Чым жа здзівіць красавіцкі нумар “Маладосці”, прымеркаваны да 70-годдзя часопіса? Насамрэч мы стараліся зрабіць яго па-святочнаму асаблівым: адказалі на правакацыйныя пытанні паэта, празаіка, дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алеся Бадака; узялі інтэрв’ю ў Галіны Разанавай – удавы паэта Алеся Разанава; а яшчэ пагаварылі з паэтэсай Раісай Баравіковай пра каханне, зорнае неба ды будучыя кнігі.
Вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Таццяна Кекелева падрыхтавала эксклюзіўны матэрыял – лісты за 1953-1958-я гады супрацоўнікаў часопіса “Маладосць” аўтарам. Перапіску вялі: загадчык аддзела пісьмаў Вера Палтаран, загадчык аддзела паэзіі Мікола Аўрамчык ды загадчык аддзела прозы Іван Навуменка і інш. А вядомы беларускі гісторык Аляксандр Гужалоўскі распавёў пра з’яўленне ў нашай краіне Клуба вясёлых ды знаходлівых. Як праходзілі першыя гульні, хто пісаў тэксты выступленняў і ці магчыма было мінуць цэнзуру.
З красавіка “Маладосць” пачала друкаваць гістарычны раман Зінаіды Дудзюк “Сыны Рарога”. А Уладзімір Мароз, Тамара Мазур ды Алёна Беланожка распавялі, як выходзілі іх кнігі ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”.