Друкаваць

У снежаньскім нумары часопіса "Маладосць" паэзія прадстаўлена эратычнай лірыкай Паўла Міхалькевіча і філасофскімі вершамі Юліі Алейчанкі. Вольга Шпакоўская і Дзмітрый Аўчыннікаў у сваіх эсэ-рэфлексіях падзеляцца ўласнымі гісторыямі кахання. А Кірыл Стаселька ўразіць гратэскам у апавяданні "Развітанне". Гэта свайго роду пародыя на традыцыйную цырымонію пахавання, з жалобаю, памінкамі і малавядомымі шматлікімі родзічамі. Прысутныя ўсур'ёз занятыя сваімі "ролямі" і нават не заўважаюць, што нябожчыка няма...

Апавяданне Таццяны Дземідовіч "Абдыму моцна" пра жаночыя мары, расчараванні, розныя абліччы шчасця і падманаў. Праз паказ лёсу адной жанчыны раскрываюцца характары і перыпетыі жыцця пяці жанчын - прадстаўніц некалькіх пакаленняў.

А ў каляднай "Анкеце" Маладосці" народны мастак Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Аляксандр Радзькоў і журналіст-міжнароднік Інеса Плескачэўская распавядуць, якім стаўся для іх бягучы год і падзеляцца планамі на наступны.