памятаю апошнія гады — 11 гадоў яго немачы. Ён жа быў ганарлівым, незалежным чалавекам. І тут — хвароба, якая абмежавала практычна ўсе яго магчымасці, разбурыла творчыя планы. І ўсё ж ён стаў для мяне прыкладам. Ён прагнуў жыць, змагаўся. Пастаянна зай-маўся, выконваў практыкаванні, зарадкі, усё, што раілі лекары. Рукі ў яго былі вельмі моцныя, і ён правай здаровай рукой падымаў увесь свой корпус. Часам казаў: «Ты са мной парадуйся, паглядзі!», і я сапраўды радавалася. Хоць здараліся і зрывы. Ён не скардзіўся, не. Перажываў усё годна, але разумеў, што ў пэўным сэнсе з’яўляецца клопатам. Пераследвалі яго і суіцыдальныя думкі, часам ён губляў сэнс ва ўсім, што адбываецца. Менавіта таму я стала яго рукамі, нагамі і вачыма. Гэта была наша сумесная барацьба: бацька працягваў захоўваць ясную свядомасць, трэніраваў памяць, пісаў, чытаў газеты, слухаў радыё, глядзеў тэлевізар, знаходзіўся ў курсе навін, уваходзіў у склад сяброў дзяржаўных камісій па прэміях, а я яго ў гэтым падтрымлівала. Памятала, што ў дзяцінстве менавіта ён лячыў нас (і маці таксама), калі мы хварэлі. Цалаваў, даваў лекі, супакойваў. Я мусіла вярнуць яму гэты клопат. Не, не мусіла. Я проста хацела гэта зрабіць. І, спадзяюся, зрабіла.

 

— Многія ведаюць Івана Пташнікава як строгага і суровага чалавека. Вы ж кажаце пра яго з такой пяшчотай, раскры-ваеце з зусім іншага боку. Які ён быў сапраўдны?

 — У маладосці ў таты была адкрытая душа. Ён пускаў у яе ўсіх лёгка, знахо-дзіў сяброў хутка і свабодна. А потым шэраг абставін прывёў да таго, што ён пачаў закрывацца. Гэта і ўзрост, і пэўныя падзеі, і жыццёвы вопыт — усё ў роўнай ступені паспрыяла. З часам душа закрылася амаль зусім, толькі вузенькая шчылінка засталася. Як тая, якая ўзнікала на падлозе каля яго кабінета, калі ён пісаў.

Бацька быў трывожным чалавекам. З узростам да званка, паходу кудысьці — да ўсяго гэтага яму трэба было грунтоўна падрыхтавацца маральна. Ён быў занураны ў сябе, вяртаўся ў рэальны свет з цяжкасцю. Быў малапрактычны ў бытавых пытаннях, гэтым у нас займалася маці. Тату мог надурыць хто заўгодна, ён сам быў вельмі сумленным, натуральна, чакаў такога ж стаўлення да сябе ад людзей, даверлівы, не мог уявіць, што нехта можа яго падмануць. Не памятаю, каб ён хлусіў. І ў нас, у дзецях, не мог гэтага трываць.

Яшчэ я памятаю, як хваравіта ён прымаў крытыку.  І пры гэтым не сыходзіў у адмаўленне, а прыслухоўваўся, мог прызнаць свае памылкі, пагадзіцца з выпраўленнямі, асабліва калі ад гэтага залежаў лёс твора. Ён, можа і злаваўся на крытыкаў, але жадання помсціць, любой цаной даказваць сваю правату не ўзнікала. Ён проста закрываўся ад гэтага чалавека. Заўсёды фіксаваў станоўчыя водгукі. У яго была мілая звычка: складаць спіс тых, хто павіншаваў яго з юбілеем ці новым творам. Каб потым павіншаваць са-мому…

За яго знешняй суровасцю хавалася вялікая чалавечнасць, асабліва гэта выяўлялася, калі хто-небудзь трапляў у бяду або захворваў. Усё роўна, чалавек ці жывая істота. Колькім людзям ён дапамог! А калі паміраў наш сабака — Лінда захварэла на чумку,— тата адпойваў яе кавай, каб уліць у яе сілы, яна спала ў яго на жываце, калыхалася на ім, ён глядзеў яе да апошняга ўздыху.

 

— Вы згадвалі, што ў Івана Мікалаевіча былі складаныя адносіны з рэлігіяй. Чаму?

— Ён быў няверуючым. Я спрабавала гаварыць з татам на гэтую тэму ў канцы яго жыцця, аднак беспаспяхова. Ён адмаўляў наяўнасць душы ў рэлігійным яе разуменні і не прызнаваў замагільнае жыццё. Казаў, што пасля смерці будзе пустата і больш нічога. Усё растворыцца ў прасторы. Было балюча гэта чуць. Сам жа ён выйшаў з рэлігійнай сям’і. Бабуля Алімпіяда была веруючай, яна спявала на клірасе. У нас захавалася Біблія з пазнакамі бабулі — яна была адукаванай жанчынай, адзіная з вёскі ўмела чытаць. Дзеці з маленства ведалі многія царкоўныя абрады, спявалі велікодныя васолы (псаломы). Зрэшты, можа, не прыняць, але зразумець бацьку мне дапамагла яго творчасць. Я часта знаходзіла адказы там, а не ў словах. З апавядання «Зламаны крыж» можна даведацца пра гісторыю, якая паўплывала на яго стаўленне да царквы. Яго самога святар падчас хрышчэння ледзь не ўтапіў, як ён з абурэннем распавядаў. Так, з самых першых твораў, калі той датычыўся тэмы царквы (менавіта царквы, не рэлігіі), тата крытыкаваў святароў, якія паводзілі сябе непрыстойна. Калі я ў 19 гадоў вырашыла прыняць хрышчэнне, ён не адгаворваў мяне, як не адгаворваў і маці, якая таксама рашылася на гэты крок усяго за год да сваёй смерці. Не перашкаджаў, але і не падтрымліваў. Для кагосьці можа здацца дзіўным, што такі глыбока духоўны чалавек адмаўляў вышэйшы духоўны пачатак у прынятым хрысціянскім сэнсе гэтага слова, але такі вось ён быў — Іван Пташнікаў. Сумленны са светам і з самім сабой.

 

— Вы перадалі нам лісты Івана Чыгрынава да Івана Пташнікава. Памятаеце што-небудзь пра іх сяброўства?

— У маладосці тата жыў у адным інтэрнаце з Л. Гаўрылкіным, У. Дамашэвічам, Я. Сіпаковым, І. Чыгрынавым, Б. Сачанкам, з якімі сябраваў і пасля, але цяпер нікога не засталося ў жывых. Няма ў каго спытаць пра бацьку, пра яго жыццё да мяне, пра тое, што не паспела даведацца... З Іванам Чыгрынавым іх шляхі разышліся ўжо ў сталым узросце. Пісьменнікі — людзі складаныя, чуллівыя, самалюбівыя. Я заўважыла і па бацьку, і па яго знаёмых, што іх вельмі лёгка закра-нуць, абразіць, пакрыўдзіць. Любая крытыка можа ўвесці ў дрэнны маральны стан. Яны былі і падобныя, і вельмі розныя. Іван Гаўрылавіч больш свабодна адчуваў сябе на публіцы, пакуль бацька чакаў, што яго выцягнуць на свет, як самародка. Ён верыў у справядлівы свет. Не так важна, напэўна, па якой прычыне сяброўства таты з Чыгрынавым стала не такім моцным. Яны былі маладыя, пісалі адзін аднаму шчырыя лісты, дзяліліся перажываннямі. Я шчаслівая, што ў бацькі быў такі сябар. І бацька, думаю, быў шчаслівы таксама.

Цёплыя адносіны ў яго склаліся з А. Лісам, М. Аўрамчыкам, М. Танкам, У. Карпавым, П. Панчанкам і яшчэ многімі і многімі літаратарамі. Суседам маіх бацькоў, калі яны ажаніліся, быў У. Караткевіч. Нашымі добрымі суседзямі-сябрамі па лецішчы былі Савіцкія, Андраюкі. Часта ў нас бывалі М. Мятліцкі, Г. Шупенька. Да Янкі Брыля тата ставіўся з вялікай павагай і ганарыўся, што той высока ацэньваў яго прозу.

Некаторыя рэчы з татавай біяграфіі я даведвалася ад яго сяброў.

 

— Каго яшчэ з татавых калег і сяброў вы ведаеце?

— Маё дзяцінства праходзіла ў пісьменніцкім асяроддзі. Натуральна, тата шмат куды браў мяне з сабой. Часта — проста каб не пакідаць адну. Я пабывала і ў кабінеце Максіма Танка, тагачаснага старшыні Саюза пісьменнікаў БССР, і многіх сакратароў СП БССР, галоўных рэдактараў літаратурных выдавецтваў. Асабліва летам часта праводзіла час у таты на працы ў часопісе «Полымя», у бібліятэках Дома літаратараў і «ЛіМа». Ведала многіх «дзядзькаў і цётак» — татавых калег, а гэта большая частка даведніка пісьменнікаў БССР. Асаб-лівыя ўспаміны засталіся пра Дамы творчасці як рэспубліканскага, так і саюзнага значэнняў — месцы, дзе адпачывалі сем’і вядомых беларускіх і савецкіх пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў і артыстаў. Мне нават пашчасціла бачыць Аркадзя Райкіна ў Юрмале, у Дубултах, дзе мы адпачывалі ўсёй сям’ёй. Мне было гады чатыры. Калі Аркадзь Ісакавіч сустракаў нас з бацькамі на прагулцы, то называў мяне чамусьці Наташай Растовай і гладзіў па галоўцы.

А лецішчы на Лысай гары! Гэта ж аднамомантавая канцэнтрацыя амаль усіх прадстаўнікоў пісьменніцкай інтэлігенцыі! Калі цябе з усіх бакоў атачаюць народныя ды заслужаныя дзеячы культуры: Барадулін, Грахоўскі, Вялюгін, Васілеўскія, Бачыла, Савіцкі, Андраюк… А твае сусе-дзі па доме ў Мінску — гэта Марціновічы, Бутэвіч, Юрэвіч, Законнікаў, а ў суседнім доме жывуць Панчанка ды Сачанка… Само сабой зразумела, што пранікаешся духам і атмасферай творчага асяроддзя.

 

— Вы памятаеце, як таленавітыя пісьменнікі святкавалі важныя падзеі ў жыцці?

— Вядома! Быў перыяд, калі да нас пастаянна прыходзілі госці, арганізоўваліся застоллі. Пры гэтым тата ніколі не піў. Ён больш за палову жыцця пражыў з адной ныркай і не дазваляў сабе ні чаркі, ні цыгарэты. Праўда, адрываўся на кухні. Асабліва яму падабалася беларуская. Сала, бульба, кефір, хлеб ці батон — ён любіў простую, але пажыўную ежу. Як зараз бачу перад вачыма: юбілеі, святы, вяселлі, літаратурная прэмія — а ў нас поўны дом гасцей, з танцамі, песнямі, нават гармонікам. Людзі творчыя, інтэлігентныя, вясёлыя, усе шчаслівыя і свабодныя, і дом наш адкрыты. Я са шчымлівым пачуццём успамінаю гэтыя часы, дзе панавала такая атмасфера свята і весялосці і ўсё яшчэ было наперадзе.

Згадваюцца пацешныя ўспаміны Кастуся Цвіркі, як маладыя літаратары святкавалі ў інтэрнаце Новы год. У вестыбюлі стаяла ўпрыгожаная ялінка. А Пташнікаў, яго маладыя калегі і сябры хадзілі ды пасмейваліся. Бо на ялінцы віселі мужчынскія шкарпэткі, бялізна ды іншыя прадметы гардэроба. Вось такія ўпрыгажэнні!

З часам у бацьку згас агонь цікавасці, ён пераасэнсаваў для сябе значэнне некаторых рэчаў. Зрабіўся яшчэ больш сціплым і замкнёным, ігнараваў публічныя мерапрыемствы, нават ва ўласны гонар. У Доме літаратара да 70-годдзя Івана Пташнікава арганізавалі творчы вечар, паклікалі лю-дзей, а ён не прыйшоў. Я ў яго спытала: «Што ж здарылася? Так нельга…» Ён адмахнуўся толькі: «Не хачу, не цікава».

 

— Напрыканцы жыцця ў ім згасла вера ў справядлівы свет?

 — Ён унутрана надламіўся, гэта праўда. Калі жывая была маці, гэта быў зусім іншы чалавек. З часам ён змяніў сваё стаўленне да пэўных жыццёвых каштоўнасцей, яго шмат што перастала ціка-віць. Ён успрымаў жыццё драматычна, нават трагічна, быў расчараваны і ў свеце, і ў людзях. У яго ж быў даволі цярністы пісьменніцкі шлях, хоць многія, напэўна, думаюць, што Пташнікаў адразу стаў паспяховым. Не, на яго долю выпала шмат выпрабаванняў: як адмаўлялі раз за разам, рэзалі, прыніжалі... І ўсё ж ён заставаўся маім татам, тым, хто любіць мяне, каго люблю я. Так было да апошняга дня.

Тата ў маладыя гады быў франтам, любіў прыгожыя імпартныя касцюмы, туфлі, гальштукі. Меў вялікую калекцыю добрых кашуль. Любіў прэзентабельныя рэчы. Але з часам страціў і да гэтага цікавасць. Са сваім старым заношаным да пацёртасцей плашчом і берэтам не хацеў расставацца да самай хваробы, як мы яго ні ўгаворвалі. Шмат хто памятае яго простыя фланелевыя клецістыя кашулі, якія ён аблюба-ваў,— гэта быў «фірмовы стыль» яго апошніх гадоў.

Ён бачыў карціну цалкам, звяртаў увагу на тое, што я б не заўважыла. Памятаю, нараблю што-небудзь, а ён ні лаяцца не будзе, ні асуджаць. Уздыхне «дачка, ты дачка», пакладзе руку мне на патыліцу, пашкадуе — і ўсё. Ці калі я ўжо была замужам, неяк пачала спрачацца з бацькам, нешта мы не падзялілі. Я шкодзіла і капрызіла. Ён нічога не сказаў мне, але я бачыла, наколькі тата незадаволены. Сышла з дому, а ўвечары ўбачыла на стале запіску: «Ты ёсць тхор». Гэта трэба было такі вобраз падабраць! Гуллівасць, тонкі гумар быў яму ўласцівы ў побыце. І гэтая ўскосная характарыстыка маіх паводзін была значна больш даходлівай для мяне, чым нейкая натацыя або прамое абурэнне з яго боку. Вось яна — сіла ўплыву мастацкага слова! Успамінаю — і смяюся.

 

— Ці ёсць рэч, якую вы не паспелі зрабіць разам з бацькам, але вельмі ха-целі б?

— Пра гэта не ўсе ведаюць, але тата быў вялікім прыхільнікам оперы. Ён сам меў цудоўны барытон, спяваць любіў і ўмеў. Любіў рускія народныя песні, рамансы. Асабліва яму падабаўся раманс Глінкі на словы Жукоўскага «Начны дазор». Ён марыў, каб мы разам зрабілі запіс. Я б акампанавала на фартэпіяна, а ён спяваў. Не зраслося, неяк забывалася, здавалася, што яшчэ паспеецца. Цяпер я пра гэта шкадую. І ўсё ж захаваўся ў мяне адзін запіс, дзе бацька спявае. Ён дрэннай якасці, з шумамі, але я чую яго голас, і адразу робіцца цяплей на душы. І часта ўспамінаецца мне, як ідзём мы з ім па полі ўздоўж лесу, я маленькая, ледзь паспяваю, а ён крочыць такі вялікі і моцны, і з гру-дзей яго ва ўсю моц лёгкіх, ва ўсю шырыню яго магутнай душы льецца песня...Свабодная і смелая…

Тата побач. Ён у маім сэрцы.

 

Гутарыла Ксенія Зарэцкая

Апублікавана ў часопісе "Маладосць", №7, 2023  

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406