Здадзена ў друк кніга «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Кніга, якая ўпершыню пабачыла свет у 1975 годзе і вытрымала ўжо не адно перавыданне. Няма сумнення, што і сёлетняе будзе не апошнім. Як пішуць яе аўтары ў прадмове, «на старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. I гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся тут, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб расказаць тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна. Сваю задачу мы бачылі ў тым, каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары; утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача — да вас звяртаецца. Дык няхай жа і вам будуць адрасаваны словы, пачутыя на шматпакутнай Асвейшчыне ад жанчыны з вёскі Латыгава Ганны Грабоўскай: «...А што і ў нас такое гора было, як і ў Хатыні, дык ніхто і не ведае. Добра, што вы прыехалі, бо я ж сама... Вось і расказваць не магу — плачу...»