Тонка адчуваць прыроду

Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

Лесная история 25 апавяданняў

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» сёлета пабачыла свет кніга «Лясная гісторыя». Яна, быццам гронка спелай рабіны, складаецца з 25 сакавітых апавяданняў аб прыродзе, напісаных вядомымі беларускімі пісьменнікамі.

Нізка апавяданняў пачынаецца з твора Вячаслава Адамчыка «Сцежка на расходніку». Пісьменнік быццам за руку вядзе чытача па сваіх родных сцяжынах і паступова знаёміць яго з героямі, жыхарамі хутара ці вёскі.

Кожны са сваёй гісторыяй, праблемамі трапна адлюстроўвае каларыт і самабытнасць вясковага жыцця. Выклікае захапленне, як Вячаслаў Адамчык адмыслова апісвае ваколіцы сваёй вёскі, асабліва дарогу. Усю любоў, пяшчоту, замілаванне і смутак аўтар заключыў у словы.

Неверагоднай шчымлівасцю, узбуджанасцю, прыўзнятым настроем, трапятаннем перад надыходам цеплыні прасякнута апавяданне Максіма Гарэцкага «Вясна». Тут — буянства колераў, багацце фарбаў, гулкі гоман гукаў.

Кожнае слоўца напоўнена бадзёрым заклікам і лагоднасцю, ласкавасцю адначасова. Гэта суцэльнае гуканне вясны і добрага настрою.

Чытаючы ўспаміны аўтараў, пісьменнікаў, міжволі ловіш свае флэшбэкі, асацыяцыі з дзяцінства, знаёмыя і блізкія толькі табе. У кожнага ёсць свая пратаптаная сцяжынка. Ці лужок, напрыклад, які жыве ў аповедах тваёй бабулі. І, нягледзечы на тое, што Янка Брыль расказвае пра іншы, ты ўсё роўна ўяўляеш свой, родны, «са сваёй асобнай назвай, са сваёй маленькай гісторыяй, якая штогод папаўнялася новымі фактамі». У гэтым, здаецца, і смак такіх апісанняў прыроды. Заўсёды пазнаеш апісанне Коласа ці Караткевіча, бо яны перадаюць свае адчуванні і пачуцці праз трапныя адмысловыя выразы так, што заўсёды адгукаюцца аднолькава.

Апісанні прыроды маюць медытацыйную функцыю. Яны чытаюцца толькі павольна, ты нібыта па дробачцы смакуеш кожнае слоўца.

Менавіта так сказы напаўняюцца фарбамі, фарбы малююць вобразы, а вобразы ствараюць карціны, у якіх ты апынаешся. А там успрымаеш светаадчуванне аўтара і знаходзіш асацыяцыі, блізкія толькі табе.

«Лясная гісторыя» — зборнік, названы па апавяданні Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнік распавёў сапраўдную гісторыю, якая заклікае да роздуму, мае сваіх герояў, як станоўчых, так і адмоўных, насычана фантазіяй і непаўторнай метафарычнасцю слова.

«Лясная гісторыя» — гэта захапленне прыродай, пратэст, раскрыццё чалавечага характару, пошукі дабрыні і справядлівасці, пасыл людзям берагчы жывое. «Адвечны гонар мужчыны ў тым, каб забіваць нават ваўкоў без лішніх пакут. Яны ворагі, але без злоснага намеру. Проста так загадала маціпрырода. Таму — забі, але не здзекуйся. Ты — чалавек». Апавяданне пра чалавечнасць.

Увогуле, кожны твор у зборніку заклікае ахоўваць прыроду. Некаторыя апавяданні — праз любоў і прыгажосць, некаторыя — праз учынкі і антыўчынкі людзей. Галоўны зварот — да адказнасці чалавека за свае дзеянні: не знішчыць, а захаваць, зберагчы і дапамагчы. Усё жывое — і лось, і жаўрук, і рамонак пры дарозе — хоча і павінна жыць. Чалавек не мае права забіраць жыццё ў істоты дзеля забавы, задаволення свайго інтарэсу, спатолення прагі забіць...

Менавіта зараз, калі ў лесе паўздымалі свае галовы апранутыя ў шапкі спадары грыбы і абвясцілі гэтым пачатак грыбнога сезона, цікава прачытаць апавяданне Івана Навуменкі «Па грыбы». Калі коратка, то аўтар запрашае чытача сабе ў спадарожнікі. Ці часта выпадае магчымасць разам

з пісьменнікам пайсці ў грыбы? Іван Навуменка расказвае пра сваё пасвячэнне ў грыбное таінства, «грыбное» саперніцтва, знаёміць з разнастайнасцю грыбоў, адметнасцю іх збірання ў розных рэгіёнах. Той, хто прайшоў гэтае пасвячэнне, ужо ніколі не зможа быць абыякавым да лесу. Толькі першы цар-грыб прыўзняў свой капялюш, лес пачынае трубіць пра гэта. І не кожны можа такі кліч пачуць.

Прачытаўшы апавяданне, падумала: як жа пашчасціла, што раней мабільныя тэлефоны і фотаапараты не былі ў шырокім карыстанні. Інакш на старонках часопісаў і кніг маглі б не з’явіцца многія расповеды пра лес. А цяпер мабільнік з’яўляецца абавязковым атрыбутам грыбніка. Можна не арыентавацца па вырубках, палянах, — навігатар вывядзе цябе з лесу. Ды й першы знойдзены грыб ці самы вялікі трафей сучаснае пакаленне грыбнікоў імнецца сфатаграфаваць і абавязкова ў сацсетках размясціць, каб пахваліцца. Нам пашчасціла, што старэйшае пакаленне грыбнікоў, асабліва грыбнікоў-пісьменнікаў, свае «зоркавыя сустрэчы» і пачуцці ад іх «апранала» ў словы і адлюстроўвала ў апавяданнях.

Павучальным творам з’яўляецца апавяданне Андрэя Федарэнкі «Рабіна». Пра тое, што не трэба адступаць ад мэты, быць настойлівым і ісці да канца, калі ты задумаў зрабіць для сябе нешта важнае. Пра прыклад жыццястойкасці дрэва і настойлівасці чалавека — так больш дакладна. Твор пачынаецца наступным чынам: «Я з самага дзяцінства марыў пасадзіць хоць якое-небудзь дрэўца. Каб потым ведаць, што яно — маё, каб расці разам з ім, каб патаемна лічыць яго сваім адзіным сябрам ці сяброўкаю. Смешная, вядома, мара. Дзіцячая. Просценькая. Падумаеш, мара! Хочацца, дык вазьмі і пасадзі». Была падобная дзіцячая мара і ў мяне, толькі мы з сябрам узялі за мэту больш глабальную задачу — пасадзіць сад. Месца выбіралі нядоўга: вырашылі, што загончык у адкрытым полі будзе ідэальным месцам, бо знаходзіцца на аднолькавай адлегласці і ад майго дому, і ад дому сябра. Так, марылі мы, будзем у садзе сустракацца сем’ямі і смажыць шашлык... Нічога ў нас не атрымалася. А пазней выпадак ператварыўся ў пацешную гісторыю. Сад мы больш не садзілі. І вось я думаю: а, можа, дарма? Дрэва А. Федарэнкі вырасла таксама не з першага разу…

«Лясная гісторыя» — сапраўдны скарб для чалавека, для таго, хто тонка адчувае прыроду. Некаторыя апавяданні дынамічныя, некаторыя павольныя і разважлівыя. На любы густ. Быццам бярэш цукеркі з вазы, зняўшы старанна абгортку, павольна смакуеш кожную і атрымліваеш асалоду — так чытаецца кожны твор.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК,

“Літаратура і мастацтва”, 10.09.2021

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406