Цiкавы праект, якi аб’яднаў вершы i ўрыўкi з апавяданняў, раманаў i аповесцей, тэма якiх — прырода. Тэксты падзеленыя на чатыры раздзелы адпаведна порам года, i большая частка з гэтых тэкстаў — малавядомыя. Хаця б таму, што, акрамя класiкаў кшталту Багдановiча i Караткевiча, тут прадстаўлены нашы сучаснiкi, i падаюцца выбраныя мясцiны з буйных твораў. Такi эпiзод–пейзаж падчас прачытання рамана чытач можа проста прабегчы вачыма. А ўзяты асобна, ён выяўляе самадастатковую прыгажосць. Урыўкi напоўненыя эмоцыямi, з водгуллем драматычных падзей усяго твора. Вось, напрыклад, фрагмент з аповесцi Андрэя Федарэнкi «Шчарбаты талер», у якiм галоўны герой нарэшце дачакаўся лета: «Краiны яркага сонца, цёплых дажджоў i навальнiц, грыбных туманаў, краiны футбола, ранiшняй i вечаровай рыбалкi, арэхаў i ягад, паходных вогнiшчаў, краiны цiкавых кнiжак i першага кахання, краiны загадак i адкрыццяў». Ва ўрыўку з аповесцi Алеся Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля» стары бабёр пакутлiва шукае новае месца для хаткi. Урывак з аповесцi Янкi Сiпакова «Усе мы — з хат» — фiласофскiя разважаннi: «А што гэта такое, цiшыня? Можа, яна — якраз вось гэты бязгучны супакоены шум трапяткiх матылёвых крылляў, якiя лёгка i даверлiва дакранаюцца паветра — нiбыта i самi яны тое паветра?»
Людміла Рублеўская
“Советская Белоруссия”, 24.11.2017