На факультэце журналістыкі БДУ 25 мая было асабліва людна... І асабліва творча: сюды з’ехаліся з усёй рэспублікі пераможцы літаратурнага конкурсу для студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар». Конкурс у гэтым годзе прайшоў у адзінаццаты раз — ён быў ініцыяваны студэнтамі кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі ў 2010-м годзе. Як сказалі вядучыя вечарыны, студэнты-першакурснікі, дзесяць з лішнім гадоў конкурса — гэта ўжо цэлае маленькае жыццё. За гэты час праект з унутрыфакультэцкага вырас да рэспубліканскага, акрамя студэнтаў, у ім прымаюць удзел школьнікі. Намінацыі самыя розныя — проза, паэзія, крытыка, драматургія... Колькі тых, што перамаглі ў гэтым конкурсе, пасля сталі студэнтамі таго ж журфака, для колькіх з удзелу ў конкурсе пачаўся шлях у літаратуру! Вельмі сімвалічна, што сярод сёлетніх сяброў журы і выкладчыкаў журфака — маладая пісьменніца Надзея Тачыцкая, якая некалькі гадоў таму стала пераможцай конкурса «БрамаМар».

Недарэмна слоган конкурса — «Пачні свой шлях да мары». Адметнасць сёлетняга конкурсу — яго арганізатарамі сталі самі студэнты, а менавіта каманда першакурснікаў. Хаця ёсць і ўвесьчасны куратар — дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Уладзімір Капцаў. А студэнтам добрая практыка: можна не толькі стаць удзельнікам «роднага» конкурса, але напісаць пра яго рэпартаж, зрабіць фотасесію, прыдумаць цікавы відэаролік... Менавіта такія відэаролікі былі паказаныя падчас урачыстай часткі — узнагароджвання лаўрэатаў... А да гэтага лаўрэаты займелі магчымасць пабываць на майстар-класах і творчых сустрэчах сяброў журы, а склад яго традыцыйна прадстаўнічы — дырэктар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ Людміла Саянкова, пісьменніца Людміла Рублеўская ды іншыя. Дарэчы, у гэтым годзе з’явіліся дзве імянныя намінацыі ў памяць колішніх сяброў журы «БрамаМар», выкладчыкаў і вядомых пісьменнікаў Пятра Васючэнкі і Галіны Багданавай. 

Людміла ІВАНОВА

Крыніца: https://zviazda.by

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406