Георгій Марчук. Агапка, Арцёмка і злы воўк. П’есы-казкі. Мінск: Мастацкая літаратура, 2016.

Вядомаму пісьменніку Георгію Марчуку споўнілася ні многа ні мала, а сем дзясяткаў. Гэтыя наўрад ці для яго доўгія гады напоўнены не толькі вузкалітаратурнай працай, але і цесным супрацоўніцтвам з тэатрамі і кінаіндустрыяй. Такая творчая карэляцыя дала плён у выглядзе шматлікіх п’ес. Годнае месца сярод іх займае драматургія, адрасаваная падрастаючыму пакаленню. Дзесяць сваіх казачных п’ес для дзяцей Г. Марчук выдаў у кнізе «Агапка, Арцёмка і злы Воўк». З іх большасць публікавалася раней (часам пад іншымі назвамі). Неблагую п’есу-казку «Чужое багацце» ён з нейкай прычыны гэтым разам абмінуў увагаю. Пачаткам творчасці Г. Марчука на гэтай літаратурнай дзялянцы, бадай, можна лічыць камедыю-лубок «Новыя прыгоды Несцеркі» (1977), якая размешчана чамусьці апошняй. У сваім першым драматургічным вопыце з прыцэлам на дзіцячага чытача/гледача аўтар не абышоў бокам класічны сюжэт пра нацыянальнага героя народнай смехавой культуры Несцерку. Гэта сведчыць пра плённую арыентацыю Г. Марчука на фальклорныя і літаратурныя традыцыі. Пісьменнік, як заўважае І. Штэйнер, «не прэтэндуе выключна на «прысваенне» класічнага вобраза, а «толькі» апавядае аб новых прыгодах любімага ўсімі героя. Разам з тым ён рашуча абазначае маральнае крэда персанажа. <…>Такая выразная аўтарская ўстаноўка прыводзіць да таго, што жывымі, паўнакроўнымі з усіх дзеючых асоб успрымаюцца якраз галоўны герой са сваімі сябрамі. Астатнія ж паўстаюць як асобы дэкарацыйныя». Тым не менш і да партрэта Несцеркі, які «і гора перахітрыць», дадаюцца новыя рысы, і характары іншых герояў выпісаныя бліскуча. Традыцыйна прадстаўнікі народа (каваль Аксён, яго дачка Анця) выяўляюць высакароднасць у адрозненне ад высакамерных падпанкаў. Паводле п’есы, Несцерка знаёмы не толькі чытачам: людзі яшчэ памятаюць таго, які «пана Бараноўскага правучыў». У чарговай драматургічнай «серыі» пад назвай «Несцерка і злодзей» (публікуецца ўпершыню) герой паўстае ў самавітым узросце — пяцідзесяцігадовым, пасталелым на тры дзясяткі. Гэтым разам ён вырашае не разлучаць маладую пару — Янку і Марыйку, якія вырашылі пажаніцца, але гэтаму Злодзей і Вядзьмарка ледзь не перашкодзілі. Дапамога Несцеркі прыйшлася вельмі дарэчы, хоць ён і не схільны шчаслівую развязку ставіць у заслугі сабе, бо «каханню дзякаваць трэба». Сінанімічны лейтматыў у п’есе, якая дала назву ўсяму зборніку, — «Агапка, Арцёмка і злы Воўк»: «Каханне — як першы веснавы лісток, яно расквітнее ў належны тэрмін, якія перашкоды ні з’явіліся б на яго шляху». Высокае пачуццё, як агмень у цемры, вяло герояў да перамогі над хцівымі зламыснікамі на чале з Грызем — «паўчалавекам, паўчортам», які займае ўсё больш тэрыторыі і патрабуе гаспадыні, паклаўшы вока на Агапку. Перамога дасягаецца за кошт праяўлення дабрыні, бо такім чынам Арцёмка схіляе на свой бок і пакрыўджанага раней людзьмі Мядзведзя, і няпростую характарам Лісу. Асноўная крыніца з’яўлення казак у беларускай драматургіі — народная творчасць, багацце якой дазваляе аўтарам, з аднаго боку, не паўтарацца, знаходзіць усё новыя і новыя матэрыялы, а з другога — шырока імправізаваць і фантазіраваць. Тым не менш, большасць п’ес-казак беларускіх аўтараў у савецкі час знаходзіцца пад адчувальным уплывам народнай культуры, у канцэптуальнай залежнасці ад фальклору. За выключэннем, бадай што, Г. Марчука, які выразна залежных ад фальклорнай традыцый твораў, апроч як пра Несцерку, не мае. У той жа час ён праявіў сябе ці не самым арыгінальным і адметным на фоне іншых драматургаў-казачнікаў «парушальнікам традыцый» у добрым сэнсе гэтага азначэння. Яго п’есы-казкі напоўнены стракатасцю антуража і дзеючых асоб. Дзеянні ў іх адбываюцца як у далёкіх экзатычных краінах («Тушканчык і чароўны чамаданчык», 1984 і «Чаканне сабакі Тэафіла», 1988), так і, здавалася б, зусім побач, толькі чытачам трэба заўважыць акаляючы свет, падзеі якога выпісаны пісьменнікам («Ясь, Яніна і каралева Аварыя», 1985). Гэтым пашыраецца кола тэм і праблем, якія падкідае час, дапамагае рэцыпіенту ўбачыць іх з боку, аб’ектыўна разабрацца ў нейкай сітуацыі і зарыентавацца ў пошуку выйсця са складанага становішча, у чым не могуць дапамагчы казкі, напісаныя па фальклорных матывах. Зразумела, агульнае, гума ністычнае крэда твора застаецца пры любым раскладзе, яно — як маяк для творцы і юнага чытача, які прывык яму давяраць. Нестандартным жа падыходам да стварэння п’ес, думаецца, толькі прывабліваецца дзіцячая аўдыторыя, якая заўсёды рада навізне адкрыццяў і гатова ўслед за аўтарам «ісці» ў краіну незнаёмага і незвычайнага. У беларускіх п’есах-казках часта дзеючыя асобы жывёлы. Аднак, за рэдкім выключэннем, гэта былі прадстаўнікі беларускай фаўны. Г. Марчук удала задзейнічаў у адным творы жыхароў розных геаграфічных паясоў. Казка «Тушканчык і чароўны чамаданчык» у прыгодніцкім стылі апавядае, як насельнікі беларускіх лясоў (Лось і Заяц), якія ўпадабалі тушканчыка Мікітулю і Сусліка за іх імкненне дапамагчы люду роднай зямлі. Яны перамагаюць тырана Пузатага-паласатага, захапіўшага ўладу ў краіне Тушканіі. Прычым праходзяць шэраг выпрабаванняў: перамагчы праціўніка са свайго лесу (злую Рысь), вылечваюць волата Зубра (тут і прыйшоўся дарэчы чароўны чамаданчык), які дапамог устанавіць справядлівасць і разбіў варожую пагоню за тушканчыкам. Вобразы працуюць і на ідэю інтэрнацыянальнай дружбы, якая ў тыя часы была актуальнай у Савецкім Саюзе. Г. Марчук такім чынам вельмі ўдала прадэманстраваў, што і мастацкасць можа быць у ладах з кан’юнктурай, але толькі тады, калі ў гэтым тандэме дамінуе першая, а не другая. Таму публікацыя падобных твораў не страчвае актуальнасці. Як бачна, мастацкая квінтэсэнцыя казкі застаецца пастаяннай, як і маральныя імператывы, закладзеныя ў ідэі твора. Г. Марчук пайшоў далей у распрацоўцы дэталей казкі. Напрыклад, вельмі цікава глядзіцца абыгрыванне каштоўнасці чароўнага чамаданчыка, дзе сядзела Рэха, якое ў крытычны момант дапамагло героям. Відавочны паралелі з вядомымі атрыбутамі народных казак: кайстэркай, рогам, абрусам, дудкай. Яшчэ далей у нестандартнасці казкі драматург пайшоў пры стварэнні п’есы «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», галоў ная выхаваўчая мэта якой — фарміраванне культуры паводзін на дарогах у дзяцей. Вельмі цудоўна, што гэта можна ажыццяўляць у такой нязмушанай форме, як прыдумаў Г. Марчук: ён стварыў казачныя рэаліі жыццю на дарогах. Каларытную карціну каралеўства Аварыі запаўняюць, акрамя каралевы, Трагічная Сітуацыя (прынцэса), Няшчасны Выпадак (саветнік каралевы), Пані Пагоня і інш. У гэтай краіне для звычайнага чалавека ўсё падаецца нелагічным, перавернутым. Напрыклад, у якасці лекаў прымяняецца ўдар дубінай па галаве (так лечыцца Аварыя), ад сірэны «хуткай дапамогі» яе жыхарам «нават жыць хочацца», жахлівая статыстыка ДТЗ — «добры ўраджай» для Трагічнай Сітуацыі. Але ёсць яшчэ і Краіна дарожных знакаў, заснаваная на гуманістычных прынцыпах суіснавання са сваімі жыхарамі: Светлафорам і Шлагбаумам. Паміж гэтымі краінамі, духоўныя асновы якіх несумяшчальныя, антаганістычныя, ідзе барацьба за панаванне іх сістэм каштоўнасцей. Аб’ектамі гэтай барацьбы і адначасова рашаючымі фактарамі перамогі ў ёй з’яўлюцца малодшыя школьнікі — Яніна, якая трапіла ў каралеўства Аварыі, і яе непаслухмяны брат, які, каб выратаваць сястру, павінен вывучыць правілы паводзін на дарогах. Складанасць становішча пазітыўна ўплывае на Яся. Ён не толькі дапамагае сястры, але і прадухіляе «тэракт» Аварыі і яе хаўруснікаў супраць першакласнікаў. Такім чынам, адбываецца перавыхаванне Яся, які ўжо сам становіцца прыкладам для пераймання. Георгій Марчук як пісьменнік у цэлым характарызуецца тым, што адклікаецца на патрабаванні часу. Яго хвалююць самыя розныя тэмы. Так, у п’есе «Паўлік і Злы Дух Асфальту» (2003) звяртае ўвагу на экалагічную праблему. Станоўчыя героі не толькі супрацьстаяць злу. Яны адстойваюць і чысціню навакольнага асяроддзя. У казачны свет урываюцца не самыя лепшыя рэаліі сучаснай чалавечай цывілізацыі. Місія па выпраўленні сітуацыі ўскладаецца на падрастаючае пакаленне. Яго прадстаўніком з’яўляецца Паўлік. Ён вядзе барацьбу са Злым Духам Асфальту. Аднак перамогу абумоўлівае не толькі маладосць, але і повязь з традыцыямі, духоўная непарыўнасць паміж пакаленнямі: да поспеху спрычыняецца і жыццясвярджальная музыка скрыпкі, і своечасовыя парады бабулі. Аднаму з любімейшых святаў дзятвы — Новаму году — беларускія драматургі прысвяцілі ўжо з добры тузін п’ес (гэта без уліку калядных). У гэтай кнізе ўпершыню публікуецца сцэнічны твор Г. Марчука «Навагодняя казка». Фабулай і канфліктам некаторымі рысамі п’еса нагадвае твор дачкі пісьменніка — Наталлі Марчук «Цётухна Прастуда і Новы год» (2008). Толькі гэтым разам супраць Дзеда Мароза і Снягурачкі выступаюць Снежышча і Кікімара. Тым не менш прыўнесены і прынцыпова новыя ноткі ў раскрыццё навагодніх калізій. Іх пачатак — у даўніне. Аб сяброўскай вернасці расказвае казка «Чаканне сабакі Тэафіла». Адштурхоўваючыся ад класічнага клішэ «сабака — сябар чалавека», пісьменнік даказвае абавязковасць узаемнага сяброўскага пачуцця — з боку чалавека, інакш нівеліраваліся б сапраўдныя каштоўнасці. Тэафіл, нягледзячы на перыпетыі свайго лёсу, застаўся верным свайму выратавальні ку і аддзячыў не менш важка. У рэшце рэшт справядлівасць устаноўлена і партфель, за якім ганяліся нядобразычліўцы, дастаецца тым, каму належаў. Што ж за каштоўнасці захоўваліся ў ім? Такое пытанне вярэдзіць думкі на працягу чытання прыгодніцкай п’есы. Ды ўсё проста: там знаходзілася адзіная зброя простага люду — казкі. Аўтар твора не памыляецца, мяркуючы менавіта так, бо колькі змагароў за народнае шчасце былі выхаваны на прыкладзе разумных, добрых казачных герояў, сёння нам не скажа ніводная энцыклапедыя. Гэтым жа прыёмам звяртаецца больш пільная ўвага малых да казкі як невычэрпнай крыніцы народнай мудрасці і дабрыні. Героі п’есы для падрастаючага пакалення становяцца прыкладам шанавання багацця нацыянальнай культуры.

Падобна да «Чакання сабакі Тэафіла» па падборы ўдзельнікаў і, галоўнае, ідэйным характарам — «Зімовая песня Жаўрука» (1995). Супрацьстаянне птушак — гультайскіх і хцівых Крумкача, Зязюлі, Папугая, з аднаго боку, і працавітых, добразычлівых, даверлівых Шпака, Жаўрука, Дзятла, з другога — заканчваецца перамогай апошніх, бо яны ў цяжкую хвіліну з’ядноўваліся шчыльней у адрозненне ад эгаістычных птушак, няздольных паступіць самаахвярна, на карысць сябра, якія ў літаральным (як паказана ў творы) і ў пераносным сэнсе цягнулі коўдру на сябе. Першага ж сур’ёзнага выпрабавання яны не вытрымалі. Былі звязаны не сяброўствам, а толькі прагматычнымі інтарэсамі. Іх спроба «аксіялагічнай асіміляцыі» іншых церпіць крах з прычыны сваёй нежыццёвасці. А каб папярэдзіць чые-небудзь закіды, падобныя да крумкачовых, трэба прыслухацца да Юраські: «Калі будзем дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца, памятаць пра меншага і слабейшага, тады ніякія лайдакі і абжоры не змогуць нажывацца з нашага таленту, з нашае працы…» Такая ж тэза — лейтматыў і ў драматургічнай казцы «Начны госць» (2000). Спакойнае і сытае жыццё сабакі Кваса, ката Блэка і папугая Ламбады парушалася візітамі злодзея, які краў іх ежу. Ім падаецца, што гэта нейкая пачвара. Аднак калі злавілі начнога госця, то ім аказалася мышаня Шушу. Яго, скарыстаўшы безабароннасць мышаняці, зрабіў сваім слугой вялікі злы Пацук. Ведаючы вартасць дабрыні (самі былі падабраныя добрым гаспадаром), сябры пранікаюцца сімпатыяй да Шушу і разам адольваюць грознага ворага. Даследчыкі літаратуры зварот да ўвядзення ў дзейства іншасказальных жанраў персанажаў-жывёл абгрунтоўваюць перадусім найбольшай вызначальнасцю і пастаянствам іх характару, што дае падставы рэцыпіенту ад пачатку адэкватна ўспрымаць вобразы. У драматургіі для дзяцей вызначылася кола твораў, у якіх прадстаўнікі флоры і фаўны выконваюць канцэптуальныя ролі. Большасць п’ес-казак Г. Марчука цалкам упісваюцца ў гэту парадыгму. «Хіба здзіўляемся мы ў маленстве, калі апавядалі нам гісторыі пра злога, але дурнога Ваўка, хітрую Лісу, цельпукаватага Мядзведзя, наіўнага, але адважнага Пеўня, разумнага Коціка?» — піша І. Штэйнер. Характары ў такіх п’есах фарміруюцца, аднак, па-рознаму. Некаторыя пісьменнікі ідуць па шляху атаясамлення вобразаў сваіх твораў са стэрэатыпамі. Г. Марчук, як і большасць беларускіх дзіцячых драматургаў, партрэтную палітру сваіх персанажаў стварае, кіруючыся перадусім лейтматывам твора. Але ў кожным выпадку найбольш удалымі атрымліваюцца індывідуаліза- ваныя персанажы, якія, тым не менш, перадаюць тыя ці іншыя тыповыя рысы псіхалогіі і паводзін фальклорных герояў. Сімптаматычна, што характарастварэнне п’ес-казак Г. Марчука натуральным чынам прадстаўляецца, як правіла, колам усіх дзеючых асоб. Прычым раскрываюцца персанажы дзіцячай драматургіі самымі рознымі шляхамі і сродкамі. Натуральна, першае месца непасрэдна за дзеяннямі. Але імі драматург не абмяжоўваецца, умела характарызуючы сваіх герояў з прымяненнем цэлага арсеналу мастацкіх падыходаў: праз рэмаркі, словы персанажаў (свае і чужыя), словы ўводных персанажаў ці аўтара/казачніка, гаваркія прозвішчы і інш. Прапорцыі паміж імі заўсёды адпаведныя, акцэнты расстаўляюцца без перакосаў. Адчуваецца рука вопытнага пісьменніка. Як паказвае драматургічная творчасць Г. Марчука, на сучасным этапе развіццё дзіцячай драматургіі ідзе сцежкамі, у многім дагэтуль не асвоенымі. Чыннікам сталі не толькі шпаркія тэмпы навукова-тэхнічнага прагрэсу, але і новыя тэндэнцыі ў культурнай сферы ў цэлым. Момантам адліку гэтага працэсу ў драматургіі для дзяцей можна лічыць перадусім п’есы Г. Марчука. Яны знаходзіліся ля вытокаў асучаснівання п’ес для дзяцей і нават постмадэрнісцкіх прыёмаў у мастацкім метадзе, што стала імклівай плынню на пераломе стагоддзяў. Асабліва адбілася гэта менавіта на літаратурнай казцы. П’еса для дзяцей, нягледзячы на ўзроставую скіраванасць, сваімі канцэптуальнымі катэгорыямі — перадусім канфлікту і характару — адлюстравала культурныя і сацыяльныя ўплывы на мастацкі дыскурс, зрэагавала на з’яўленне новых актуалій як у жыцці грамадства, так і ў светапоглядах падрастаючай генерацыі. Зразумела, што ў сілу моцнай і трывалай традыцыі, чым характарызуецца беларускае мастацтва наогул, наватарства ў прадукаванні п’ес для дзяцей не з’явілася дамінантай, аднак пашырыла драматургічныя далягляды і аўтарскія магчымасці, дынамізавала творчы працэс. П’есамі Г. Марчука ў жанры казкі адкрылася новае дыханне. Прычым кідаецца ў вочы тэндэнцыя да мадэрнізацыі гэтага жанру. П’еса для дзяцей, калі можна так сказаць, асучасніваецца. Назіраецца кантамінацыя класічных казачных матываў з рэаліямі дня сённяшняга, а часам і перавага апошніх. Канфлікты будуюцца на глебе, нярэдка шчодра ўзбагачанай не толькі элементамі сучаснага жыцця чалавечай цывілізацыі, але і актуальнай жыццёвай праблематыкай. Вобразы таксама часта ўяўляюць сплаў архетыповых рыс са штрыхамі сучаснікаў. А паколькі тыповае ў характары прадвызначаецца канкрэтнымі жыццёвымі ўмовамі, раскрываецца праз адпаведныя абставіны, то сёння ў беларускай дзіцячай драматургіі назіраецца ярка выражаная трансфармацыя тыповага ў казачных характарах. Як сведчыць творчы вопыт Г. Марчука, беларускія дзіцячыя драматургі не цураюцца фальклорных традыцый. Персанажы яго п’ес, хоць і з вялікай ступенню навізны з прычыны ўвядзення іх у новыя, сучасныя ўмовы жыцця і ў сілу аўтарскага апрацавання, выглядаюць дастаткова знаёма, прычым нават тыя, якія спароджаны цалкам асабістай выдумкай аўтара. Але ў той жа час гэта ім забяспечыла натуральнасць і жыццёвасць, якія былі падмацаваны яшчэ і антрапамарфізмам вобразаў жывёл і нават прадметаў і з’яў. Такая сітуацыя падрыхтавала глебу для больш разняволеных і актыўных мастацкіх пошукаў драматурга (дый іншых аўтараў), тым больш што сама жыццёвая рэчаіснасць падштурхоўвае асвойваць новыя тэмы і ўводзіць новых герояў.

Анатоль Трафімчык

«Полымя» №1, 2017

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406