Уладзімір Саламаха. Сустрэчы без расставанняў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2016

Многае ў нашым жыцці часовае. Абставіны, рэчы і, на жаль, людзі. За сустрэчамі ідуць расставанні. Лёгкія, незаўважныя ці вельмі балючыя, гаротныя. Ды ніколі не расстаёмся мы з тымі, хто застаецца глыбока ў сэрцы. І няважна, прысутнічаюць яны фізічна з намі ці не. Пра складанасць чалавечых адносін, пра неабходнасць маральнага выбару, пра надзённыя і лёсавызначальныя клопаты піша лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, празаік з адметным бачаннем свету Уладзімір Саламаха.

У новую кнігу пісьменніка ўвайшлі дылогіі «Адплаціцца нам…», «Сустрэчы без расставанняў», асобныя аповесці «Кавалёк — лесавая былінка», «Шурка Лёгкая Рука», апавяданні. «Не кожны з нас, людзей, чалавек па сваёй сутнасці», — сцвярджае Уладзімір Саламаха. Даўно вядома, што сапраўдная вартасць асобы раскрываецца толькі ў «памежным становішчы». Ці вінаваты бацька паліцая? Ці можна схавацца ад пакут сумлення? Як выжыць і не прадацца за трыццаць сярэбранікаў «сыцікам»-тылавікам? Такія няпростыя задачы стаяць перад героямі першай аповесці «…І няма шляху чужога» дылогіі «Адплаціцца нам…». Без перабольшвання адным з самых моцных твораў пра вайну за апошні час можна назваць гэты твор. Чаму? Магчыма таму, што аўтар за доўгае творчае жыццё назапасіў бясцэнны вопыт назірання за светам прыроды і людзей, адрознівае драбнейшыя нюансы ў зменах душэўнага стану, здольны яскрава і пры гэтым лаканічна стварыць запамінальную мастацкую дэталь. Праўдзівае апісанне вясковага побыту спалучаецца ў творы з глыбокім роздумам. На першы план выходзіць філасофія простага чалавека, які валодае чулым сэрцам, настойліва шукае адказы на вечныя пытанні. Як робяцца злодзеямі, калі «ўсе людзі нараджаюцца аднолькавымі?» — пакутуе над пытаннем стары Яўфім. Ці можна пазбавіцца ад згрызот мінулага, калі змяніць асяроддзе? — вырашае Іосіф Кучынскі. І што галоўнае, перад тварам страшэннай катастрофы знявечаныя вайной людзі, якія быццам бы «загрубелі ад нялёгкага жыцця», не губляюць пяшчоты і шкадавання. Клапоцяцца пра цяжарную Кацярыну, хвалююцца за хворых коней. Што і казаць, адзнакай высокай літаратуры заўсёды было імкненне герояў да маральнага самаўдасканалення. Ды не толькі ў гэтым каштоўнасць аповесці. Цудоўныя малюнкі прыроды, тонкія дэталі каляровага свячэння зямлі пасля ночы, зменлівых ценяў на сцяне вясковай хаты, зеленаватага перадвясновага неба… Усё тое ж уменне мастака выхапіць з канвы рэальнасці нешта, здавалася б, дробязнае, але такое важнае… Рэдкая шчаслівая хвіліна сярод вайны — сустрэча двух братоў на пероне ці відзежы памерлых у святле свечкі — колькі моцнага пачуцця ўкладзена ў падобныя эпізоды! Таму, як кажуць, на адным дыханні і пераходзіш да другой аповесці дылогіі, каб даведацца аб далейшым пасляваенным лёсе ўжо родных душы герояў… У малых формах Уладзімір Саламаха выяўляе тое ж веданне псіхалогіі, выразна адчуваецца, што ў кожным з апавяданняў кнігі шмат асабістага, перажытага. Даўно вядома, што лепшае з напісанага — тое, што заснавана на ўласным досведзе. Кранальна і разам з тым на дзіва проста і зразумела апісвае аўтар узвышанае пачуццё першага кахання ў апавяданні «Адно слова»: «У кожнага з нас у свае сямнаццаць гадоў была і ёсць свая Яна. Ці то высокая, тоненькая, з задзірлівым носам, са сціснутымі заўсёды вуснамі, ці то мяккая і не падзявочы разважлівая — дапамагае бацькам выхоўваць малодшых братоў і сясцёр, маці яе нешта ўсё хварэе і хварэе, — і кожнаму з нас боязна страціць яе, сваю, як боязна ў такім узросце прызнацца адно аднаму ў сваіх пачуццях, тых пачуццях, якія чамусьці ў кнігах, кінафільмах, песнях людзі, намнога старэйшыя за нас, вызначаюць адным словам: каханне…» А колькі жыццёвай праўды ў такіх пазнавальных тыпах гарманіста Іллі, участковага Мішкі Каменьчыка, бабкі Ілліхі і іншых герояў твораў Уладзіміра Саламахі! У кнізе «Сустрэчы без расставанняў» — мінулае і дзень сённяшні, людскія будні і святы, знаёмыя кожнаму беды і радасці. Нельга заставацца абыякавым да перажыванняў яго персанажаў. І так хочацца зноў грэцца цеплынёй радкоў, створаных па загадзе сэрца.

Юлія Алейчанка

“Полымя”, №1, 2017

 

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406