У верасні ў часопісе “Маладосць” будзе апублікавана аповесць Наталлі Ніканчук “Практыка”. Гэта гісторыя знаёмая амаль кожнай дзяўчыне. Пра першае сапраўднае каханне, надзеі, мары і… няспраўджаныя адносіны, абмежаваныя тэрмінам практыкі, калі ўсё скончылася, так і не пачаўшыся, і ты ўсё жыццё думаеш: “Цікава, якім бы быў працяг?..”
У вераснёўскім нумары ўпершыню ў “Маладосці” прагучаць імёны маладой паэткі Аляксандры Жалязновай і пачынаючага празаіка, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў і школьнікаў “БрамаМар” Паліны Корневай. Настраёва-пачуццёвыя вершы Аляксандры і глыбакадумная рэфлексія Паліны – розныя жанры, погляды на жыццё, настрой і тэмы, але такія падобныя чуллівыя душы і аднолькавае жаданне займацца літаратурнай дзейнасцю.
Сярод паэтаў нумара таксама – Вольга Шпакоўская, Таццяна Каленік, Ізяслаў Катляроў.
А ў рубрыцы “(Аб)Меркаванне” гэтым разам пойдзе размова пра шляхі развіцця беларускага верлібра. На гэты конт выкажуцца беларускія паэты і перакладчыкі Міхась Бараноўскі, Марына Варабей, Юлія Алейчанка, Алесь Емяльянаў-Шыловіч.