Казкі – на кожны дзень

Друкаваць

“Мастацкая літаратура” працягвае выданне ўнікальнага казачнага 12-томніка – “Дванаццаць месяцаў”. Пабачыла свет чацвёртая кніга – казкі, якія выдаўцы раяць прачытаць у красавіку.

Адкрываецца зборнік беларускай народнай казкай “Піліпка-сынок” у апрацоўцы Алеся Якімовіча. Наступнае знаёмства – казка Паўла Місько “Сарока і дзяцел”. Казачны каляндар 3 красавіка адзначаны рускай народнай казкай “Мядзведзь і тры сястры” ў апрацоўцы Аляксея Талстога. Затым – беларуская народная казка “Як курачка пеўніка ратавала” ў апрацоўцы Алеся Якімовіча.

Народныя казкі дапаўняюць у красавіцкім выпуску празаічныя і паэтычныя творы Змітрака Бядулі, Алеся Якімовіча, Яраслава Пархуты, Максіма Танка, Авяр’яна Дзеружынскага, Братоў Грым, Карнея Чукоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Дзмітрыя Маміна-Сібірака, Льва Талстога, Раісы Баравіковай, Пятра Рунца.

І, канешне ж, сваю выхаваўчую, адукацыйную справу робяць ілюстрацыі, якімі выдаўцы ўпрыгожылі чацвёрты том. “Казка пра Казявачку” Дз. Маміна-Сібірака пададзена з ілюстрацыямі Анатоля Мікалаевіча Тычыны (1897 – 1986), якія выкананы былі ў 1959 годзе. “Лісіцу-хітрыцу” дапаўняюць цікавыя графічныя работы Юрыя Алісевіча (выкананы ў 1996 годзе). А Вячаслаў Валынец  сваімі малюнкамі “каментуе” казку Хлопчык-з-пазногцік” Братоў Грым (ілюстрацыі зроблены ў 1992 годзе).

Застаецца нагадаць, што ўкладальнікам кнігі выступае Алесь Бадак, а дызайнерам кнігі з’яўляецца Насця Капульцэвіч.

Мікола Берлеж