Як перакласці шэпт дажджу і запаволіць чытанне

 Алесь Разанаў. Маланка жне, гром малоціць. Вершаказы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

razanau

«Рэчка — рух, возера — спакой, рэчка — у спрэчцы, возера — у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка — у сустрэчах і расстаннях, возера — у сябе дома...»

Паэт Алесь Разанаў нанізвае вобразы, як пацеркі, на нітку эпасу, на прамень філасофскага сэнсу, які апынецца ў сарцавіне тэксту і з'яднае і фрагменты кожнага твору, і ўсе творы зборніка ў адно цэлае.

Шлях атаясамлівання, як і належыць: у кроплі — акіян, у побытавай рэчы — сусвет... Паэт па-ранейшаму перакладае шэпт дажджу і стварае глабальнае, універсальнае ў беларускіх каардынатах. Кніга «Маланка жне, гром малоціць» сабрала вершаказы розных часоў — гэта адна з прыдуманых Алесем Разанавым формаў, а былі яшчэ, нагадаю, версэты, квантэмы, зномы, пункціры.

«Галоўная дзеючая асоба ў вершаказах — само, зродненае з рэччу ці з'явай, слова. Яно вымаўляе сябе, выяўляе і вымалёўваецца ў карціну» — тлумачыцца ў прадмове. Дзеючыя асобы вершаказаў — дуб, каса, горад, пчала, дзверы, дым, крыга, смага, воўк, хлеб, грошы, сякера, ліхтар, кішэня... Паўтары сотні словаў, агульным для якіх з'яўляецца толькі тое, што яны змаглі даць штуршок фантазіі і мыслярству паэта, хоць Разанаў — не першы, хто спрабуе пранікнуць у абалонку слова, як фізік — у атам, каб пабачыць бездань, што жыве па сваіх законах.

Часам, каб дэструктураваць слова, максімальна дастаць з яго сэнсы, аўтар бярэ аналогіі з іншых моў.

«Лацінскае sol — квінтэсенцыя свету, соль рэчаіснасці.

Нямецкае Sonne знае сэнс (Sіnn) усіх з'яў; яно ззяе, як звон, і, як звон сваю звонкасць выпраменьвае сваё ззянне, свой «зной», на ўсе зоны прасторы.

Стараславянскае слънце сланяецца ад небасхілу да небасхілу: у ім тая няспешнасць, тая ленасць, якая дазваляе ўсім істотам адчуваць сябе далучанымі да лона вечнасці...

Беларускае сонца — бясконцы сон, які абяцае, што некалі ён увасобіцца ў яву».

Да тэксту, што кідае выклік інтэлекту чытача, далучаецца адпаведнае афармленне. Мастачка Кацярына Дасько зрабіла лаканічную графіку, у якой таксама хаваюцца вобразы і сімвалы ў той колькасці, у якой іх зможа вылучыць уважлівы чытач.

І калі ў каго ёсць сумневы, што беларуская літаратура — паўнавартасная частка еўрапейскай, яму варта звярнуцца да паэзіі Алеся Разанава. А знаўца проста атрымае асалоду, апынуўшыся ўнутры выкшталцонай «гульні ў шкляныя перлы». Таму што свет не будзе ранейшы, калі заўважыць, што дзверы адгукаюцца таму, хто стукаецца, яго ж стукам, што калі чалавек спыняецца — ён камянее, а камень, у сваю чаргу, пераймае чалавечую іпастась: на ім пішуцца імя і лічбы, а ў чоўна ёсць вочы, раскіданыя па ўсёй паверхні яго цела.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

“Звязда”, 10.12.2020

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406