Новыя кнігі ў сакавіку

К

Кузьма Чорны. Трэцяе пакаленне. Раман. Серыя «Напісанае застаецца».

***

Калі трэба назваць празаіка найбольш беларускага па мове, быту, створаных характарах, хіба не К. Чорнага мы ўспамінаем перш за ўсё?..

Калі мы сёння гаворым і паўтараем, што К. Чорны надаў новую маштабнасць беларускай прозе, пад гэтым разумеецца не толькі па-бальзакаўску смелы і грандыёзны размах замыслаў і здзяйсненняў К. Чорнага…

 Маштабнасць твораў К. Чорнага не толькі ў іх гістарызме, філасафічнасці, эпічнасці, а яшчэ і ў тым новым пачуцці, з якім беларуская літаратура пачынала ўсё больш смела весці размову «з цэлым светам».

Алесь Адамовіч

radavyja

Аляксей Дудараў. Радавыя. П’есы.

У зборнік увайшлі вядомыя п’есы Аляксея Дударава «Радавыя», «Вечар», «Парог», «Князь Вітаўт».

***

Першая сустрэча з Аляксеем Дударавым зазвычай адбываецца на ўроку беларускай літаратуры, калі справа даходзіць да вывучэння п’есы «Вечар». Сюжэт, які запомніўся яшчэ з восьмага класа: тры адметныя персанажы дажываюць свой век у «неперспектыўнай» беларускай вёсцы. Мудрая, але крыху наіўная Ганна, дзівакаваты, але надзвычай светлы, справядлівы і працавіты Мульцік і скептычны, недаверлівы і глыбока няшчасны Гастрыт утвараюць міні-грамадства, якое паступова развіваецца пад уплывам кожнага з іх.

У п’есе разам з тэатральна-выразнымі характарамі выступае адна з цэнтральных тэм для беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя — пытанне горада і вёскі. У адным з інтэрв’ю, прымеркаваных да юбілею, Аляксей Ануфрыевіч Дудараў адказваў на пытанне пра горад і вёску ў сваім жыцці так: «Дай Бог, каб адчуваць сябе чалавекам, а гарадскім, пасялковым ці вясковым — не істотна. Вёска, і Дубровеншчына, і маё дзяцінства — яно ўнутры».

П’еса — гэта размова пра чалавечыя лёсы, адзіноту і надзею. Калі чытаеш драму ў восьмым класе, падаецца, што характары і светапогляды герояў гіпертрафіраваныя і ўвесь твор размаўляе з чытачом занадта канкрэтна. Але справа толькі ў тым, што напісаны ён не для таго, каб чыталі, а каб глядзелі на сцэне.

Драматург у першую чаргу належыць менавіта тэатру, а не літаратуры, што пацвярджаецца і сучаснымі культурнымі працэсамі. Словы ў п’есе маюць абсалютна іншыя ўласцівасці, чым у прозе або паэзіі.

І менавіта словы прыводзяць Аляксея Дударава да справы яго жыцця. На пытанне «Як вы зразумелі, што вы драматург?» у размове, апублікаванай на партале mocny.by, аўтар адказвае: «Мабыць, калі пачаў чытаць. Мне нецікава было апісальніцтва, цікавілі дыялогі, размовы людзей. Таму што за нашымі словамі часта стаіць больш, значна больш».

Па ўсіх творах Аляксея Дударава заўважна, што цікавіць яго найперш чалавечая асоба ў любых абставінах.

Яшчэ адна п’еса з шэрагу самых вядомых  — «Радавыя». За яе аўтар у 1985 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У цэнтры сюжэта  — унікальныя чалавечыя характары ў абсалютна экстрэмальных умовах — падчас вайны. Перад гледачамі зноў міні-грамадства, у якім па пэўных законах разгортваюцца аўтарскія разважанні пра жыццё і смерць, Бога і любоў. Фармальна п’еса не адпавядае прынцыпам адзінства месца і часу, але месца і час зноў паўстаюць як дэкарацыі, прытым больш для чалавечых думак, чым характараў. У цэнтры гэтага твора — хутчэй псіхалогія розных з’яў.

Сапраўдныя тэмы Дударава заўсёды пра ўнутранае, а не пра знешняе. Таму і сённяшнюю рэчаіснасць аўтар успрымае толькі як праблему, не вартую залішняй увагі: «Была ў мяне размова з адным рэжысёрам. Ён казаў, што трэба сцэнарый пра каранавірус напісаць. Я засмяяўся. Трэба пісаць не пра тое, што адбываецца на вуліцы. Халоднае лета. Што, гэта тэма для твора?»

У 1990-х Аляксей Дудараў звяртаецца да гістарычнай тэматыкі. Аўтар прызнаецца, што гэтая цікаўнасць узнікла не без уплыву тагачаснага пад’ёму нацыянальнага руху. «Нас вучылі, што была грамадзянская вайна, крыўдзілі нашых вялікіх паэтаў пры царызме. Рэвалюцыя, Вялікая Айчынная… Далей нікому нецікава было зазіраць. Калі я пачаў паглыбляцца па-сапраўднаму ў нашу гісторыю, зразумеў, што яна нічым не розніцца ад таго, што апісаў вялікі Шэкспір. Наша Сярэднявечча нічым не адрозніваецца ад Сярэднявечча французскага, нямецкага», — распавядае ён.

Ганна Іванова

p anioly

Вітаўт Чаропка. Паўшыя анёлы. Раман.

Настраёвасць рамана Вітаўта Чаропкі «Паўшыя анёлы» вельмі гарманіруе з меланхалічна-восеньскімі адчуваннямі: галоўны герой, дасягнуўшы сталасці (адзначыў трыццаты дзень нараджэння), перажывае творчы і ўзроставы крызіс. Вабіла мара дасягнуць нябачаных дагэтуль вышынь у мастацтве, раскрыць на палотнах незвычайны сусвет сваёй душы, былі імпэт і натхненне, а засталося пахмелле, жыццёвая неўладкаванасць, адзінота і безграшоўе... Ёсць у творы і элементы сюррэалістычнага, спробы паглыблення ў падсвядомасць. Створаная пісьменнікам рэальнасць не падпарадкоўваецца законам простай абывацельскай логікі, не задумваецца, што магчыма, а што — не, яна існуе, адпавядаючы ўяўленням творцы аб найвышэйшай справядлівасці. Лагічна завершаныя невялікія апавяданні, з якіх складаецца раман, маюць інтрыгоўныя, часам афарыстычныя назвы: «Чорт ведае што, калі не ведаеш што», «Будучыя людзі — гэта яшчэ не людзі», «Аўтар без героя», «Фантомы саміх сябе» ды іншыя. Твор варты таго, каб азнаёміцца з ім: аўтар, як і яго герой, — мастак. Ён распавядае пра тое, што прайшоў на ўласным досведзе.

Яна Будовіч

***

Мастацкі твор можа захапляльна і вобразна расказаць аб мінулым і стварыць яго прывабную карціну. Часта наша ўяўленне аб гістарычных падзеях якраз і грунтуецца на мастацкіх творах. Але аснова любога гістарычнага твора — гэта перш за ўсё навуковае даследаванне гісторыкаў — яны падаюць факты, прыводзяць дакументы, робяць высновы. Некаторыя гістарычныя даследаванні чытаеш, як захапляльны дэтэктыў. Не толькі змяняеш свае старыя погляды на тую ці іншую гістарычную падзею ці асобу, але і па-новаму спрабуеш яе асэнсаваць. Імпануе, калі даследчык думае, аналізуе і праяўляе шырокую эрудыцыю, і тады не залішнімі здаюцца маленькія лірычныя адступленні, удалыя параўнанні і метафары. Думаю, не грэх даволі вольна трактаваць гістарычныя факты ў мастацкім творы. Калі гэтага вымагае раскрыццё вобраза ці сюжэт, дык чаму не? Твор можа толькі выйграць. Успамінаецца вядомы прынцып Аляксандра Дзюма, для якога гісторыя — гэта «цвік», на які ён «вешаў» свае сюжэты. І класічны прыклад: «Вайна і мір» Льва Талстога. Колькі яго дакаралі за недакладнасці, за скажэнне фактаў, а вось пра вайну 1812 года мы якраз і ведаем з яго вялікага твора…

Пісьменнікі лічаць мяне гісторыкам, а гісторыкі — пісьменнікам. Становішча натуральнае, калі працуеш на памежжы розных жанраў. Сам я вызначаю жанр сваіх біяграфічных штудый, як літаратурна-гістарычныя нарысы. Але яны толькі частка маёй творчасці, хай і значная. Проста я лічу, што мой абавязак вярнуць беларусам імёны іх слаўных продкаў, каб іх сузор'е зіхацела над Беларуссю. А ў творчасці мне падабаецца звяртацца да новага, таму захапляўся і постмадэрнізмам, і містыкай, і гісторыяй, і фэнтэзі, і прыгодамі, авантурамі. Усяго патроху, не хочацца паўтарацца і тыражаваць сябе. Калі твая творчасць не для твайго матэрыяльнага забеспячэння, дык мусіць прыносіць духоўную, эстэтычную асалоду.

Вітаўт Чаропка 

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406