У чэрвеньскім нумары часопіса “Маладосць” вядомы беларускі паэт, празаік, перакладчык Навум Гальпяровіч распачаў новы ўласны празаічны цыкл “Горад”. У сваіх “Полацкіх баладах” аўтар са шчымлівай тугой успамінае дзяцінства, сяброў і незабыўную атмасферу шчаслівай пары яго полацкага юнацтва, знаёмства з будучай жонкай і першую працу.
Аўтары-пачаткоўцы Крысціна Лосева і Сокал Аніс распавялі чытачам казачна-светлыя гісторыі пра каханне, сяброўства і прыгоды, якія толькі могуць перажываць маладыя людзі ў іх узросце.
Сярод паэтаў нумара – Кацярына Янчэўская, Ірына Макарчук, Наталля Святлова, Казімір Камейша і Віктар Шніп.
Пятро Жаўняровіч у артыкуле “Дарагой маёй жонцы, сонейку майму яснаму…” сабраў дароўныя надпісы Уладзіміра Караткевіча жонцы Валянціне. Дзе ў шчырых словах пісьменніка найперш чытаецца прыгожая гісторыя кахання.
А вось навукоўцы Наталля Бахановіч і Таццяна Барысюк згадваюць свайго калегу, паэта і перакладчыка Сержа Мінскевіча, якога не стала год таму. У іх лірычных успамінах перад намі паўстае грунтоўны партрэт чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, сем’яніна і сябра.