Абняла Беларусь…

Цётка. Выбраныя творы. Мн.: Мастацкая літаратура, 2016.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» апошнім часам надае шмат увагі папулярызацыі спадчыны беларускіх класікаў. Стылёва аформленыя кнігі зручнага фармату нязменна прывабліваюць увагу чытача. Перачытаць, узгадаць, адкрыць упершыню ці наноў творы Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Міхася Лынькова, Змітрака Бядулі, Янкі Купалы… Актуалізуецца ў ХХІ стагоддзі і постаць пісьменніцы, грамадскай дзяячкі, гарачай патрыёткі Алаізы Пашкевіч. «Яе талент i грамадзянскi подзвiг цесна злучаны з беларускім нацыянальным космалогасам, а пасіянарная творчасць уяўляе сабой адметную частку ўсёй літаратурнай спадчыны», — пісала Валянціна Коўтун. І сапраўды, выпраменьваючы нейкую незвычайную энергію, Цётка змяняла асяроддзе, выступала вястункай іншай культурнай парадыгмы. Актыўная ўдзельніца студэнцкага гуртка «Круг беларускай народнай прасветы», аўтар нелегальных выданняў «Калядная пісанка» і «Велікодная пісанка», яна праз сацыяльнае вызваленне працоўных бачыла ўжо і нацыянальнае вызваленне ўсяго беларускага народа. Фельчарка, член Беларускай сацыялістычнай грамады, даследчыца беларускага тэатра і фальклору, рэдактар часопіса, арганізатар настаўніцкіх курсаў… За ўсе справы Алаіза Пашкевіч бралася з імпэтам, гарачым жаданнем змяніць свет да лепшага. Яе смелыя думкі, памкненні, ідэі знойдзем сёння ў паэзіі, прозе, тэкстах «Першага чытання для дзетак беларусаў». Новая кніга выбраных твораў змяшчае папулярныя апавяданні, што хвалююць ужо не адно пакаленне беларусаў: «Прысяга над крывавымі разорамі», «Зялёнка», «Навагодні ліст», «Міхаська»… Прадстаўлены і вершы двух паэтычных зборнікаў Цёткі — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», вершы 1903 — 1915 гадоў. Надзвычай актуальнай у дні сённяшнім з’яўляецца публіцыстыка Цёткі. Заклікі да захавання фальклорнай спадчыны, чысціні роднай мовы, маральнага самаўдасканалення, адукацыі, прамоўленыя шчыра і непасрэдна, не выглядаюць і ў дні сённяшнім сухімі і маралізатарскімі. Уяўленне пра актыўную асветніцкую і прапагандысцкую дзейнасць даюць змешчаныя ў выданні апытанка для чытачоў «Нашай нівы», падрабязны аналіз тэкстаў народных песень, нават навукова-папулярны артыкул пра прыродны газ! Шчыра намагаючыся даць беларускаму сялянству ўсебаковае ўяўленне пра навакольны свет, прывіць цікавасць да мастацкага слова, абараніць ад хвароб душэўных і фізічных, Цётка не пабаялася працягнуць руку абяздоленым. Заразіўшыся тыфам, Алаіза Пашкевіч заўчасна пакінула свет… Сёння глыбокая і неардынарная асоба паэтэсы ўсё часцей прыцягвае ўвагу гісторыкаў, філолагаў, краязнаўцаў. А мець пад рукой кнігу яе выбранага, лепшага — надзейны сродак заўсёды заставацца ў «энергетычным полі» таленавітай творцы.

Юлія Алейчанка

«Полымя», №4, 2017

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 903
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406