Якіх кніг чакае айчынны чытач?

Кніжная справа, як часам складваецца ўражанне, істотна саступае развіццю новых электронных тэхналогій. Ці так гэта? У чым прычыны, што падаюць тыражы кніг? Чаму кнігі на прылаўках кнігарняў досыць дарагія? І ўвогуле, што насамрэч адбываецца ў кнігавыдавецкім свеце? Якімі тэндэнцыямі характарызуецца гэты накірунак на пачатку 2021 года? Якім быў кніжны год для Беларусі ў 2020 годзе?.. У рэчышчы гэтых пытанняў мы і вырашылі пагутарыць з дырэктарам аднаго з найболей вядомых дзяржаўных кніжных выдавецтваў – “Мастацкай літаратуры” Алесем БАДАКОМ.

– Алесь Мікалаевіч, наколькі стратным быў мінулы год для кнігавыдання з-за пандэміі?

– На жаль, пандэмія, якая сур’ёзна ўдарыла па сусветнай эканоміцы, не абышла бокам і кніжны рынак, у тым ліку, зразумела, і беларускі. У 2020 годзе колькасць выпушчаных кніг скарацілася на 14,7%, а тыраж – на 19% у параўнанні з 2019 годам. Для параўнання хачу сказаць, што ў Расіі па выніках 2020 года падзенне па колькасці назваў склала 13,3%, а па тыражы – 19,2%. Такім чынам, гэтыя паказчыкі можна назваць вельмі блізкімі да нашых, і, я думаю, яны таксама будуць мала адрознівацца, калі браць пад увагу кніжны рынак іншых краін. Праўда, калі гаварыць пра выдавецтва “Мастацкая літаратура”, то летась упалі толькі колькасныя паказчыкі -- на 15%, а тыраж вырас на 12%.

– І на чым з тэматычных дзялянак у такім разе зроблены быў акцэнт?

– У першую чаргу тыражы выраслі за кошт класікі. Мы большую ўвагу ўдзялялі перавыданням класікі, ведаючы, што такая літаратура запатрабаваная бібліятэкамі, універсітэтамі, школамі, ды і проста аматарамі якаснай літаратуры. І, я думаю, не памыліліся, бо, скажам, у той жа Расіі тыраж новых выданняў і новых аўтараў скараціўся амаль на чвэрць, што і зразумела: для падобных кніг існуе павышаная рызыка іх выпуску, паколькі чытач значна больш ахвотна рэагуе на ўжо правераныя імёны і назвы.

– На якія яшчэ праблемы ў дачыненні да мінулага года вы звярнулі б асаблівую ўвагу?

–2020 год абвастрыў праблему, якая, у прынцыпе, заўсёды стаяла паміж чытачом і выдаўцом. Чытач хоча кнігу якасную і танную, а выдавец не можа выпусціць кнігу сабе ва ўбытак. Што такое танная кніга? На думку 54% наведвальнікаў маскоўскіх кніжных магазінаў, дарослая кніга павінна каштаваць не больш за 500 рублёў, а 41% лічаць, што дзіцячая кніга не павінна каштаваць больш за 300 рублёў. Зразумела, гэта так званы “паталок”, а нармальная цана, на іх думку, яшчэ ніжэйшая. 500 расійскіх рублёў гэта прыкладна 17,5 беларускіх, 300 расійскіх – 10,5 беларускіх. І можна сказаць, што цэнавыя запыты беларускіх пакупнікоў знаходзяцца прыкладна на тым жа ўзроўні. Аднак трэба прызнаць, што некаторыя нашы кніжныя праекты проста нерэальна ўціснуць у гэтыя цэнавыя рамкі, што значна ўплывае і на тэрміны рэалізацыі кніг, і на магчымасць своечасовых разлікаў з нашымі партнёрамі, у тым ліку, друкарнямі. Разам з тым хачу адзначыць, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы айчыннага кнігавыдання, а таксама дзякуючы выкарыстання  ўнутраных рэзерваў выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў мінулым годзе стала магчымым знізіць сярэднюю цану на кнігу да 16,8 рублёў  (у 2019 годзе сярэдняя цана складала 18,9 рублёў).

– І наколькі гэта выгадна самому выдавецтву?

– Так, пры сярэдняй цане 16,8 рублёў чысты прыбытак выдавецтва ад аднаго экземпляра кнігі складае ўсяго 1,5 рублёў: гэта, мякка кажучы, не самыя вялікія грошы, якія можна ўкласці ў рэкламу і ўвогуле ў “мадэрнізацыю” свайго жыцця.

– “Мастацкая літаратура” заўжды вызначалася асаблівай увагай да рэкламы кнігі праз прэзентацыі, аўтограф-сесіі…

– На жаль, пандэмія звяла да мінімуму традыцыйныя для выдавецтва мерапрыемствы і акцыі, якія, сапраўды,  заўсёды ігралі вялікую ролю ў кніжнай рэалізацыі: гэта выступленні ў бібліятэках, у школьныхі студэнцкіх аўдыторыях, аўтограф-сесіі, прэзентацыі і г. д. І ўвогуле, каранцін унёс значныя папраўкі ў выдавецкую дзейнасць, змяніў падыходы да фарміравання асартыментнага партфеля выдавецтва, прымусіў шукаць новыя бізнес-мадэлі, актывізаваць унутраныя рэсурсы і сваю прысутнасць у Інтэрнэце, у тым ліку паскорыўшы працэсы кніжнай айланізацыі.

Так, напрыклад, даволі шырокі розгалас атрымаў леташні сумесны праект выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Белкнігі “Сустрэчы з Караткевічам”, які быў рэалізаваны ў кніжным магазіне “Светач”, дзе праходзілі запісы сустрэч з вядомымі творчымі асобамі, хто бліска ведаў Караткевіча. Гэтая сустрэчы выкладваліся на юцюбе, такім чынам колькасць тых, хто іх праглядзеў, аказалася значна большай, чым калі б такія сустрэчы праходзілі ў офлайн-фармаце.

– Як мне падаецца, пандэмія не дужа і “сапсавала” юбілей Караткевіча… Выходзілі перавыданні яго твораў. ”Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла персанальную энцыклапедыю “Уладзімір Караткевіч”. Ваша выдавецтва працягнула выданне 25-томнага Збору твораў класіка…

– Сапраўды, менавіта юбілей Караткевіча прадэманстраваў, што папяровая кніга не страціла сваёй прыцягальнасці. Каб не паглыбляцца ў праблему электронных і папяровых кніг, скажу толькі, што летась доля масквічоў, якія чыталі электронныя кнігі, склала 13,2%, а пік прыйшоўся на 2015  год, калі доля аматараў электронных кніг складала 29,3%. На жаль, мне не даводзілася сустракаць апытанні, якія тычацца беларускіх чытачоў, але няма сумнення, што яны павінны праводзіцца. Дык вось летась Караткевіч стаў бадай самым запатрабаваным сярод чытачоў беларускім пісьменнікам. Прычым, фактычна ўсе дзяржаўныя і многія прыватныя выдавецтвы выдалі за год хаця б адну яго кнігу, а некаторыя і некалькі.

А сёлета мы бачым усплёск цікавасці да творчасці Мележа і Шамякіна, чые 100-гадовыяч юбілеі толькі што адзначылі, таму папяровую кнігу хаваць рана. Але пры гэтым яна павінна адпавядаць часу: быць цікавай, арыгінальнай зместам і афармленнем.

– Адным словам, патрэбны самыя розныя ініцыятывы…

– Сёння вялікая адказнасць у рэалізацыі кніг кладзецца і на аўтараў. Напісаць добры твор мала, яго трэба данесці да чытача, гэта значыць, прадаць. У гэтым плане мне падаецца вельмі актуальным і своечасовым конкурс “Літап”, арганізаваны летась Міністэрствам інфармацыі. Асаблівасць яго заключалася ў тым, што ад удзельнікаў конкурсу патрабавалася не толькі даслаць свой рукапіс, але пасля – у рамках мінскай міжнароднай выставы – прэзентаваць яго, даказаць на публіцы яго вартасць. Конкурс несумненна адбыўся: у ім прыняло ўдзел больш за сто чалавек, з якіх 16 сталі фіналістамі. І многія фіналісты-дэбютанты вельмі дастойна трымаліся перад мікрафонам, так што, мне здаецца, мы, выдаўцы, часам перабольшваем, калі кажам, што ведаем не толькі ўсіх цяперашніх цікавых беларускіх аўтараў, але і ледзь не заўтрашніх.

– Алесь Мікалаевіч, апошнім часам згадваецца і ваша, “Мастацкай літаратуры”,  новая ініцыятыва – маю на ўвазе ідэю, звязаную з выданнем літаратурна-мастацкіх часопісаў у рамках працы кніжнага выдавецтва…

– Гаворачы пра аптымізацыю выдавецкай дзейнасці і далучэнне часопісаў да выдавецтва “Мастацкая літаратура”, то спадзяюся, што ў выніку гэтага ў “Мастацкай літаратуры” з’явяцца дадатковыя магчымасці ўплываць на літаратурны працэс і большую ўвагу звяртаць на менавіта сучасную беларускую літаратуру.

А ўвогуле, наша жаданне і надалей быць не столькі канкурэнтамі – з Выдавецкім домам “Звязда”, з выдавецтвамі “Беларусь” і ”Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, якія робяць неверагодна шмат для развіцця беларускага кнігавыдання і беларускай літаратуры, -- быць не столькі канкурэнтамі, як партнёрамі, таварышамі і сябрамі, працуючы на карысць Беларусі. Таму што ў нас адны задачы і адна Беларусь.

Гутарыў Мікола Берлеж,

газета “Звязда”, №48 (29417), 16.03. 2021

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406