Лістападаўскі нумар “Маладосці” дэманструе разнастайнасць жанраў і тэм. Гістарычная проза прадстаўлена аповесцю Маргарыты Латышкевіч “Цень крыжа на каляінах” (мастацкая біяграфія Яна Баршчэўскага). Нон-фікш – урыўкамі з дзённікавага рамана Віктара Шніпа. Вопыт псіхалагічнага даследавання – навэла Георгія Марчука “Кузьміч”. Разнастайная, цікавая і творчасць дэбютантаў. Свет пачуццяў і жарсцяў, фантасмагорыі і цудаў – у вершаванай нізцы Аксаны Гаджыў. Фантастычнае, глыбока псіхалагічнае эсэ Яны Цэглы “Тварожнае возера” адсылае чытачоў да вечнага багдановічаўскага пытання “Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” (Багдановічу-юбіляру прысвечаны і асобны тэматычны блок часопіса з архіўнымі матэрыяламі, рэцэнзіямі, анкетай). Экзістэнцыйныя пытанні кошту і сэнсу чалавечага жыцця хвалююць маладога празаіка Івана Мелава і паэтэс Алесю Цэван і Кацярыну Мізерыю. Класічна вывераныя, строгія радкі Навума Гальпяровіча таксама заклікаюць да глыбокага восеньскага роздуму над пражытым і будучым. Увага да дэталяў, нюансаў характару чалавека, якога ты ведаеш толькі анлайн – у арыгінальным апавяданні Наталлі Ніканчук “Гульназ”.
Загадка прыцягальнасці творчасці маладога графіка Усевалада Швайбы раскрываецца ў багата ілюстраваным інтэрв’ю з ім у рубрыцы “Мастацтва”. Успаміны Аляксандра Радзькова пра ўласны выкладчыцкі вопыт пераносяць у абаяльны свет маладосці, узаемадапамогі, гумару і прыгод.