Пiмен Панчанка. Сэрца маё. Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2017.
Другая кнiга цiкавага праекта выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» «100 вершаў» не расчаравала. Нагадаю, што ў гэтай серыi задумана з’яднаць беларускую паэзiю i мастацкiя творы. У першым томе прагучалi дуэтам карцiны Валерыя Шкарубы i вершы Мiхася Стральцова. У другiм выпуску — радкi Пiмена Панчанкi сiнтэзуюцца з фарбамi Гаўрыiла Вашчанкi. Думаецца, выдаўцы не памылiлiся, складаючы менавiта такiя дуэты. Магутны па гучаннi, з яркiмi колерамi i шырокiмi мазкамi, жывапiс народнага мастака Вашчанкi сугучны паэзii Панчанкi з яе моцнымi вобразамi, сакавiтай мовай i вечнымi, традыцыйнымi каштоўнасцямi.
Дзе начуе жаўранак, скажыце,
Цi на лёгкiм воблаку, цi ў жыце?
Запытаўся некага
Я ўраннi…
Гэта пачалося ўжо
Вяртанне
Праз жыццё,
Удачы i няўдачы,
Да палёў,
Духмяных i гарачых.
I побач — карцiна, на якой трывожна–жоўтыя аблокi клубяцца над цёмнымi глыбамi, у якiх можна адгадаць стагi… Цi не ў гэтых зыркiх аблоках начуюць жаўранкi паэта? (Дарэчы, вельмi шкада, што не пазначаны назвы карцiн.) Але паэт дае сваю разгадку:
Запытаўся.
Ды нiхто не чуе…
Пэўна ў сэрцы
Жаўранак начуе.
Каштоўнасць такiх выданняў — магчымасць па–новаму адкрыць для сябе класiкаў выяўленчага мастацтва i лiтаратуры, а таксама — скласцi калекцыю з унiкальных тамоў для сваёй хатняй бiблiятэкi.
Людміла Рублеўская
“Советская Белоруссия”, 07.07.2017