Кнігарня “Спадчына”, якая знаходзіцца ў Маладзечыне, з’яўляецца базавай кнігарняй выдавецтва “Мастацкая літаратура”. На сённяшні дзень на яе паліцах знаходзяцца ў продажы 406 назваў кніг, што выйшлі ў “Мастацкай літаратуры” за апошнія гады.
4 снежня ў кнігарні “Спадчына” адбылася сустрэча галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктара Шніпа з дырэктарам кнігарні Сяргеем Антонавічам Субаткоўскім. Падчас сустрэчы, якая праходзіла каля паліц з кнігамі “Мастацкай літаратуры”, былі абмеркаваны планы супрацоўніцтва на 2020 год. Супрацоўнікамі кнігарні, а таксама пакупнікамі, госцю са сталіцы было зададзена шмат пытанняў, на якія ўсе атрымалі вычарпальныя адказы.
Прэзентацыя кніг выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якая прайшла ў “Спадчыне”, мела свой працяг у СШ №4, што знаходзіцца непадалёку ад кнігарні. Перад старшакласнікамі ў актавай зале выступіў Віктар Шніп. Ён расказаў прысутным пра выданні, адрасаваныя дзецям. Асабліва падрабязна пра серыі “ШБ”, “ПазаКласнае чытанне”, “ЗКБЛ”, “Напісанае застаецца” і “100 вершаў”. Выступоўца звярнуў увагу слухачоў, што кнігі гэтых серый, а таксама ўсё, што выйшла і будзе выходзіць у “Мастацкай літаратуры”, можна набыць у кнігарні “Спадчына”.