Новыя кнігі ў красавіку

пах летніх траў

Пах летніх траў. 25 апавяданняў пра Бацькаўшчыну

Тэма Бацькаўшчыны займае асаблівае месца ў беларускай літаратуры. «Усе мы з хат» – так трапна калісьці назваў адну са сваіх аповесцей Янка Сіпакоў, як бы гаворачы і ад імя многіх айчынных пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў вёсцы, сталі гарадлжанамі, а пасля напісалі пра свае родныя мясціны цудоўныя, часам крыху шчымлівыя, але заўсёды прасветленыя шчырай любоўю, творы.

У зборнік увайшлі апавяданні Янкі Брыля, Івана Пташнікава, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка, Алеся Жука, Барыса Сачанкі і іншых вядомых празаікаў.

bahdanovich2021

Максім Багдановіч. Выбраныя творы

Кожнаму творцу наканаваны і сваё  месца, і свой час у літаратуры. Можна бясконца разважаць пра тое, колькі яшчэ выдатных твораў напісаў бы Максім Багдановіч, калі б, хворы на сухоты, не пакінуў гэты свет у 25-гадовым узросце, паспеўшы выдаць толькі адзін свій паэтычны зборнік — «Вянок», але, як вядома, гісторыя не церпіць умоўнага ладу. З аднаго боку, талент паэта імкліва развіваўся, узбагачаючы беларускую літаратуру ўсё новымі шэдэўрамі, з іншага боку, амаль неўзабаве пасля таго, як у 1927 — 1928 гадах выйшаў акадэмічны Збор твораў Багдановіча ў двух тамах, прымеркаваны да 10-х угодкаў яго смерці, імя паэта на некалькі дзесяцігоддзяў, да канца 50-х, апынулася на перыферыі айчыннага літаратуразнаўства. Больш за тое, тагачасная вульгарызатарская крытыка імкнулася ўсяляк прынізіць значэнне творчасці Багдановіча, якая, на іх думку, аказалася не сугучнай новаму часу. Менавіта так і заявіў М. Байкоў у рэцэнзіі на першы том Збору твораў: «Яго творчасць непасрэднай цікавасці з погляду сучаснасці не выяўляе». Не менш агрэсіўна да спадчыны паэта былі настроены Л. Бэндэ, А. Кучар, Я. Бранштэйн, ставячы яму ў віну самае страшнае, у чым можна было абвінаваціць у 30-я: «Творчасць Багдановіча пры ўсёй сваёй ідэёвай убогасці… служыла сродкам класавага змагання буржуазіі супраць пралетарыяту». Як бы падобныя ацэнкі-нападкі паўплывалі на далейшую літаратурную працу жывога Багдановіча, адказаць цяжка і нават немагчыма. Як немагчыма адказаць, як бы яны паўплывалі і на яго далейшы лёс.

Дзеля справядлівасці неабходна заўважыць, што і ў той час, асабліва  ў  20-я і пачынаючы з канца 30-х гадоў, некаторыя аўтары давалі высокія ацэнкі творчасці паэта. Напрыклад, у 1927 годзе А. Бабарэка ў сваіх крытычных артыкулах выступіў катэгарычна супраць ярлыка «паэт чыстай красы» ў дачыненні да Багдановіча, і характарызаваў яго творчаць як «нацыянальная класічная паэзія», а ў 1939 годзе Яўген Мазалькоў надрукаваў у маскоўскай «Литературной газете» артыкул пра Багдановіча, які назваў «Замечательный белорусский поэт».  Варта дадаць, што з канца 30-х вярнулася ўвага да творчай спадчыны Багдановіча і з боку выдавецтваў. Так, выбраныя творы паэта выходзілі ў 1940, 1946, 1952 і 1957 гадах у Мінску, а ў 1953 годзе — у Маскве ў перакладзе на рускую мову.

А ўвогуле, на жаль, і ў пару існавання «старога свету», на які прыйшлося кароткае жыццё Багдановіча, не ўсе калегі разгледзелі за яго вершамі будучага класіка айчыннай літаратуры, чыё ідэйна-мастацкае светабачанне выклікала ў іх пэўнае непрыняцце. Так, калі першыя творы Багдановіча (апавяданне «Музы́ка», вершы «Над магілай», «Прыйдзе вясна», «На чужыне») у рэдакцыі газеты «Наша ніва» не выклікалі ніякіх пытанняў і былі неўзабаве надрукаваныя, то пазней дасланы ім сшытачак новых вершаў, у якіх ужо больш ярка вымалёўвалася мастакоўская самабытнасць аўтара, атрымаў суровую рэзалюцыю, выведзеную рукою выдаўцом і рэдактарам газеты А. Уласава: «у архіў». Найбольш катэгарычна супраць публікацыі новых вершаў паэта выступалі Альберт Паўловіч і Ядвігін Ш., якія называлі іх «дэкадэншчынай». Такі ж лёс чакаў і наступны дасланы Багдановічам у «Нашу ніву» вершаваны сшытачак. Канешне, можна растлумачыць і нават апраўдаць стаўненне А. Паўловіча і Ядвігіна Ш. да твораў паэта тым, што газета была разлічана найперш на сялянскую аўдыторыю, а тое, што дасылаў Багдановіч (паэзія «чыстай красы»), уяўлялася ім далёкім ад запатрабаванняў простага народа і нават незразумелым яму. Але, разам з тым, як было не ўбачыць незвычайны паэтычны талент аўтара і не падтрымаць яго хоць бы таму, што на той час «Наша ніва» з’яўлялася ці не адзінай газетай, дзе можна было друкаваць беларускамоўныя вершы. І цяжка нават уявіць, як бы далей складваўся творчы лёс Багдановіча, калі б яго адпраўленыя «ў архіў» вершы не трапілі на вочы крытыку і публіцысту Сяргею Палуяну, які напачатку лета 1909 года на кароткі час стаў супрацоўнікам «Нашай нівы». Палуян быў у захапленні ад вершаў паэта і пераканаў рэдакцыю, што яны павінны быць надрукаваныя.

Новае і непрадузятае асэнсаванне творчасці Багдановіча і яго ролі  ў гісторыі беларускай літаратуры пачалося ў 60-я гады. У той час адным з першых ўсебаковы разгляд творчай спадчыны паэта зрабіў Алег Лойка ў сваёй грунтоўнай манаграфіі «Максім Багдановіч». Тады ж з’явілася і знакамітае эсэ (пазней яго сталі называць аповесць-эсэ) Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча», у якім аўтар сказаў тое, што сёння, бадай, ні ў кога не выклікае пярэчання, але тады не ўспрымалася яшчэ  так адназначна:

«Багдановіча неяк заўсёды хацелі паставіць як бы збоч літаратуры і яе цэнтральнай плыні, а вось гэта і было памылкай, толькі не Багдановічавай, вядома. Больш цэнтральнай фігуры, чым Багдановіч, у нас не было. Па шырыні непасрэдна-творчага асваення нацыянальнай рэчаіснасці ён можа і ўступае, напрыклад, Купалу, але чым замяніць нам тое, што зрабіў Багдановіч як крытык і тэарэтык літаратуры, як эксперыментатар і перакладчык, наогул як асветнік у самым высакародным значэнні гэтага слова? Ды нават і зробленае Купалам і Коласам, як паэтамі, не вызначалася б так сёння ў сваіх контурах і межах, каб побач з імі не было Багдановіча з яго здольнасцю адною рысаю пазначыць і назваць тое, што ў іншых разрасталася ў цыклы і паэмы… Багдановіч, як ніхто, умеў «закрываць» адны тэмы і адкрываць другія. Ягоны заўсёдны лаканізм, ягоная здольнасць бачыць з’яву цалкам, у мастацкай і сацыяльнай перспектыве — вялікая заваёва нашай літаратуры і Багдановічаў запавет ёй.

Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету».

Сучасным літаратуразнаўствам шмат зроблена для таго, каб імя Багдановіча не стаяла «збоч літаратуры» і зіхацела найярчэйшай зоркай на небасхіле айчыннай паэзіі. 

А што  ж звычайны чытач, які свае густы не фарміруе ў залежнасці ад заключэнняў крытыкаў і літаратуразнаўцаў, а давярае найперш уласным пачуццям? Не будзе перабольшаннем сказаць, што Максім Багдановіч – адзін з самых любімых беларусамі нацыянальных паэтаў. Ускосна пра гэта сведчыць і апытанне, праведзенае выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў рамках акцыі «Народная бібліятэка», сутнасць якога заключалася ў тым, каб паспрабаваць вызначыць, якія творы паэта карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод сучасных чытачоў. Чаму, як нам здаецца, вынікі апытання толькі лішні раз пацвердзілі любоў беларусаў да Багдановіча? Па-першае, у ім ахвотна пагаджаліся ўдзельнічаць людзі самых розных прафесій, а не толькі філолагі альбо пісьменнікі, для каго літаратура — хутчэй праца, чым адпачынак. Па-другое, і гэта самае галоўнае, адказы ахапілі пераважную большасць твораў з літаратурнай спадчыны Багдановіча, а не абмяжаваліся ў асноўным школьнай праграмай, як гэта часта бывае. Многія ўдзельнікі апытання называлі не канкрэтныя творы, а зборнік «Вянок», што само па сабе таксама сімптаматычна і толькі пацвярджае словы Тамары Чабан, якая некалі сказала пра яго ў артыкуле «Космас «Вянка» наступнае: «Вянок» — адна з нешматлікіх кніг у сусветнай літаратуры, якая, пазбегнуўшы тлення, з поўным правам можа насіць найменне «кніга паэзіі», уражваючы ўсё новыя пакаленні чытачоў цэласнасцю аўтарскай асобы, шматграннасцю адлюстравання быцця, універсальнасцю паэтычнай ідэі. I гэта невыпадкова: яна не проста складалася, падборам і расстаноўкай напісаных ужо твораў будавалася як кніга, з першых вершаў яна вырастала як кніга».

Вынікі апытання засведчылі, што сярод сваіх самых любімых твораў Багдановіча рэспандэнты часцей за ўсё называлі  яго «Раманс», які, пакладзены на музыку Сымонам Рак-Міхайлоўскім, стаў знакамітай  песняй «Зорка Венера», сучаснаму слухачу найперш вядомай у выкананні ансамбляў «Песняры» і «Сябры». На жаль, год напісання верша невядомы (упершыню ён быў надрукаваныў ў зборніку «Вянок»), як дакладна невядома і тое, каму прысвечаны гэтыя шчымлівыя радкі. Многія даследчыкі творчасці Багдановіча лічаць, што адрасат — Ганна Рафаілаўна Какуева, з якой паэт пазнаёміўся падчас вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, дзе разам з ім вучыўся яе брат Мікалай. Ганне Какуевай Багдановіч прысвяціў у «Вянку» раздзел «Мадонны», пазначыўшы яе імя крыптонімам «А. Р. К», а таксама іншыя творы — лішняе сведчанне таго, што пачуцці паэта да яе былі вельмі шчырыя і глыбокія. Вось толькі каханне маладога паэта не стала ўзаемным: Ганна неўзабаве паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю, а ў 1914 годзе выйшла замуж за Максімавага аднакласніка па гімназіі Івана Лілеева.

Цяжка сказаць, чаму паэт у «Вянку» ніяк не абазначыў, каму прысвечаны яго «Раманс». Як цяжка адказаць і на пытанне, чаму ў 1917 годе, знаходзячыся ў Ялце, апошнім сваім зямным прытулку, Максім Багдановіч у ліку пятнаццаці вершаў, змешчаных у «Вянку», перакрэсліў алоўкам і гэты шэдэўр. Здавалася б, адказ можна знайсці ў адным з лістоў Багдановіча да пісьменніцы Ванды Лявіцкай, у якім ён пісаў, што ў зборніку процьма недахопаў. І ўсё ж…

Максіму Багдановічу былі наканаваны і сваё  месца, і свой час у літаратуры. Ён прыйшоў, каб дадаць айчыннаму прыгожаму пісьменству еўрапейскага гучання, даказаць, што па-беларуску можна пісаць цудоўныя  вершы, выкарыстоўваючы шырока вядомыя ў замежнай паэзіі формы: трыялет, рандо, актава, тэрцына… Каб прадэманстраваць чытачу яркія ўзоры грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай, інтымнай лірыкі ды паэтычна пераасэнсаваць беларускую міфалогію. Максім Танк неяк сказаў, што Багдановіч адразу пісаў выбранае. Сказаў, можа, і залішне прыгожа, хоць часам здаецца, за гэтай прыгажосцю хаваецца горкі сум: аўтар «Зоркі Венеры» ведаў, што лёсам яму адпушчана вельмі мала часу на гэтым свеце, таму ён не мае права на доўгае літаратурнае вучнёўства. Як не будзе пасля мець і магчымасці з вышыні гадоў паглядзень на створанае ім, каб нешта перапісаць альбо паправіць.

Калі ў Беларусі было заснавана ганаровае званне “Народны паэт Беларусі”, як бы само сабой разумелася, што прысвойваецца яно толькі жывым творцам, таму Багдановіч не мог трапіць у шэраг яго ўладальнікаў. Але для беларусаў ён быў і застаецца сапраўды народным паэтам.

ignatenko2021

Наталья Игнатенко, Александр Радьков. Маленькие истории большой семьи. “Серия “Зеркало судьбы”

В каждой семье, где рады не только родным, но и гостям, во время дружеских посиделок вспоминаются различные истории. Среди них есть такие, что рассказываются неоднократно. Чем шире круг друзей и география их перемещений, тем больше поводов для долгих разговоров, для очень редкого, по теперешним временам, живого общения.

Именно такие истории нашей семьи попросились в эту книгу. Семья разрастается, а эти рассказы хочется сохранить и для свежих ростков семейного дерева, и для новых друзей. Ни один сюжет не вымышлен. Все события - реальные. Эти истории – и о семье, и о друзьях, и о том, что нас удивило.

Два взгляда – женский и мужской, художественный и строгий, дочери и отца – побудили много споров во время написания этой книги. Возможно, после выхода наших историй в свет дискуссий будет ещё больше, но вера в то, что эти рассказы смогут объединять людей разных поколений, взглядов, позиций, сильно укрепляет необходимость в их издании.

Наталья Игнатенко

Александр Радьков

 10pyt

10 пытанняў пра беларусаў. Серыя «100 пытанняў пра Беларусь»

Якія старажытныя плямёны насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі? Чаму нашых продкаў сталі называць беларусамі? Калі ўзнікла беларуская мова і чаму мы называем яе роднай? Ці праўда, што даўней багатыя бацькі на нейкі час аддавалі сваіх дзяцей у бедныя сем’і? Як апраналіся нашы продкі і з чаго шылі сабе адзенне?

На гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці адказы ў кнізе, якой адкрываецца серыя «100 пытанняў пра Беларусь».

 

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406