Імя народнага мастака Беларусі Івана Міско вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Нават у космасе. І не дзіўна, бо Іванам Якімавічам створаны дзясяткі скульптурных партрэтаў касманаўтаў усяго свету, сярод якіх і партрэты нашых землякоў — Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага.
1 лістапада ў кнігарні “Светач” адбылася прэзентацыя творчага альбома “Іван Міско”, які нядаўна выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ён напоўнены косамасам і касманаўтамі, а таксама скульптурнымі партрэтамі нашых працавітых землякоў, якія ў свой час шмат зрабілі для Беларусі, каб яна была не проста беларускім краем у цэнтры Еўропы, а краінай Беларусь.
У час прэзентацыі творчага альбома выступілі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Мятліцкі, паэтэса Аліна Легастаева, паэт-песеннік Фёдар Баравой. Іван Якімавіч Міско расказаў пра свой творчы шлях, якому ўжо больш за 60 гадоў, і адказаў на пытанні маладых журналістаў, якія прыйшлі з журфака паслухаць знакамітага скульптара. Прэзентацыю вёў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.