Родныя паэтычныя вобразы

Друкаваць

“Мастацкая літаратура” ў серыі “Школьная бібліятэка” выпусціла ў свет накладам 27 000 экзэмпляраў (!) зборнік паэтычных твораў “І сэрцам, і думамі”. 

Пад адной вокладкай кнігі, выпуск якой ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, сабраны тыя паэтычныя творы, якія рэкамендаваны для вывучэння ў IX класе агульнаадукацыйнай школы: “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага (пераклад з лацінскай мовы Уладзіміра Шатона), “Свіцязянка” Адама Міцкевіча (пераклад з польскай мовы Аляксея Зарыцкага), “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына, вершы Францішка Багушэвіча, паэма “Бандароўна” і вершы Янкі Купалы, паэма “Новая зямля” і вершы Якуба Коласа, вершы Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц. Укладальнікам кнігі выступіла вядомая пісьменніца, перакладчыца і вопытны выдавецкі рэдактар Аксана Спрынчан. 

Падбор паэтычных адкрыццяў настолькі цікавы, грунтоўны, настолькі важкі, што неўпрыкмет цягне ўзгадаць кожны твор, перачытаць літаральна ўсе паэтычныя радкі, і нават у тым выпадку, калі і вывучаў у школе беларускую літаратуру. Дзяржаўная праграма “Школьная бібліятэка”, у якой за гады існавання серыі болей як за паўвека рэалізаваны праекты па выданню сотняў кніг мастацкай літаратуры, разлічана на папаўненне бібліятэк агульнаадукацыйных школ. Але можна смела параіць выдавецтву “Мастацкая літаратура” выпусціць том “І сэрцам, і думамі” з разлікамі на кніжны гандаль, на папаўненне бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры краіны. У кнізе – роднае беларускае слова, родныя вобразы і сімвалы, родныя краскі, само жыццё народа Беларусі ў паэтычным выяўленні геніяльных майстроў, геніяльных мастакоў. 

Нагадаем для гісторыі: адмысловая серыя “Школьная бібліятэка” існуе з 1955 года. Атрымліваецца, што сёлета – 55-гадовы юбілей гэтага ўнікальнага праекта, якія праз увесь час свайго існавання падтрымліваўся і падтрымліваецца дзяржавай. 

Сяргей Шычко