Разумны баланс сучаснага і традыцыйнага.
Сяргей Давідовіч. Дзедава жалейка.Мн.: Мастацкая літаратура, 2015

     …Разумны баланс сучаснага і традыцыйнага — так можна коратка ацаніць змест захапляльнай кнігі. Кожная казачная гісторыя ў ёй — гісторыя адкрыццяў, пашырэння душэўнай тэрыторыі маленькіх герояў. Яўсейка даведваецца пра невычэрпную сілу мастацтва, Сцёпка — пра тое, што звычайныя кніжкі могуць падарыць новы свет, Алесь — як абраць прамую дарогу па жыцці, Хвядоска — як адшукаць свае карані, а ўсе мы — як пісаць казкі. Падобна шведскай пісьменніцы Пэрніле Стальфэльт, Сяргей Давідовіч не баіцца расказваць дзецям пра смерць: у казцы «Яўсейка і дзедава жалейка» хлопчык губляе дзядулю і ратуецца ад смутку з дапамогай чароўных гукаў музычнага інструмента, у казцы «Волік» бычок атрымлівае ўсведамленне, што мусіць быць забіты на мяса, як і ўся свойская жывёла…
Увогуле, казкі Сяргея Давідовіча — элементы вельмі шырокага культурнага зрэзу: ён выкарыстоўвае як традыцыйныя казачныя формулы (напрыклад, камень на ростанях), так і аўтарскія фантазійныя формы (дыялог Івана Крылова са сваімі героямі, майстар-клас па напісанні казак і г. д.). Тыя, хто цікавіцца іншапланетнымі падарожжамі і апавяданнямі пра эру будучага, таксама знойдуць для сябе шмат цікавостак у свеце творчай фантазіі Сяргея Давідовіча. Дэталёвыя апісанні знешняга выгляду іншапланецян, іх планетарнай сістэмы, транспартных сродкаў — усё гэта, несумненна, зацікавіць сучасных дзяцей і падлеткаў, якія вераць у бясконцасць разумовай прасторы. Жывая сувязь чалавека з Сусветам падкрэсліваецца лейтматывам еднасці чалавека з іншапланетнымі істотамі: нават імя дзяўчынкі з іншага вымярэння, Кісатс, утворана пры дапамозе адваротнага парадку літар імя зямнога хлопчыка Стасіка. Да таго ж фэнтэзі-прыгоды прасякнуты прагрэсіўнымі ідэямі гуманізму і пацыфізму, зямлянам ёсць чаму павучыцца ў сваіх братоў па розуме: «У дзяржаве, а яна адна на планеце, няма арміі, няма зброі — адпаведна, няма і войнаў, таму ўсе намаганні і сродкі накіроўваюцца на навукова-сацыяльныя праграмы. За кошт гэтага жыхары той планеты дасягнулі небывалых навукова-тэхнічных і сацыяльна-эканамічных вяршыняў».
Аднак погляд Сяргея Давідовіча скіраваны не толькі ў далёкія нябёсы. Ён знаходзіць раўнавагу паміж тэхнічнымі сродкамі, штучным інтэлектам і «жывой душой». Зразумець мову жывёл і раслін, жыць у гармоніі з прыродай — усяго гэтага дасягнуць можа сучасны чалавек з адкрытым чулым сэрцам. Заатэрапія — сапраўднае ратаванне ў наш час бясконцай мітусні і матэрыяльнага разліку: «Здаецца, абняў бы яго [каня], прытуліўся да жывой душы — і падужэў бы, і ўся хворасць адступіла б …» Сучасны, прагрэсіўны і ў той жа час традыцыйны, прыземлены характар таленту дапамагае Сяргею Давідовічу заставацца цікавым сённяшнім падлеткам і ненадакучліва, без залішняга маралізатарства, вучыць іх захоўваць чысціню пачуццяў, развіваць вобразнае мысленне.

Юлія Алейчанка
“Полымя”, №11, 2015.

 

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406