Ёсць французскае выслоўе: паэт нараджаецца ў вёсцы, а памірае ў Парыжы. Напэўна, за гэтымі словамі стаіць наступны сэнс: зазвычай акалічнасці жыцця прыводзяць творцу ў сталіцу, у гушчыню культурных і грамадскіх падзей, да паплечнікаў і аднадумцаў, дзе ён і застаецца. Біяграфіі многіх пісьменнікаў таму сведкай. Многіх, але не ўсіх. Нямала і іншых прыкладаў, калі значныя творцы жылі ў глыбінцы, да прыкладу, Л. Талстой і А. Фет. Гэта ўсё кажа пра тое, што сталічным (па сваёй значнасці) пісьменнікам можна быць, жывучы ў правінцыі. І, наадварот, — правінцыйным, жывучы ў сталіцы. Не месца жыхарства кажа пра творцу, а толькі яго талент.
Як і чым жывуць сённяшнія несталічныя пісьменнікі? Пагаварыць пра гэта мы запрасілі старшынь абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У гутарцы прымаюць удзел:
Таццяна Дземідовіч, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення;
Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення;
Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення;
Людміла Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення;
Аляксандр Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення;
Леанід Крыванос, старшыня Мінскага абласнога аддзялення.
Адзін паэт, якому добра вядома жыццё ў правінцыі, неяк сказаў: «Правінцыя пажырае сваіх дзяцей». Відаць, перадусім меліся на ўвазе творчыя людзі, у тым ліку літаратары. Ці сапраўды гэта так? Як жывецца-творыцца літаратарам у правінцыі? Якія плюсы, якія мінусы дае ім месца жыхарства?
Таццяна Дземідовіч. Нядаўна ў нашым офісе адбылося сумеснае пасяджэнне Брэсцкага аддзялення СПБ з дырэктарам кнігарні «Брэсткніга» Святланай Худзіцкай і загадчыкамі бібліятэк. Сустрэча была вельмі жывая, прагучалі галоўныя скаргі пісьменнікаў: недастаткова ўвагі надаюць чытачы нашай творчасці тут, на месцы. Сапраўды, па-першае, частыя госці ў Брэсце — сталічныя пісьменнікі, з якімі не заўсёды лёгка канкурыраваць, па-другое, у абласным цэнтры даволі многа творчых людзей, не толькі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія настойліва прэтэндуюць на ўвагу, а па-трэцяе, жыццё гарадскога жыхара перапоўнена пастаяннымі кантактамі з людзьмі. У крамах, аптэках, транспарце, у вялікім горадзе чалавек не па сваёй волі запаўняецца зусім непатрэбнай інфармацыяй, ад гэтага робіцца менш уважлівым да наваколля, нават да сябе.
Пры гэтым зусім іншая сітуацыя ў раённых цэнтрах. Нядаўна была ў музеі Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, што знаходзіцца ў мясцовай школе вёскі Дастоева. Прыемна ўразіла тое, што ў вялікай экспазіцыі творчасці сучасных пісьменнікаў Іванаўшчыны як сімвал пераемнасці пакаленняў, бесперапыннай духоўнай і творчай працы прадстаўлены кнігі сучасных пісьменнікаў-землякоў: Георгія Тамашэвіча, Анатоля Крэйдзіча, Андрэя Мазько, Мікалая Панасюка... Пісьменнік у раённым цэнтры — сапраўдная знакамітасць, творцаў ведаюць у твар, ганарацца іх дасягненнямі, ствараюць куткі, прысвечаныя літаратурнай дзейнасці землякоў у мясцовых школах, бібліятэках, Дамах культуры. Так, падчас пасяджэння пісьменнік Анатоль Бензярук прызнаўся, што ніколі б не пакінуў сваю родную Жабінку, бо адчувае, што менавіта правінцыя дае сілы для плённай працы, і гэта праца заўважная, па заслугах ацэненая і на ўзроўні раёна, і ў рэспубліцы.
Таму варта паверыць англійскай прымаўцы: «Лепш быць вялікай рыбай у малой сажалцы, чым маленькай рыбай у моры».
Што датычыцца стасункаў са сталіцай, то ў апошні час нас актыўна запрашаюць удзельнічаць у выдавецкіх праектах, сістэматычна творы нашых пісьменнікаў друкуюцца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў, нас запрашаюць і на запісы тэлевізійных і радыёперадач. Мы адчуваем чулую падтрымку і ўвагу да творчасці брэсцкіх пісьменнікаў з боку рэдактараў часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», газеты «Літаратура і мастацтва». Летась на старонках «Полымя» была прадстаўлена самабытная паэзія — Васіля Казачка з вёсцы Гарадная Столінскага раёна, Настассі Нарэйкі з Камянца, Святланы Сцепанчук з Івацэвічаў…
Да таго ж у пісьменнікаў ёсць магчымасць далучыцца да святаў, фестываляў, творчых імпрэз, якія ладзяцца па-за межамі нашай вобласці. Гэта і Дзень беларускага пісьменства, Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш, Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне… З асаблівай увагай пісьменнікі сочаць за навінамі на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі, ды і мы імкнёмся папаўняць сваёй інфармацыяй стужку навін. Гэта дазваляе адчуць, што не бывае маленькіх, нязначных падзей і кожны пісьменнік займае пачэснае месца ў агульнай вялікай літаратурнай справе.
Тамара Краснова-Гусачэнка. «Літаратурная правінцыя» — панятак неадназначны. Калі чалавек, які піша, жыве ў вёсцы, аграгарадку, мястэчку, ён мае ў першую чаргу, праблемы сувязі з блізкімі па духу і інтарэсах, па рамяству, урэшце, людзьмі. Далёка не ўсе разумеюць жаданні і імкненні чалавека, які займаецца літаратурнай творчасцю. Такі чалавек нярэдка становіцца ў вачах навакольных «дзіваком», «белай варонай». Маўляў, глядзіце, яму нічога не плацяць, не прымушае ніхто, а ён замест таго, каб грошы зарабляць, траціць іх на паперу, час марнуе на пісанне, потым траціць грошы на выданне кнігі, бо ў асноўным усе выдаюцца за ўласны кошт. А які ён, прыбытак у пенсіянера з вёскі?.. Ды яшчэ тэлефануе Тамара Іванаўна, настойліва запрашае да ўдзелу ў літаратурных мерапрыемствах, пытаецца, дзе і з кім правёў творчыя сустрэчы па прапагандзе айчыннай літаратуры, настойвае на ўдзеле ў літаратурных святах…
Так і расце клубок непаразумення ў пісьменніка, які жыве ў глыбінцы: самому тэлефанаваць — дорага, у горад ехаць — дорага і здароўе не дазваляе, інфармацыі, калі няма камп’ютара і інтэрнэту, — мінімум: («ЛіМ», «Полымя», «Нёман» і «Маладосць» выпісаць — яшчэ даражэй…) А хочацца быць гэткім Львом Талстым, сядзець у цішыні, у глыбінцы ды пісаць сваю «Вайну і мір», але ж не... Усё, што па тэлевізары паказваюць, народу куды цікавей, бо там — навіны… А ў цябе што… А калі яшчэ і таленту талстоўскага яўна няма. Ды і кнігу хто сёння купіць? Дорага...
Але і тыя, хто сёння жыве ў горадзе, але не ў сталіцы, не без праблем. У гарадскіх (не сталічных) літаратараў гэта перадусім незапатрабаванасць на рэспубліканскім узроўні. Фактычна рэспубліканскія прэміі з года ў год атрымліваюць у асноўным сталічныя літаратары. І кнігі выдаваць, і друкавацца ім прасцей у сваім «асяродку», дзе яны ўсе блізкія адзін аднаму, бо жывуць у адным горадзе, маюць сумесныя творчыя сустрэчы і г. д.
Леанід Крыванос. Ну, па-першае, талент не можа быць «сталічным» ці «правінцыйным». Ён ці ёсць, ці яго няма. Па-другое, гэта тэма зусім не новая. Нават не тэма. Хутчэй за ўсё, кажучы на сучаснай мове, фэйк пра літаратурны працэс. Яшчэ на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя вядомы ў той час пецярбургскі літаратар і выдавец Осіп Сянкоўскі (паходжаннем з Віленшчыны, скончыў у свой час Мінскі калегіум) апісваў свае ўражанні пра правінцыю: «Шукаю паэзію і ўсюды сустракаю прыказную прозу, без правапісання».
Жыццё паказвае, што творчыя людзі ў большасці сваёй і нараджаюцца якраз у правінцыі. І яны штучныя ў сваім асяроддзі. І правінцыйны першы жыццёвы вопыт — найбольш яркі, упершыню натхняў іх на нейкае мастацкае самавыяўленне, а потым і на стварэнне літаратурных шэдэўраў. Ехалі ж і едуць яны ў сталіцы, у першую чаргу, «за хлебом насущным» ці за адукацыяй, што таксама можа запусціць каталізатар інтарэсу да літаратурнай творчасці. На маю ж думку, імкненне жыць у мегаполісе, каб набыць творчую славу, — вялікае глупства. Ніхто нікому таленавітаму з перыферыі ніколі не перашкаджаў заявіць пра сябе адкуль хочаш. Канечне, часам для правінцыялаў сустракаюцца ў сталічным асяроддзі і такія перашкоды, як снабізм ды і іншыя. Не без таго.
Дык вось, амаль усе члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а іх на сённяшні дзень 79 чалавек, нарадзіліся ў вёсках і невялічкіх гарадскіх паселішчах, адукацыю набывалі ў сталіцы ці ў іншых буйных гарадах, а працуюць і адбыліся як літаратары ў той самай правінцыі. Гэта людзі розных прафесій, узросту, адукацыі, сацыяльнага паходжання. У кожнага з іх быў свой шлях у літаратуру. Найбольш яскравы прыклад — дзіцячы пісьменнік з Любані Іван Муравейка. На жаль, ён пайшоў з жыцця. Увесь яго жыццёвы і творчы лёс быў звязаны з яго малой радзімай. А пражыў Іван Андрэевіч без малога сто гадоў. Толькі аднойчы ён пакінуў родныя мясціны, калі пайшоў абараняць Айчыну ад ворага. Прайшоўшы па дарогах Вялікай Айчыннай вайны ўсе чатыры гады, Іван Муравейка пакінуў на Рэйхстагу надпіс: «Я — Іван з Беларусі». А потым вярнуўся ў Любань і прысвяціў сябе журналісцкай і пісьменніцкай справе. Ён — ганаровы грамадзянін горада Любань, заслужаны работнік культуры БССР, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У знак падзякі за заслугі перад беларускай літаратурай, Любаншчынай, землякі ў 2022 годзе прынялі рашэнне прысвоіць яго імя раённай бібліятэцы, дзе знаходзіцца шмат твораў майстра мастацкага слова, а таксама захоўваецца літаратурны архіў. Яго імя носіць і школа ў вёсцы Таль, дзе Іван Андрэевіч нарадзіўся і вучыўся. Яшчэ пры жыцці пісьменніка на Любаншчыне кожны год пачалі праводзіць раённы дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці «Мураўіныя сцяжынкі» імя І. А. Муравейкі.
А наконт магчымасцей скажу так: сучасныя тэхнічныя камунікацыйныя сродкі дазваляюць жыць хоць на хутары і пры гэтым валодаць амаль любой інфармацыяй для арганізацыі асабістага творчага працэсу. У тым ліку для папулярызацыі сваёй творчасці.
Людміла Кебіч. Правінцыя — для творчага чалавека паняцце ўмоўнае. Наш калега па абласным аддзяленні СПБ паэт Мікалай Іваноўскі жыве ў вёсцы, якая налічвае толькі 15 жыхароў. Мікалай Пятровіч і яго творчасць запатрабаваныя на абласным узроўні. Кнігі паэта выходзяць у сталіцы. Ён вядзе актыўную грамадскую і творчую дзейнасць, рэгулярна друкуецца, часта выступае, сустракаецца з чытачамі. Ці лічыць пры гэтым ён сябе правінцыялам, ці ёсць падставы для гэтага, акрамя яго адрасу?
Філасофскае пытанне: што ёсць правінцыйнасць творцы? Сёння гэта не толькі аддаленасць ад мегаполісаў. Гэта самабытнасць, непаўторнасць, блізкасць да вытокаў народнай культуры, добрае веданне мясцовых традыцый: звычаяў, абрадаў, архаічных канонаў існавання. Гэта нацыянальнае сумленне ў маштабе адной асобна ўзятай тэрыторыі. Усё гэта натхняе, напаўняе творчасць
разнастайнасцю фарбаў. У кожным суседнім двары, у суседскай хаце можна сустрэць прататыпа ў галерэю вобразаў-персанажаў, можна запазычыць
многае для зараджэння творчых задум і сюжэтаў. З плюсаў і тое, што правінцыйныя творцы заўсёды адрозніваюцца моўнай і тэматычнай асаблівасцю, стыль іх твораў лёгка пазнаецца. З недахопаў: не заўсёды наладжаны побыт, недахопы інфраструктуры, лагістыкі, аддаленасць ад раённых і абласных цэнтраў. Напрыклад, наш калега, паэт Мікалай Пятровіч Іваноўскі, як і Віктар Курловіч з аг. Вярэйкі, не заўсёды мае магчымасць прыехаць у абласны цэнтр з-за вострага недахопу аўтобусных рэйсаў. Пажылыя паэты вымушаны пераадольваць вялікія адлегласці пешшу, дабірацца, як прыйдзецца.
Аляксандр Казека. У нейкім сэнсе, напэўна, і так. Гэта калі гаварыць аб зносінах з аднадумцамі, аб магчымасці штоімгненна звяраць свой светапогляд з думкамі іншых людзей, аб магчымасці быць на вастрыі грамадска-палітычных падзей. Але з другога боку, размеранае жыццё ў раённым цэнтры або нават у вёсцы дае магчымасць больш глыбока асэнсаваць менавіта сябе, сваё светаадчуванне, выкрышталізаваць свае думкі, без уплыву на іх нейкіх, часам не такіх ужо важных і праўдзівых, сацыяльных штампаў. А значыць, дае магчымасць разгарэцца той, закладзенай Богам менавіта ў гэтага творцу арыгінальнай іскры таленту, калі яна, канечне, ёсць. А мець зносіны з сябрамі, з усім светам у наш век не выклікае ніякіх складанасцей, дзе б ты ні жыў. Напэўна, нейкая частка маладых творцаў са мной не пагодзіцца, і яны таксама будуць мець рацыю, але з цягам часу любы чалавек, асабліва творца, спялее, як усё на гэтай Зямлі, і адпаведна змяняе, часам кардынальна, свой светапогляд. Як сказаў у адным з вершаў мой сябра, паэт і літаратуразнаўца Сяргей Украінка: «Тут, у свеце маім, мне, самотніку, гэтак утульна / Што у ваш я сыходзіць, паверце, зусім не хачу».
Уладзімір Гаўрыловіч. На мой погляд (а я сам жыў, па сутнасці, у вёсцы, у райцэнтры да 45 гадоў!), правінцыя не «пажырае» кагосьці, а пашырае творчы светапогляд любога творцы, яна, асабліва вясковая ці напаўвясковая, лепей «падпітвае» сюжэтамі, вобразамі, падзеямі сапраўднага мастака слова. Тут усё — жывое, ад жыцця ідзе, ад традыцыйнай культуры. І калі ў цябе ёсць такая стрэмка — пісаць, то пісаць ты будзеш паўсюль, куды толькі цябе не закіне лёс. Жыццё «ў правінцыі», як вы кажаце, дае больш плюсаў для развіцця цябе як мастака слова. Іначай не было б у нас выдатнага дзіцячага празаіка Івана Сяркова, драматурга Васіля Ткачова, казачніка Анатоля Караленкі… Яны ж ніколі не марылі жыць у сталіцы, хаця магчымасць такая ў многіх была. Блізкасць да рэдакцый і друкарань не сцвярджае сапраўдны талент.
Сучаснае жыццё не спрыяе чытанню. Тэлебачанне, камп’ютары, гаджэты…. Пачытаць кнігу стала няма калі. Якія шляхі да чытачоў ёсць у творцаў, што жывуць у правінцыі?
Таццяна Дземідовіч. Мабыць, кожны час мае свае асаблівасці. І калі зусім нядаўна былі чэргі ў бібліятэках за кнігамі, людзі трацілі час на пошук патрэбнай інфармацыі для розуму і сэрца, дык зараз задача пісьменніка — дапамагчы чытачу знайсці ў гэтай інфармацыйнай плыні нешта важнае для сябе. Кнігі мясцовых аўтараў выходзяць маленькімі тыражамі, але яны — унікальныя, найкаштоўнейшыя скарбонкі ведаў пра родны край і землякоў. У нас на некаторыя кнігі ў глыбінцы нават ёсць чэргі сярод жадаючых прачытаць. Так, вялікім попытам у кабрынчан карыстаецца кніга Анатоля Брытуна «Сядзіба», у якой расказваецца пра гісторыю Кобрыншчыны і людзей, якія там працавалі. Таму шлях да чытача адзіны: пісаць шчыра, не спадзеючыся на хуткую славу, з любоўю да сваёй радзімы і людзей.
Тамара Краснова-Гусачэнка. Шлях да чытача робіцца ўсё больш цярністым. Даволі вялікая частка грамадства ўвогуле перастала чытаць. Найбольш актыўная ў жыццёвай пазіцыі частка насельніцтва імкнецца да чытання ў асноўным інфармацыйных тэкстаў альбо спрошчаных, у літаратурных адносінах, мякка кажучы, сумніўнай якасці, і толькі ёсць невялікая частка «выбраных», а гэта, як правіла, самі пісьменнікі, настаўнікі, рэдкія аматары высокага мастацкага слова... Такая рэальнасць. У пісьменнікаў, якія жывуць у правінцыі, стаць сёння запатрабаваным і прынесці канкрэтную карысць Айчыне — задача найскладанейшая. Трэба быць вельмі таленавітым, упартым, працавітым, усебакова адукаваным і інфармаваным, прычым да такой ступені, каб узровень яго ведаў і валодання майстэрствам мастацкага слова пераўзышлі запатрабаванні спажыўцоў. Менавіта пераўзышлі, а не проста задаволілі цікаўнасць.
Леанід Крыванос. Сучаснасць, у якой жывуць пісьменнікі — заўсёды літаратурны час. Яе яны, у асноўным, і апісваюць. Можа, не адразу, а праз нейкі перыяд асэнсавання. І наша сучаснае жыццё — таксама не выключэнне. І папяровую кнігу ніхто пакуль што не адмяняў. Хаця на працягу апошніх гадоў трыццаці толькі пра гэта і кажуць. Асабліва тыя, хто мае дачыненне да працэсу камп’ютарызацыі. Бачу ў гэтым нейкую камерцыйную хлусню. А тэлебачанне, камп’ютары, гаджэты? Я нарадзіўся і рос у той час, калі толькі-толькі пачало распаўсюджвацца тэлебачанне, а радыё ў нашым доме працавала кожны дзень, ад шасці раніцы да дванаццаці ночы. Дык вось, са свайго дзяцінства на ўсё жыццё запомніў фільм па творы Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», а як па вечарах чакаўчарговы выпуск радыёп’есы, пастаўленай паводле аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны»... Гэта не адахвоціла мяне ад наведвання бібліятэкі.
У сучасных пісьменнікаў, у тым ліку з перыферыі, наадварот, сёння павялічылася колькасць шляхоў для папулярызацыі сваіх твораў: аўдыякнігі, радыёпастаноўкі. Неабмежаваныя магчымасці дае інтэрнэт — ад адкрыцця асабістага літаратурнага сайта да размяшчэння твораў у розных літаратурных кантэнтах. А іх — вялікае мноства. Напрыклад, у 2022 годзе ў рэспубліканскіх электронных сродках масавай інфармацыі — радыё, тэлебачанні — пісьменнікі Міншчыны станавіліся героямі перадач каля трыццаці разоў, друкаваліся ў папяровай республіканскай і мясцовай перыёдыцы больш за дзвесце разоў. Выкарыстоўваюцца і традыцыйныя камунікаты, правераныя часам, — творчыя сустрэчы з чытачамі на бібліятэчных і іншых пляцоўках. У мінулым годзе адбылося больш за чатырыста такіх мерапрыемстваў.
Маштабна была праведзена традыцыйная для аддзялення акцыя «Лета з добрай кнігай». У мінулым годзе на працягу чэрвеня, ліпеня і жніўня ў дзіцячых установах летняга адпачынку па ўсёй вобласці прайшло больш за 16 сустрэч з падлеткамі, дзе абмяркоўваліся розныя тэмы, у тым ліку прысвечаныя Году гістарычнай памяці. У іх удзельнічалі каля 20 пісьменнікаў. Найбольш маштабнае мерапрыемства адбылося ў ліпені: творчая сустрэча пяці літаратараў (Л. Крыванос, І. Карнаухава, У. Цанунін, В. Кажура, П. Жукаў) з падлеткамі, якія адпачывалі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Пісьменнікі падарылі кнігі творцаў сталічнай вобласці ў мясцовую бібліятэку. Потым адбыліся цікавыя літаратурныя выступленні перад адпачываючымі.
Людміла Кебіч. У раёнах ёсць добрыя бібліятэкі, якія адыгрываюць ролю даволі эфектыўных ачагоў культуры. У раённых і сельскіх бібліятэках, у Дамах культуры на годным узроўні падтрымліваецца цікавасць да сучаснай айчыннай літаратуры і яе аўтараў, праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, творчыя вечары, сустрэчы з вядомымі землякамі. Узровень літаратурных запатрабаванняў у жыхароў сяла значна вышэйшы. Без кнігі, без мастацкага слова, без роднага слова сельскія жыхары не ўяўляюць свайго жыцця, і ў гэтым гараджане павінны з іх браць прыклад. Пісьменнікі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ з задавальненнем адгукаюцца на запрашэнні з глыбінкі, дзе сустракаюцца з аматарамі літаратуры, чытання наогул, дзе часам іх творы ведаюць лепш, чым у горадзе.
Аляксандр Казека. Што праўда, то праўда. Дадам яшчэ: даволі часта тое, што знаходзяць для чытання людзі, асабліва моладзь, на прасторах інтэрнэту, сціпла кажучы, не заўсёды адпавядае маральным агульначалавечым каштоўнасцям, дый крытэрыям мастацкай якасці таксама.
Нельга пераацаніць важнасць мастацкага слова ў жыцці грамадства. Гэта не толькі класічныя напрамкі нашай дзейнасці, гэта яшчэ і песні, якія складаюцца на нашыя вершы, гэта ўся шматгранная тэатральная дзейнасць і яшчэ шмат і шмат таго, што ляжыць у аснове нашай нацыянальнай культуры, я б сказаў, стварае культуру. Таму што спачатку было Слова. Словам створаны Сусвет. Словам захоўваецца наша спадчына. І якім яно будзе, гэтае Слова, у многім залежыць ад нас, пісьменнікаў. І тут нельга не сказаць, што таму і само існаванне нашага Саюза пісьменнікаў Беларусі пры дзяржаўнай падтрымцы — гэта мудрае і дальнабачнае рашэнне Прэзідэнта і ўрада Беларусі.
Я ўпэўнены, што кожны пісьменнік разумее важнасць гэтага. Таму і пошукі шляхоў да чытача — задача найважнейшая, і шляхі гэтыя настолькі разнастайныя, што пералічыць іх, а тым больш грунтоўна пагаварыць пра кожны, на гэта патрэбна шмат часу, бо гэта працэс, які пастаянна ідзе наперад, пастаянна развіваецца. Таму прапаную супыніцца на некаторах накірунках, найбольш важных, на мой погляд.
Па-першае, гэта творчыя сустрэчы. Сустрэчы з моладдзю ва ўстановах адукацыі. Сустрэчы з актывам у раёнах вобласці, на прадпрыемствах. Гэтых сустрэч, напрыклад, у 2022 годзе прайшло больш за 700.
Далей — супрацоўніцтва з моладзевымі калектывамі на пастаяннай аснове. Прыкладам можа з’явіцца наша супрацоўніцтва з МДУ імя А. А. Куляшова (рэктар Дук Дзяніс Уладзіміравіч, прарэктар па адукацыі, член савета нашага аддзялення Ясеў Уладзімір Віктаравіч). Сумесныя праекты, круглыя сталы, студэнцкае літаратурнае аб’яднанне «Натхненне», якое ўзначальвае член савета аддзялення Міхальчук Наталля Аляксандраўна, літаратурны салон і яшчэ шмат чаго. Гэта дазваляе данесці слова пісьменніка да ўсіх студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта і значна павысіць інтарэс да літаратуры.
Цікавы і даволі новы накірунак — супрацоўніцтва з Магілёўскім дзяржаўным каледжам мастацтваў (дырэктар Жыгун Аляксандр Мікалаевіч). Разам з навучэнцамі спецыяльнасці «акцёрскае майстэрства», удзельнікамі тэатра-студыі «Отражение» пад кіраўніцтвам выкладчыка Ярашук Алены Віктараўны мы стварылі літаратурна-пластычны спектакль «Песня роднай зямлі» па маіх паэмах «Медуніца» і «Марыйка», які ўвайшоў у аднайменны абласны маладзёжна-патрыятычны праект. Спектакль ужо прадстаўлены гледачу больш за 30 разоў і карыстаецца нязменным попытам сярод моладзі і сталых жыхароў Магілёўшчыны. Тут адметна тое, што мы такім чынам яшчэ і выхоўваем з навучэнцаў — удзельнікаў праекта — новае пакаленне будучых дзеячаў беларускай культуры — сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, якія не дазволяць сказіць нашу гісторыю і будуць любіць родную мову і літаратуру.
Разам з узорнай тэатральнай студыяй «В точку!» (кіраўнік член савета аддзялення Вольга Юр’еўна Бялова) Магілёўскай школы мастацтваў № 1 (дырэктар Пякарская Ірына Уладзіміраўна) мы стварылі праграму «Прызямліліся канікулы» па творах нашай дзіцячай пісьменніцы члена савета аддзялення Жанны Міус. Гэтая праграма прадстаўлена дзіцячай аўдыторыі горада ўжо больш за 20 разоў. Падчас прадстаўлення Жанна Віктараўна прэзентуе свае дзіцячыя кнігі і дорыць іх дзецям.
Літаратурная гасцёўня «Магія слова», якая створана па ініцыятыве члена савета аддзялення Алены Уладзіміраўны Кісель і працуе на базе Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна і МДУ імя А. А. Куляшова, дазваляе весці размову аб тэорыі літаратуры, дапамагаць станаўленню маладых (і не толькі) творцаў.
У інтэрнэце мы заяўляем пра сябе на старонцы «ВКонтакте»: https://vk.com/spbmogilev і ў «Тэлеграм»: https://t.me/Pesnjazjamli
Важнай формай работы з’яўляюцца літаратурныя чытанні. На Магілёўшчыне гэта Сіманаўскія чытанні, Пысінскія чытанні і Куляшоўскія чытанні; Міжнародная патрыятычная акцыя «Это нужно — не мертвым! Это надо — живым!», прысвечаная памяці Канстанціна Сіманава; Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».
І напрыканцы нельга не сказаць пра літаратурныя конкурсы. Асноўныя з іх — гэта конкурс беларускамоўнага верша «З табой маё слова, Радзіма», «І кружыцца планета Куляшова», «Это нужно — не мертвым! Это надо — живым!», і ў 2022/2023 гг. мы ўпершыню праводзім конкурс літаратурнай крытыкі. Ён пакуль што праходзіць у фармаце закрытага конкурсу, у рамках МДУ імя А. А. Куляшова.
Уладзімір Гаўрыловіч. Тут таксама многае залежыць ад саміх творцаў. Напісаў, выдаў, дапусцім, неблагую кнігу і склаў рукі, цяпер буду чакаць «з мора пагоды».
Нашы гомельскія пісьменнікі з’арыентаваны іначай. Па-першае, яны інфармуюць аддзяленне пра выдадзены твор. Мы рыхтуем інфармацыйнае паведамленне ў СМІ, размяшчаем звесткі ў сацыяльных сетках, на ўласных інтэрнэт-рэсурсах. Асобна паведамляем у сістэму адукацыі і культуры, бібліятэкам, што такі вось годны твор выйшаў. Пісьменнікі і самі ідуць у абласную, у гарадскія і раённыя бібліятэкі. Ладзяцца прэзентацыі гэтых кніг. Запрашаецца шырокае кола чытачоў…
Шляхоў дастукацца да сэрца чытача шмат, было б жаданне. Адзін з апошніх нашых фарматаў — штомесячныя абласныя семінары прозы і драматургіі, паэзіі і паэтычных перакладаў. Гэта таксама спроба данесці да чытача якасную мастацкую літаратуру, навучыць адрозніваць яе ад падробак, якія, безумоўна, накладаюць адбітак на давер чытача да сапраўднай літаратуры.
Ці адбываецца (а калі так, то якая) супраца з мясцовымі ўладамі? Ці аказваюць мясцовыя ўлады якую-небудзь дапамогу літаратарам? Ці ёсць за што на сённяшні дзень падзякаваць мясцовым уладам?
Таццяна Дземідовіч. Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі цесна супрацоўнічае з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Нам аказваецца ўсебаковая падтрымка: і з транспартам падчас паездак на рэспубліканскія мерапрыемствы, і з ажыццяўленнем літаратурна-выдавецкіх праектаў. Так, да Дня беларускага пісьменства ў Іванава была выдадзена анталогія твораў сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Літаратурная прастора Брэстчыны».
Дапамагаюць улады і ў ажыццяўленні новых ідэй, і ў захаванні традыцый. З 2007 года ўручаецца Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя У. Калесніка. З 2018 года разам з Брэсцкім аблвыканкамам, праваслаўным духавенствам і Брэсцкім абласным аддзяленнем Фонду міру заснавалі конкурс «Духоўная веліч» і летась упершыню пры падтрымцы мясцовых улад мы зладзілі першы літаратурны фестываль «Берасцескае шматгалоссе», прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Тамара Краснова-Гусачэнка. Кіраўніцтва вобласці, а таксама і раёнаў, аказвае дапамогу пісьменнікам свайго рэгіёна выключна ў рамках заканадаўства РБ. А яно не прадугледжвае ні выдзялення сродкаў на выданне кніг, ні якіхсьці іншых прэферэнцый, у тым ліку матэрыяльную дапамогу малазабяспечаным пенсіянерам, членам СПБ. А шкада. Тым не менш пісьменнікі Беларусі знаходзяцца ў больш выгадным стане ў параўнанні з многімі літаратарамі бліжняга замежжа. У кожнай вобласці заснаваны літаратурныя прэміі, у Віцебскай іх дзве: імя У. Караткевіча і П. Броўкі. Яны ўручаюцца за лепшыя творы ў трох намінацыях аўтарам кніг, найбольш запатрабаваных у чытача, якія прынеслі канкрэтную карысць у працы па патрыятычным выхаванні. Найбольш таленавітыя рукапісы прымаюцца рэспубліканскім аб’яднаннем СПБ да выдання і выдаюцца па спісах сацыяльна значнай літаратуры пры падтрымцы Міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі. Пісьменнікам даюцца пляцоўкі для прэзентацый кніг у бібліятэках вобласці, аказваецца дапамога ў правядзенні прэзентацый. Для ўдзелу ў дзяржаўных святах — Днях беларускага пісьменства, міжнародных кніжных выставах-ярмарках і іншых — для пісьменнікаў выдзяляецца транспарт з начлегам і харчаваннем па месцы правядзення свят. Гадоў пяць таму быў арганізаваны і праведзены шэраг паездак пісьменнікаў па гарадах і вёсках усёй Беларусі з мэтай знаёмства пісьменнікаў з вытворча-эканамічным жыццём краіны. А вось пісьменнікі, у сваю чаргу, далёка не ўсе адгукнуліся на гэтыя паездкі сваімі выбітнымі творамі...
Леанід Крыванос. У Мінскай абласной пісьменніцкай арганізацыі наладзіліся змястоўныя адносіны як з аблвыканкамам, так і ў раёнах. У мінулым годзе не менш за тры разы абласныя ўлады прадстаўлялі аддзяленню транспартныя сродкі для правядзення мерапрыемстваў у раёнах. Дзякуючы аблвыканкаму, офіс аддзялення атрымаў два камп’ютары замест састарэлых. Спецыялісты аблвыканкама дапамаглі змяніць электронны адрас арганізацыі. Усё гэта — на бязвыплатнай аснове. Аказвалася дапамога з паліграфіяй. Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень аблвыканкам — асноўны, калі не адзіны, спонсар для літаратараў вобласці. У сваю чаргу, Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ініцыявала перад абласной уладай правядзенне, а потым стала і адным з суарганізатараў мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў вобласці і ў Мядзельскім раёне падчас святкавання 110-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка і прымеркаваныя да Дня народнага адзінства. Прайшла цэлая святочная дэкада.
Нашы літаратары таксама не заставаліся ўбаку ад удзелу ў грамадска-палітычным жыцці вобласці. У гэтым яны актыўна супрацоўнічаюць з мясцовымі ўладамі і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. Напрыклад, прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная». У Мінскай вобласці яна прайшла 8 верасня ў Барысаве. У якасці суарганізатара і асноўнага спікера мерапрыемства выступіў член аддзялення, публіцыст, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін. Пісьменнікі прымалі ўдзел у абласных «Дажынках» і іншых мерапрыемствах. Апошнім акордам 2022 года стаў наш удзел у дабрачыннай акцыі аблвыканкама «Адзіная Міншчына — сэрца Беларусі». У яе рамках 20 снежня мы наведалі Барысаўскі і Смалявіцкі сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзе часова знаходзяцца дзеці і падлеткі з дрэнных сямей. Ім былі перададзены сабраная намі новая вопратка і бібліятэчкі з кніг пісьменнікаў аддзялення.
Людміла Кебіч. У апошнія гады нам часта перашкаджае і адцягвае ад асноўнай творчай працы даволі вялікая і часам зусім не адрасная колькасць запытаў на статыстыку, планы і справаздачы, абумоўленая тым, што СПБ — грамадская арганізацыя, як іншыя. Некаторыя даручэнні і загады мыне можам і не павінны выконваць. Калісьці ў савецкія часы, дый на зары станаўлення нашай дзяржавы, з «папяровай творчасцю» вялі неміласэрную барацьбу. На жаль, сёння гэтая праблема зноў вельмі актуальная.
Некаторыя нашы калегі перыядычна звяртаюцца за дапамогай да прадстаўнікоў улады. У асноўным гэта просьбы дапамагчы з выданнем кніг. Гэта пытанне вельмі складанае. Што тычыцца падтрымкі з рэалізацыяй кніг, з арганізацыяй творчых вечароў — у гэтым улады ніколі не адмаўляюць.
Аляксандр Казека. Я ўжо некалькі год запар паказваю ў гадавых справаздачах аддзялення, што работа аддзялення вядзецца ў цесным узаемадзеянні з Магілёўскім гарадскім і абласным выканаўчымі камітэтамі, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі горада Магілёва і вобласці. Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі стала важным звяном ідэалагічнай работы ў вобласці. І гэта сапраўды так. Мы актыўна ўдзельнічаем у шматлікіх мерапрыемствах горада і вобласці. Значнай падзеяй у грамадскім жыцці вобласці стаў абласны маладзёжна-патрыятычны праект «Песня роднай зямлі», які прайшоў у 2022 годзе і будзе прадоўжаны ў гэтым годзе пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта і фінансавай падтрымцы абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Разам таксама праводзім літаратурныя конкурсы, патрыятычныя акцыі і шмат чаго яшчэ. Напрыклад, за 2022 год узнагародамі горада, вобласці і раённых саветаў і выканаўчых камітэтаў адзначана 27 % нашых пісьменнікаў, у тым ліку з фінансавай падтрымкай. Гэта вельмі значная лічба. Аказваецца падтрымка ў выданні найбольш значных твораў. Таму я з задавальненнем хачу шчыра падзякаваць кіраўніцтву вобласці, а таксама начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Музычэнцы Кацярыне Анатольеўне, намесніку старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Галушцы Але Аляксандраўне, старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Нікіціну Андрэю Аляксандравічу за ўсебаковую падтрымку Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Уладзімір Гаўрыловіч. Супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады ў нас даволі трывалае. Так, з 2006 года абласное аддзяленне СПБ праводзіла пры падтрымцы аблвыканкама абласны літаратурны конкурс імя Кірылы Тураўскага. У 2013 г. па нашай ініцыятыве звычайнае творчае спаборніцтва перарасло ў конкурс па штогадовым суісканні ажно шасці абласных літаратурных прэмій. Акрамя фінансавай часткі (прэмію атрымліваюць пераможцы) за 10 гадоў за бюджэтны кошт выдадзена звыш 50 мастацкіх кніг нашых сталых літаратараў і маладых аўтараў.
Супраца шматгранная і ў правядзенні двух фестываляў (Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» сёлета пройдзе ўжо ў 18 раз, звыш паўтысячы славянскіх літаратараў працавалі на пляцоўках форуму; абласны фестываль літаратуры, культуры, народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» ў 2023 г. адзначыць сваё пяцігоддзе), шэрагу творчых конкурсаў і акцый, накіраваных на папулярызацыю кнігі і чытання.
Калі б не было супольнага жадання працаваць на карысць літаратуры і культуры, напрыклад, з Гомельскім, Жыткавіцкім, Добрушскім, Мазырскім, Хойніцкім, Рагачоўскім і іншымі раённымі выканаўчымі камітэтамі, то не было б ні фестывальнага літаратурнага руху на Гомельшчыне, ні творчых свят, ні конкурсаў (іх праведзена за апошнія пяць гадоў звыш 90!) ці юбілейных урачыстасцей класікаў беларускай літаратуры трох Іванаў — Мележа, Шамякіна, Навуменкі — і Андрэя Макаёнка. Ідэі Савета Гомельскага абласнога аддзялення СПБ у асноўным падтрымліваліся і падтрымліваюцца на ўзроўні абласнога выканаўчага камітэта, па-дзяржаўнаму да іх ставіцца старшыня аблвыканкама Іван Крупко, дапамагае ажыццявіць упраўленне ідэалагічнай работы і культуры. Таму падзякаваць уладам ёсць за што. Гэта немалая падтрымка.
Як зараз працуюць бібліятэкі ў рэгіёнах, ці шмат іх засталося? Наколькі актыўна вядзецца супраца бібліятэк з мясцовымі літаратарамі? Увогуле, як вам здаецца, ці шмат зараз чытачоў?
Таццяна Дземідовіч. Супрацоўнікі бібліятэк для нашых пісьменнікаў ва ўсіх рэгіёнах — добрыя сябры і найлепшыя памочнікі, дарадцы. Колькі цікавых праектаў удалося ажыццявіць дзякуючы падтрымцы бібліятэк! Ды і сёння там працуюць людзі крэатыўныя, поўныя творчых ідэй, да якіх цікавых спраў яны нас прыцягваюць! Большая частка мерапрыемстваў так ці інакш у нас праводзіцца сумесна з бібліятэкамі. Прычым сёння бібліятэка не проста дае магчымасць узяць кнігу ў рукі і пайсці з ёй дадому, але дапамагае духоўна расці, знайсці сяброў па інтарэсах, рэалізаваць свае здольнасці. Адно з апошніх мерапрыемстваў мінулага года — падвядзенне вынікаў конкурсу «З любоўю да чытання». Дырэктар дзіцячай бібліятэкі Святлана Івашкова падчас аповеду дзецям пра пісьменнікаў Брэстчыны натхніла іх на стварэнне кніжных закладак. Чытаючы, дзеці стваралі свае сусветы, напоўненыя любоўю да літаратуры, жыцця і нашай багатай спадчыны.
Тамара Краснова-Гусачэнка. У Віцебскай вобласці на сённяшні дзень працуе 395 публічных бібліятэк Міністэрства культуры, яшчэ ёсць школьныя, пры вытворчасцях, установах аховы здароўя. З бібліятэкамі Міністэрства культуры Саюз пісьменнікаў працуе вельмі канструктыўна, сістэмна. На высокім прафесійным узроўні, цікава і патрыятычна праходзяць нашы сумесныя мерапрыемствы, у падрыхтоўцы якіх вядучую і значную ролю іграюць менавіта абазнаныя і нераўнадушныя супрацоўнікі бібліятэк. Колькасць нашых сумесных мерапрыемстваў па вобласці даходзіць да тысячы ў год. Гэта і прэзентацыі, і творчыя вечарыны, і паэтычныя музычныя святы… Аднак бібліятэкі нярэдка атакуюць з мэтай паказаць на дзяржаўных пляцоўках свае кнігі літаратары, якія не маюць адносін ні да Саюза пісьменнікаў, ні ўвогуле да мастацкай літаратуры, ды яшчэ з кнігамі, якія выдадзены нярэдка ў ліквідаваных ужо выдавецтвах альбо ў прыватных, якія не мелі ні прафесійных рэдактараў, ні рэгістрацыйных ліцэнзій кніжнай палаты РБ, а змест гэтых кніг часам увогуле бібліятэцы немагчыма вызначыць і ацаніць… Упэўнена, што ў дапамогу бібліятэкам трэба ўнесці папраўкі ў заканадаўчую базу, больш дакладна вызначыўшы, якія кнігіяны маюць права закупляць, якіх выдавецтваў і якія сустрэчы, якіх пісьменнікаў з чытачамі мэтазгодна праводзіць, якія сустрэчы будуць прыносіць выхаваўчую карысць, несці ў сабе дзяржаўную пазіцыю, а якія — не. Гэта павінна быць канкрэтна прапісана.
Леанід Крыванос. У Мінскай вобласці дастаткова развітая структураваная сетка бібліятэк. На сённяшні дзень гэта каля 430 бібліятэк, сярод якіх больш за 340 знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Канечне, падзеі часу ўплываюць на іх працу: скарачаецца колькасць вясковых жыхароў, ідзе і аптымізацыя бібліятэчнага абслугоўвання. Але трэба адзначыць, што замест стацыянарных бібліятэк, там, дзе яны скарочаны, прыходзіць мабільнае бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва — бібліямабілі. Супрацоўніцтва з гэтымі ўстановамі культуры вобласці вельмі шчыльнае і разнастайнае. Існуе практыка: нас запрашаюць — мы прыязджаем на сустрэчы з кнігалюбамі. І наадварот. Толькі некалькі прыкладаў. У мінулым годзе ў рамках абласнога бібліямарафону «Літаратурны хіт-парад» да Дня бібліятэк у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна прайшла творчая сустрэча чытачоў з празаікам, публіцыстам, галоўным рэдактарам часопіса «Гаспадыня», лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зіновіем Прыгодзічам. Такія ж сустрэчы з іншымі пісьменнікамі адбыліся і ў раёнах.
Згодна плана работы аддзялення ў нас штогод праводзіцца абласная акцыя «Кнігі пісьменнікаў — у бібліятэку чытачам». Некалі, гадоў дзесяць таму, ваш пакорны слуга разам з празаікам Анатолем Смалянкам, які, на жаль, адышоў у вечнасць, ініцыіявалі ідэю правесці такое мерапрыемства і зрабіць яго абавязковым. Цяпер штогод падчас гэтай акцыі мы папаўняем фонды публічных бібліятэк вобласці сваімі новымі выданнямі, у тым ліку перадаём кнігі падчас сустрэч з чытачамі. У 2022 годзе бібліятэчка твораў літаратараў Міншчыны была перададзена Цэнтру беларускай мовы і інавацыйных тэхналогій, які адкрыўся ў сталіцы Таджыкістана — Душанбэ. У час падрыхтоўкі да Свята беларускага пісьменства ў Добрушы для бібіліятэк Гомельшчыны было перададзена каля 20 кніг нашых пісьменнікаў.
У 2023 годзе ў бібліятэках вобласці пачаў рэалізоўвацца творчы праект «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю». Згодна яму, кожная раённая бібліятэка выбрала для сябе беларускага пісьменніка, творчасць якога хацела б папулярызаваць. Вельмі прыемна, што ў гэты пералік увайшлі чатыры літаратары з нашага аддзялення: дзіцячы пісьменнік з Вілейкі Віктар Кажура, паэтэса з Клецка Галіна Нупрэйчык, салігорскі паэт Фёдар Гурыновіч, дзіцячая пісьменніца з Мінскага раёна Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Лічу, гэта можна назваць сур’ёзным прызнаннем творчасці гэтых пісьменнікаў.
А што тычыцца чытачоў, то падлічыць іх сапраўдную колькасць вельмі няпроста, хоць у бібліятэках і вядуцца каталогі. Вядома адно: кнігалюбы былі, ёсць і, спадзяюся, застануцца.
Людміла Кебіч. Бібліятэкі ў раёнах працуюць, хаця паўсюдна ідзе іх скарачэнне. Многія бібліятэкары трымаюць шчыльную сувязь з нашай пісьменніцкай арганізацыяй. Да прыкладу, мы часта бываем у Лідскай раённай бібліятэцы, пры якой працуе літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» (кіраўнік Аляксандр Мацулевіч). Да пандэміі былі жаданымі гасцямі ў Мастоўскай, Шчучынскай, Зэльвенскай, Ваўкавыскай, Воранаўскай, Ашмянскай, Бераставіцкай і іншых раённых бібліятэках. Кожны раз радаваліся, як добра і прафесійна ладзіцца там праца з чытачамі, арганізоўваюцца тэматычныя мерапрыемствы, святы, выставы навінак літаратуры. Дарэчы, амаль усюды ёсць стацыянарныя палічкі з кнігамі гродзенскіх аўтараў.
Аляксандр Казека. На сённяшні день у Магілёўскай вобласці працуе 315 публічных бібліятэк. З іх сельскіх — 256.
Вы ведаеце, я даволі часты госць у бібліятэках: абласной, гарадскіх філіялах, раённых і нават сельскіх бібліятэках. Мне падабаецца, як арганізавана праца нашых бібліятэк. Ладзяцца сустрэчы з літаратарамі — сябрамі нашага Саюза пісьменнікаў. І не толькі. Частыя госці ў бібліятэках — прадстаўнікі літаратурных аб’яднанняў. Самыя актыўныя з іх — гэта «Роднае слова» ў Горках, «Крынічка» ў Касцюковічах, «Літаратар» у Асіповічах, літаб’яднанне «Ветэран» пры Магілёўскім гарвыканкаме і інш. Наконт чытачоў: канечне, хацелася б, каб было як у гады маёй маладосці, але час бяжыць, усё мяняецца… Магу сказаць адно: калі б я не заглядваў у бібліятэку, ці то ў абласную імя У. І. Леніна, ці ў гарадскую імя Карла Маркса, ці ў бібліятэкі-філіялы горада, там заўсёды ў чытальнай зале ёсць наведвальнікі.
У многіх бібліятэках арганізаваны па нашым хадатайніцтве куточкі пісьменнікаў-землякоў — сябраў нашага аддзялення, што вельмі прыемна. Гэтую працу мы прадаўжаем і зараз. Ладзяцца кніжныя выставы, дзе заўсёды прадстаўлены і творы пісьменнікаў нашага аддзялення. Праводзім шэраг планавых, а калі і па-за планавых мерапрыемстваў у бібліятэчных залах і не толькі. Напрыклад, у рамках праграмы крэатыўнага летняга чытання «Вялікія Чытанні, ці Чытаем разам з аўтарам» у філіялах магілёўскіх гарадскіх бібліятэк і на адкрытых пляцоўках горада прайшлі творчыя сустрэчы пісьменнікаў з навучэнцамі ўстаноў адукацыі горада. Найактыўна ўдзельнічалі пісьменнікі аддзялення Жанна Міус, Алена Кісель, Галіна Пярун, Марына Сліўко, Вольга Бялова і Алена Курэк (кандыдат у члены СПБ). Традыцыйныя Пысінскія чытанні заўсёды праходзяць у абласной бібліятэцы. Тут жа ладзяцца юбілейныя творчыя вечарыны нашых пісьменнікаў. У залах абласной бібліятэкі праходзяць асноўныя мерапрыемствы тыдня роднай мовы. Усяго і не пералічыш. Апошнія гады мы каардынуем нашы гадавыя планы. Хачу шчыра падзякаваць дырэктару абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Сарокінай Ілоне Уладзіміраўне за тое, што нашыя пісьменнікі ў яе ўладаннях заўсёды жаданыя госці.
Уладзімір Гаўрыловіч. Мы адсочваем сітуацыю, калі па нейкай прычыне прымаецца рашэнне аб спыненні працы біблітэкі. Калі няма ў вёсцы людзей, ці будзе там бібліятэка? Зразумела, што нагрузку на сябе па абслугоўванні жыхароў маленькай вёскі будзе браць на сябе бібліятэка аграгарадка. Часта бываючы на месцах, хачу заўважыць, што ў такіх бібліятэках пануе лад і парадак. Яны працуюць, і працуюць няблага. Як і ў раёнах, так і ў Гомелі можна прывесці шмат станоўчых прыкладаў супрацоўніцтва і з мясцовымі літаратарамі.
Напрыклад, у Рагачове мала знойдзецца бібліятэк, дзе не пабываў бы і не выступіў празаік і гумарыст Міхась Сліва. У Мазыры добра працуюць з чытачамі Аляксандр Каляда і Наталля Канопліч, наладжана праца з чытачамі праз сістэму бібліятэк і ў Добрушы — шчыруе хораша паэтэса Людміла Яськова, у Гомельскім раёне — празаік Ева Дударга (абедзве ўзначальваюць мясцовыя літаратурныя аб’яднанні, якія з 1 студзеня гэтага года прыняты ў абласное літаратурнае аб’яднанне «Слова» пры Гомельскім абласным аддзяленні СПБ). Кожны з нас не парывае сувязяў з малой радзімай, часта працуем там…
Можа, дзе і скардзяцца на адсутнасць чытачоў, але на Гомельшчыне я такога яшчэ не чуў. Бо жыву і працую з неабыякавымі людзьмі і прафесіяналамі. Яны ж не проста кнігу прапануюць, яны і выставу-імправізацыю арганізуюць, і канферэнцыю. У гарадской бібліятэцы імя А. І. Герцэна, калі не прыйдзеш туды, чародкамі ходзяць дзеці… Тут для іх шматлікія конкурсы: чытацкія, малюнкаў, тэатральныя… У абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна ёсць нават тэатр «Грачы» — спектаклі па творах сучасных аўтараў ставяць самі бібліятэкары. Там жа створана шэраг музейных экспазіцый, у тым ліку і пры нашай падтрымцы, Музей літаратуры Гомельшчыны. У нас шмат і сумесных праектаў. Так, на базе музея праводзім сумесныя заняткі са старшакласнікамі Гомеля, толькі сёлета іх было больш за 30. Разам вучым любіць кнігу, Радзіму, нашу будучыню. Таму і няма скаргаў на адсутнасць чытача. Проста на яго трэба сёння паглядзець з іншага боку, пастарацца зацікавіць…
У рэгіёнах мясцовымі сіламі выдаюцца кнігі. Як гэта адбываецца? Як знаходзяцца спонсары, хто выдае, як распаўсюджваюцца выданні?
Таццяна Дземідовіч. Летась у нашым аддзяленні было выдадзена 13 кніг, пры гэтым 5 з іх — гэта калектыўныя зборнікі і альманахі, адно перавыданне і адзін фотаальбом. Самы маленькі тыраж — 20 экзэмпляраў, у сярэднім — 100. Так, гэта антырэкорд, бо звычайна выдавалася звыш 30 кніг у год.
Але кожны год усё цяжэй знайсці спонсараў на выданне кніг, сабраць заяўкі ў бібліятэках. Кнігі ў асноўным дорым — бібліятэкам, школам, музеям, воінскім часцям. На пачатку года мы ўдзельнічалі ў гарадской акцыі і падарылі кнігі ў бібліятэчку абласной дзіцячай бальніцы.
Тамара Краснова-Гусачэнка. Адказу няма. Таму што спонсараў няма. Залішне складаныя ўмовы справаздач за спонсарскую дапамогу «забілі» ўсіх спонсараў.
Леанід Крыванос. Канечне, тут ёсць як пэўныя дасягненні, так і праблемы. Знешне ўсё больш-менш прыстойна. Напрыклад, у мінулым годзе пісьменнікамі вобласці выдадзены 52 кнігі, агульным накладам 29 652 экзэмпляры. Адбылося 66 прэзентацый выдадзеных твораў. Трэба адзначыць, мы заўважылі вельмі адметныя па змесце і афармленні кнігі, асабліва гэта тычыцца надрукаваных рэспубліканскімі выдаўцамі. Толькі два прыклады. У жніўні 2022 года ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Народная асвета» ў серыі «Школьная энцыклапедыя» пабачыла свет новае навукова-папулярнае выданне «Энцыклапедыя юнага натураліста» накладам 1000 экзэмпляраў. Яе аўтар — дзіцячы пісьменнік, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, педагог з Вілейшчыны Віктар Кажура. Гэтая кніга вартая таго, каб быць вылучанай на Нацыянальную літаратурную прэмію. У гэтым жа выдавецтве ў серыі «Дзецям пра Беларусь» выдадзена прыгожа ілюстраваная кніга вершаў «Мастак-чарадзей» паэтэсы з Заслаўля Святланы Быкавай накладам 800 экзэмпляраў. На наш погляд, з гэтым выданнем можа паспяхова ўдзельнічаць у любым конкурсе на лепшае ілюстраванае афармленне кнігі. Падобныя творы распаўсюджваюцца праз сетку магазінаў «Белкнігі», накіроўваюцца ў бібліятэкі.
Але большасць кніг, якія выдаюцца ў прыватных установах і на мясцовым узроўні, малатыражныя: ад 50 да 99 экзэмпляраў. І распаўсюджванне іх — толькі сярод сваякоў, калег, сяброў ды ў невялікай колькасці аўтарамі перадаюцца ў бібліятэкі. Схема іх з’яўлення вельмі простая: сам — аўтар, сам — рэдактар, сам — фінансавы спонсар, сам — распаўсюджвальнік. Гэта тычыцца і калектыўных зборнікаў апошняга часу.
Каб неяк выправіць сітуацыю, мы прымаем пэўныя меры. У 2023 годзе плануем падрыхтаваць калектыўны зборнік твораў пісьменнікаў аддзялення, прысвечаны 80-годдзю Хатынскай трагедыі. Знайшлі і магчымага спонсара — абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. Таксама ў рамках сумеснага праекта абласнога аддзялення з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь рыхтуем мастацка-дакументальны зборнік навел пра выдатнікаў пагранічнай службы. Аплачваць выданне мае намер заказчык. Спадзяюся, што і тыражы ў гэтых кніг будуць адпаведныя, не такія малыя.
Людміла Кебіч. Адкажу на прыкладзе нашага афіцыйнага друкаванага органа — абласнога літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі». Дапамагае нам яго выдаваць спонсар — СВК «Свіслач», старшыня В. М. Густыр. Кнігі з тэматычнай серыі «Зоркі Гродзенскага спорту» дапамагаюць выдаваць спартыўныя федэрацыі, Нацыянальны алімпійскі камітэт, а наогул, кнігі нашыя аўтары выдаюць як за дзяржаўны кошт — у дзяржаўных выдавецтвах, — так і за свае грошы. Так, за мінулы 2022 год пісьменнікі аддзялення выдалі 38 аўтарскіх кніг. З іх 21 выдадзена за дзяржаўны кошт, 6 — за прэміі, атрыманыя па выніках конкурсаў, і 11 — за ўласныя сродкі. Кнігі, выдадзеныя ў дзяржаўных выдавецтвах, распаўсюджваюцца праз кнігарні, паступаюць у бібліятэкі. Але часта бывае, што аўтар паступова выкупляе свае кнігі сам і распаўсюджвае падчас сустрэч з чытачамі. Як і кнігі, выдадзеныя за ўласны кошт.
Аляксандр Казека. Трэба адзначыць, што ў апошні час ёсць большы запыт цэнтральных выдавецтваў на выданне якаснай літаратуры. Аб гэтым пастаянна нагадвае нам і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч. Напрыклад, дзіцячая пісьменніца Жанна Міус у 2022 годзе выдала ў Мінску тры свае дзіцячыя кнігі. На днях наведаў магазін «Белкніга» і пераканаўся, што ўсе яны ёсць у продажы. І па інфармацыі прадаўцоў, гэтыя кнігі карыстаюцца попытам, што вельмі радуе. У 2022 годзе ў Магілёўскай абласной друкарні імя Спірыдона Собаля пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру выйшла мая кніга «Марыйка» накладам 1000 экзэмпляраў. Большасць кніг закупілі бібліятэкі і школы вобласці. Некаторыя пісьменнікі друкуюць свае кнігі ў Расіі. Кажуць, там больш танна. Але пакуль што большасць друкуецца ў мясцовых друкарнях, некаторыя самастойна знаходзяць спонсараў, а іншыя за свой кошт невялікімі, да 100 экзэмпляраў, накладамі. У асноўным гэтыя кнігі распаўсюджваюцца сярод сяброў, дорацца ў мясцовыя бібліятэкі і ў навучальныя ўстановы падчас творчых сустрэч. Прычыны тут розныя, якія патрэбна аналізаваць і ўлічваць у кожным канкрэтным выпадку. Можна назваць адну з немалаважных прычын: гэта недастатковая абазнанасць нашых узроставых пісьменнікаў у пытаннях кнігавыдання. Тым, хто звяртаецца да нас, стараемся даць дзейсныя парады. Вельмі шмат у гэтым плане, асабліва адносна работы ў інтэрнэт-прасторы, дапамагае пісьменнікам Анатоль Яўгенавіч Матвіенка. Ды вось бяда: шмат хто з пісьменнікаў не валодае гэтым самым інтэрнэтам.
Уладзімір Гаўрыловіч. Кнігі выходзяць розным чынам. Ёсць і спонсарства, яго становіцца, на жаль, усё менш. У асноўным кнігі выдаюць самі аўтары за свае грошы. З 30 кніг членаў аддзялення, што выйшлі ў мінулым годзе, 85 % выдадзены за ўласны кошт. У большасці выпадкаў калегі самі распаўсюджваюць свае кнігі па бібліятэках вобласці…
Ёсць мясцовыя прыватныя выдавецтвы, якія бяруцца надрукаваць аўтарскі твор за свой кошт, у якасці ганарару выдаюць пісьменніку 3—5 кніг бясплатна. Такія выдавецтвы і распаўсюджваюць кнігі, якія выходзяць невялікім накладам 100—200 асобнікаў. Некаторыя аўтары пагаджаюцца на такія ўмовы, бо ім не былі асабліва рады ў выдавецтвах Мінска, а кнігу хочацца мець зараз…
6 кніг у мінулым годзе выдадзены пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама ў рамках абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага. Увесь тыраж размяркоўваецца бясплатна праз бібліятэчную і сістэму адукацыі вобласці, палову яго бясплатна перадаецца і аўтару.
Выбар заўсёды ёсць. Але падкрэслю: выбар ёсць толькі тады, калі твор — якасны.
Ва ўсе часы пісьменнікі, якія хацелі набыць вядомасць, і члены СПБ, і не, лічылі неабходным ведаць, што пішуць калегі па пяры, не толькі тыя, што жывуць побач, але і па ўсёй краіне. Таму яны выпісвалі рэспубліканскую перыёдыку, літаратурна-мастацкія выданні, і не толькі тады, калі іх друкавалі. Сёння, мяркуючы па звестках Белпошты, мы ведаем, што нашы часопісы («Полымя», «Нёман», «Маладосць»), заснавальнікам якіх з’яўляецца СПБ, выпісвае чалавек 10—20 пісьменнікаў, астатняе — бібліятэкі і звычайныя чытачы. А ў СПБ больш за 700 чалавек. Гэта значыць, што ніхто нічога не выпісвае? Як мяркуеце, чаму так адбываецца? Наколькі добра знаёмыя сябры аддзяленняў з рэспубліканскім літаратурным друкам і з літаратурным жыццём іншых абласцей? Ці робіцца што-небудзь у вашым аддзяленні для прапаганды літаратурна-мастацкіх часопісаў?
Таццяна Дземідовіч. Многія прызнаюцца, што хацелі б набываць газету ці часопіс у гандлёвых кропках, бо так у два разы танней, частка пісьменнікаў сістэматычна наведвае бібліятэку, некаторыя выданні хай і са спазненнем, але можна прачытаць у інтэрнэце. Зноў-такі лёгкі доступ да неабходнай інфармацыі знішчае неабходнасць ісці на пошту і рабіць падпіску. Прыкра, што ўжо і ў чытачоў знікае жаданне купляць кнігі. Перыядычна да нас звяртаюцца аматары літаратуры, настаўнікі, кіраўнікі літаратурных гурткоў, просяць даслаць кнігу па электроннай пошце, пераслаць патрэбны артыкул ці твор з дапамогай смартфона.
Дарэчы, сябры Брэсцкага абласнога аддзялення штодзённа ў створанай групе ў «Вайберы» атрымліваюць інфармацыю аб цікавых публікацыях на старонках газет і часопісаў, а два разы на месяц мы выдаём інфармацыйны бюлетэнь «Літагляд», дзе расказваем пра публікацыі пісьменнікаў нашай суполкі.
Мы з цікавасцю назіраем і за творчасцю пісьменнікаў з іншых аддзяленняў, з задавальненнем пераймаем вопыт у вядзенні літаратурных спраў, дзелімся сваімі прапановамі, з задавальненнем далучаемся да агульных праектаў і сапраўды адчуваем сябе часткай вялікай пісьменніцкай сям’і.
У брэсцкім офісе можна пазнаёміцца са зборнікамі, альманахамі, кнігамі, якія падарылі нам нашы калегі з іншых абласцей. Гомельская паэтэса Ганна Атрошчанка даслала нам свой паэтычны зборнік «Пазычце ў сонца дабрыні!» і самыя цёплыя пажаданні перад Новым годам! Вельмі прыемна і радасна было атрымаць такі каштоўны падарунак, успомніць цудоўныя святочныя хвіліны гасціннага Добруша!
Тамара Краснова-Гусачэнка. Асабіста я за свае ўласныя сродкі — пенсію, зарплату — выпісваю для Віцебскага абласнога аддзялення штотыднёвік «ЛіМ», газету «Звязда», часопісы «Нёман», «Наш современник», «Немига литературная новая», «Литературную газету», «Витьбичи», «Витебские вести» і іншыя выданні, на што сыходзіць практычна ўся мая месячная зарплата. Некалькі чалавек — 7—9 , удалося ўгаварыць падпісацца на «Лім», «Нёман» і «Немигу». Прычына — адсутнасць сродкаў. Большая палова пісьменнікаў — пенсіянеры, ёсць непрацуючыя інваліды. Але часопісы і газеты яны чытаюць: бяруць у нас у аддзяленні, у бібліятэках і некаторыя, найбольш актыўныя, выпісваюць усё-такі самі, асабліва «ЛіМ». Акрамя таго, многія пісьменнікі гавораць і пра тое, што далёка не ўсё, што друкуецца ў згаданых часопісах, выклікае інтарэс у пісьменнікаў і ў чытачоў. Канкрэтныя прыклады могуць пакрыўдзіць аўтараў і рэдкалегіі, таму не буду іх называць, да таго ж яны часам і дастаткова суб’ектыўныя.
Леанід Крыванос. На прыкладзе нашага аддзялення сітуацыя наступная. Сярэдні ўзрост пісьменнікаў складае 65 гадоў. Большая частка з іх — пенсіянеры. Іншыя ж жывуць у сельскай мясцовасці, дзе заробкі не вельмі добрыя. Хоць і кажуць, што не толькі «хлебом насущным» жывы чалавек, але... Трэба прызнацца, лічыць сябе членам прафесійнага пісьменніцкага Саюза — ганарова, гэта суполка роднасных душ. Але ў кожнага ёсць і свае матэрыяльныя патрэбы. Ды і даведацца пра стан літаратурнага жыцця ў краіне сёння можна з электронных версій тых жа літаратурных выданняў. Няма магчымасці выпісаць літаратурныя часопісы і газеты за кошт узносаў. Іх не хапае нават на бягучыя канцылярскія расходы. Складана знайсці і прыватных спонсараў. Нейкае выйсце ўсё ж ёсць: штатныя супрацоўнікі аддзялення выпісваюць на арганізацыю за кошт зарплаты паквартальна: адзін — «Полымя», другі — «Нёман», трэці — «Літаратуру і мастацтва». А ці робіцца што-небудзь у аддзяленні для прапаганды літаратурна-мастацкіх часопісаў? Робіцца. Надрукавацца ў іх — прэстыжна, гэта як знак літаратурнай якасці. Пісьменнікі купляюць такія нумары ў рознічным гандлі. На прэзентацыях і падчас аўтограф-сесій дэманструюць часопісы і газеты, у якіх надрукаваны іх творы.
Людміла Кебіч. Нашаму калектыву мы даўно паведамілі: падтрымка літаратурных перыядычных выданняў — абавязак члена СПБ. Але, як нам здавалася, ціснуць на людзей нельга. Быў нейкі перыяд, калі прабіцца на старонкі рэспубліканскіх часопісаў і газет аўтару з рэгіёна было вельмі цяжка. Магчыма, гэты перыяд нанёс шкоду нашым узаемаадносінам. Выхад адзін. Цяпер падпіску на перыядычныя выданні неабходна паставіць у абавязкі кожнага члена СПБ, зрабіць абавязковай. З абавязковымі гарантыямі рэдакцый — нас, рэгіяналаў, там друкаваць.
Мы чакаем таксама большай актыўнасці, мабільнасці і ад рэдакцый сталічных часопісаў і газет. Напрыклад, уласкар Беларускага радыё амаль кожны месяц прыязджае да нас, запісвае інтэрв’ю, збірае актуальную інфармацыю пра наша творчае жыццё, якую выкарыстоўвае ў рэпартажах. Аб карэспандэнтах часопісаў і газет гэтага не скажаш. За апошнія пяць гадоў адбыліся два ці тры кантакты з прадстаўнікамі газеты «Звязда». Прыемна згадваецца візіт да нас у мінулым годзе каманды «ЛіМа» на чале з Аляксеем Чаротам. Як бачыце, не густа. З абласнымі газетамі ў гродзенскіх пісьменнікаў наогул адносіны даволі прахалодныя. Мы стараемся змяніць гэта да лепшага, але пакуль што не вельмі гэта нам удаецца. Больш актыўна і ахвотна друкуюць, між іншым, нашых аўтараў якраз раёнкі, у якіх да сённяшняга часу захаваліся літаратурныя старонкі. Чаго не скажаш пра абласную «Гродзенскую праўду».
Ёсць пытанні і да адукацыі. Калі сучасныя падручнікі па літаратуры будуць змяшчаць апроч класікаў і творы сучасных аўтараў з усіх абласцей Беларусі — можна будзе разважаць пра сістэмнасць і зрухі ў правільным накірунку.
Так, у пісьменніцкай супольнасці існуе даволі вострая праблема: недахоп увагі да творчасці калег. Мы практычна не чытаем адзін аднаго, не ведаем творчасці аўтараў з іншых абласцей. Пераважная большасць калег сканцэнтравана толькі на ўласных творчых справах. Гэта супярэчыць асноўнай ідэі нашай творчай арганізацыі — ідэі саюзнасці. Нельга забываць: у нас не клуб і не салон. У нас Саюз. Неабходна гэтае першае слова ў назве нашай арганізацыі асэнсоўваць як галоўнае. Мяркуючы па сітуацыі, якая склалася, цяпер у ім галоўнае іншае слова — «пісьменнікаў». Таму вельмі карыснымі з’яўляюцца міжрэгіянальныя асабістыя сустрэчы падчас рэспубліканскіх літаратурных форумаў: Мінскай міжнароднай кніжнай выставы, Дня беларускага пісьменства і г. д. Мы рознымі спосабамі стараемся прыцягнуць увагу да творчасці калег. Зрабілі на нашым сайце інтэрнэт-праект «Вобразы», у які, акрамя нашых землякоў, запрашаюцца пісьменнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Выступілі з ініцыятывай агляду раённых літаратурных аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у розных кутках Гродзенскай вобласці, і ладзім так званы рэгіён-фэст. На нашым сайце падрабязна прадстаўлена творчасць кожнага з членаў нашага абласнога аддзялення СПБ, адкрываюцца асабістыя старонкі таленавітых землякоў, сяброў арганізацыі. Мы заклікаем яшчэ больш уважліва ставіцца адзін да аднаго. Ініцыяваная серыя публікацый на тэму «Пісьменнікі пра пісьменнікаў». У гэтым рэчышчы пішуцца і друкуюцца даследчыцкія працы, прысвечаныя творам, кнігам нашых землякоў. Вельмі важна, што ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць аўтары рознага ўзросту. Нашу творчасць даследуюць і сталыя літаратуразнаўцы, і студэнты, і нават школьнікі (пры дапамозе сваіх настаўнікаў). Члены Савета аддзялення, крытыкі рэгулярна аналізуюць творчасць маладых, малавядомых аўтараў, праводзяць кансультацыі. Дзейнічае створаная намі ўнікальная грамадская літаратурная школа, у якой вучацца маладыя пачаткоўцы, адшліфоўваюць майстэрства сталыя людзі, дзеляцца літаратурным вопытам члены СПБ. Стараемся прыцягваць да нашых праектаў, у тым ліку і міжнародных, маладых пісьменнікаў. Добра разумеем, што літаратурны падмурак закладзены нашымі знакамітымі папярэднікамі. Наша задача — прадаўжаць узводзіць на ім храм літаратуры.
Уладзімір Гаўрыловіч. Мы аднойчы зрабілі анкетаванне адносна рэспубліканскай літаратурна-мастацкай перыёдыкі. Вынікі яго такія: большасць з апытаных маіх калег лічаць за гонар пазнаёміцца з новымі творамі сваіх калег, уважліва сочаць за зменамі, якія адбываюцца ў структуры нашых часопісаў. Тым больш, што часопісы, як вядома, жывуць не адзін дзень, як газета. Дык вось, фінансавы стан сённяшніх маіх калег досыць сціплы, з крыху больш шасці дзясяткаў прафесіяналаў амаль пяць пенсіянеры з невялікімі, на жаль, даходамі. Фізічна яны не маюць магчымасці выпісваць усе часопісы. Хаця многія ўсё ж выпісваюць усе і беларускія, і расійскія папулярныя выданні. Але большасць усё ж карыстаецца паслугамі бібліятэк альбо праз некалькі месяцаў адшуквае PDF-варыянты на сайтах выдавецтваў. І гэта добра, бо творцы ўсё ж чытаюць сваіх калег, пра што гавораць на нашых семінарах, абмяркоўваюць лепшыя ўзоры прыгожага пісьменства.
Сёння дзейнасць кожнага аддзялення — навідавоку. Мы ведаем праз розныя носьбіты інфармацыі пра працу калег. У кожнага яна пабудавана па-свойму, але ўсё нацэлена на стварэнне якасных твораў пісьменнікамі і на папулярызацыю кнігі і чытання. І гэта выдатна.
У нас, у Гомелі, ёсць свой сайт, ёсць свой штогадовы абласны альманах «Літаратурная Гомельшчына» (выдадзена 20 кніг) і нават міжнародны альманах «Літара» (выдазена 8 кніг). Пра знакавыя падзеі друкуюць інфармацыйныя паведамленні абласная газета «Гомельская праўда» і раённыя выданні, іх сайты, не цураецца нас «Літаратура і мастацтва», «Культура». Час ад часу ў літчасопісах з’яўляюцца і творы гамяльчан. Гэта становіцца знакавай падзеяй для кожнага з нас. Гэта факт! На ўсіх сустрэчах, нарадах, канферэнцыях папулярызуюцца гэтыя выданні. Безумоўна, звяртаецца ўвага і на тое, што іх сузаснавальнікам з’яўляецца Саюз пісьменнікаў. Канечне, на сваім узроўні мы прыкладаем намаганні, каб пра рэспубліканскія літвыданні больш ведалі ў нас, у рэгіёнах. Аднак не трэба забывацца, што наш арсенал — гэта толькі слова, просьба. Таму на ўзроўні Мінска (што датычыць усіх сузаснавальнікаў) варта дабівацца, каб у кожную, нават вясковую, бібліятэку ў абавязковым парадку выпісваліся і «Полымя», і «Маладосць», і «Нёман». Упэўнены, што яны не будуць там ляжаць мёртвым грузам.
Планы на будучыню. Што цікавае мяркуеце зрабіць?
Таццяна Дземідовіч. Плануем правесці ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу «Духоўная веліч-2022», выдаць «Берасцейскую скарбніцу-5», на 2023 год запланаваны ўзнагароджванне пераможцаў Брэсцкага абласнога літаратурнага конкурсу імя У. Калесніка, другі фестываль «Берасцейскае шматгалоссе», сумесна з Рускім таварыствам плануем правесці традыцыйны Міжнародны фестываль рускай паэзіі «Созвучье слов живых» і першы фестываль дзіцячай кнігі ў рамках штогадовага свята «Бульвар, які чытае». Абяцаем парадаваць аматараў творчасці новымі літаратурнымі конкурсамі, у тым ліку і краязнаўчымі. Спадзяёмся, год будзе насычаны цікавымі сустрэчамі, ідэямі, паездкамі, мерапрыемствамі.
Тамара Краснова-Гусачэнка. Планы ў нас самыя аптымістычныя. Жыць. Радавацца. Працаваць. Не глыбінка мы, а глыбіня, самая сапраўдная, народная, жывая, якая чыстай крыніцай б’е толькі ў нас у самых аддаленых месцах і мясцінках нашай цудоўнай роднай Беларусі.
Але галоўнае для нас усіх, пісьменнікаў, — і тых, якія жывуць у горадзе, у сталіцы, і ў глухім лесе, на хутары, — пісаць так, каб чытач шукаў нашы кнігі і імкнуўся іх прачытаць. Шукаць і знаходзіць чытача, ісці да яго, калі ён не ідзе да нас, — гэта наша найважнейшая цяперашняя задача. І мы гэтага жадаем, ідзём у школы, каледжы, бібліятэкі. Таму, як паказала апытанне, праведзенае ў бібліятэках, больш за трэць ад агульнай колькасці чытачоў на сённяшні дзень на Віцебшчыне — дзеці, падлеткі і моладзь да 15 гадоў. А гэта і радуе, і абнадзейвае.
Леанід Крыванос. Асноўнае — пісаць новыя літаратурныя творы. 2023 год — год 80-годдзя Хатынскай трагедыі. Таму мы са студзеня па сакавік уключна праводзілі на сайце аддзялення адпаведны літаратурны марафон «Да 80-годдзя Хатынскай трагедыі. Званоў перазвон». Па яго выніках мяркуем падрыхтаваць калектыўны зборнік.
У гэтым жа годзе мы абвясцілі сябрам аддзялення пра падрыхтоўку імі літаратурных твораў пра сваякоў, якія пацярпелі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Напрыканцы 2023 года падвядзём вынікі і падрыхтуем да выдання ў 2024 годзе калектыўны зборнік да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы пісьменнікі ўдзельнічаюць у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі і ў школах вобласці на працягу навучальнага года праводзяць ўрокі мужнасці.
У 2023 годзе адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра. Мы праводзім з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесны творчы конкурс «Янка Маўр: вандраванне па зорках». Запланаваны сумесныя творчыя мерапрыемствы і з іншымі літаратурнымі музеямі.
Значная ўвага — да самадзейных аматарскіх літаратурных аб’яднанняў. Іх у вобласці больш за дваццаць. Гэта нашы аднадумцы і ў нейкім сэнсе кадравы патэнцыял. У планах — правесці творчы семінар з кіраўнікамі гэтых літаратурных аб’яднанняў. Шмат і іншага запланавана. Усё яно актуальна і, спадзяюся, пазітыўна паўплывае на літаратурны працэс у рэгіёне.
Людміла Кебіч. Мы плануем застацца вернымі сабе і захаваць сваю індывідуальнасць, непаўторнасць. Бо гэта самае галоўнае для прадстаўніка рэгіёна. Цэласнасці пэўнай з’явы немагчыма дасягнуць без развіцця яе асобных частак. Творчасць сапраўднага пісьменніка-рэгіянала носіць арнаментальны характар. Таму літаратурныя праекты на Гродзеншчыне не маюць аналагаў у іншых месцах краіны. Каб быць цікавымі — чытачам, калегам, самім сабе, — мы нікога не капіруем і не дубліруем. У гэтым наш фірмавы стыль, і яго мы збіраемся і далей прытрымлівацца.
Пастараемся ўдзельнічаць у новых калектыўных зборніках рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Дарэчы, у 2022 годзе ў 14 такіх зборніках надрукаваны 139 твораў пісьменнікаў Гродзеншчыны. Мяркуем браць удзел у знакавых літаратурных мерапрыемствах Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскай вобласці, пашыраць творчыя сувязі з абласнымі арганізацыямі СПБ. Шукаць і расціць маладыя таленты, таму што тэма прытоку моладзі ў калектыў — вельмі вострая. Плануем шчыра папрацаваць на карысць любай краіны і літаратуры ў Год міру і стварэння. І пры гэтым заўсёды заставацца на цудоўнай і любай нёманскай хвалі.
Аляксандр Казека. Разумныя людзі кажуць: хочаш насмяшыць Бога — раскажы пра свае планы. Жартую, канечне, але ж у кожным жарце…
Плануем прадоўжыць нашы праекты «Песня роднай зямлі» і «Прызямліліся канікулы». Хочам пашырыць геаграфію іх прадстаўлення.
Таксама ў гэтым годзе ёсць задумка актывізаваць наша ўзаемадзеянне з памежнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, у першую чаргу з Бранскай і Смаленскай абласцямі.
У Год міру і стварэння будзем сваёй творчасцю прадаўжаць дарыць людзям святло любові, міру, стварэння.
Уладзімір Гаўрыловіч. Пісьменнік павінен пісаць. Ствараць мастацкія творы. На гэта заўсёды скіроўваю ўвагу калег. Гэта першасна.
Мы, маецца на ўвазе Савет абласнога аддзялення СПБ, будзем шукаць розныя захады, каб дапамагчы яго, гэты твор, данесці да чытача. А зараз думаем над канцэптуальнымі зменамі ў правядзенні сёлетніх літаратурных фестываляў на Гомельшчыне. Так, мяркуем арганізаваць у адзін дзень каля дзесяці літаратурных вечарын-прэзентацый беларускіх і рускіх пісьменнікаў, прадставім беларускаму чытачу іх новыя кнігі, а таксама асобнай падзеяй думаем прадставіць сучасную бранскую паэзію і прозу.
Падрыхтавалі Віктар Шніп,
Наталля Казапалянская
Апублікавана ў часопісе "Полымя", №7, 2023