Марыя Захарэвіч. Талент адухоўлены любоўю: успаміны, інтэрв’ю, прысвячэнні. Уклад. Соф’і Жыбулеўскай Мн.: Мастацкая літаратура, 2016.

 

«Мы любім Вас, Маша, і нас вельмі многа, і Вы пра гэта ведаеце і самі», — кранальныя словы Янкі Брыля вынесены эпіграфам да чарговай кнігі серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», прысвечанай народнай артыстцы Беларусі, прыме купалаўскай сцэны, юбілярцы Марыі Захарэвіч. І сапраўды, успаміны, водгукі, інтэрв’ю вельмі многіх людзей змяшчае грунтоўнае выданне. Сярод іх няма ніводнага халоднага, дзяжурнага. Адметная манера выканання, свой непаўторны «голас» нязменна выклікае і цікавасць да жыццёвага шляху гэтай таленавітай жанчыны. Як вядома, фарміраванне характару чалавека пачынаецца ў раннім дзяцінстве. Проста і шчыра пра бацькоў Марыі Георгіеўны піша Уладзімір Ліпскі ў кнізе «Нарачанская чайка», асобныя раздзелы з якой уключаны ў кнігу. Закласці ў будучую артыстку столькі такту, далікатнасці, жыццёвай мудрасці, несумненна, маглі толькі адораныя людзі. Бацькі Захарэвіч — людзі фізічнай працы, нястомныя, руплівыя гаспадары з вёскі Навасёлкі. Але… «Апранаўся ён проста, але з густам. Запомніўся навасёлкаўцам у самаробным рыжым кажушку да каленяў, у чорнай кашулі з двума гузікамі пад горлам. Заўсёды чыста паголены. А на вуснах насіў ледзь улоўную ўсмешку дабрыні. Маўчун. Голас меў ціхі, але ўпэўнены. Інтэлігентнасць у яго была прыродная, генная, а мудрасць — ад зямлі-матухны», — піша Уладзімір Ліпскі пра Георгія Захарэвіча, бацьку Марыі. А вось — і пра маці, Ганну Іванаўну: «Ганэта вучылася некалі два гады ў царкоўнапрыходскай школе. Умела пісаць, чытаць. Помніла на памяць вершы Пушкіна. Любіла гумар. З найбольшай асалодай учытвалася ў словы Бібліі, ведала малітвы. Брала з сабой у царкву дачку Марыську, разам чыталі «Верую», «Ойча наш», услаўлялі святых, маліліся за грэшнікаў». Як бачым, сумленныя, чыстыя душой людзі могуць часам даць болей, чым адукаваныя педагогі… Чаму ж «чайкай» называе Уладзімір Ліпскі ды іншыя аўтары кнігі Марыю Захарэвіч? Сама артыстка некалі прамовіла: «Маё жыццё ў нечым падобна на чэхаўскую Чайку…» Ці не найлепшым чынам для раскрыцця яе лёсавызначальнага выбару ў жыцці падыходзіць дыялог са знакамітай чэхаўскай п’есы:

Аркадина. Браво, браво! Мы любовались. С такой напряженностью, с таким чудным голосом нельзя, грешно сидеть в деревне. У вас должен быть талант. Слышите? Вы обязаны поступить на сцену.

Нина. О, это моя мечта!..

І таленавітая Марыя не сядзела склаўшы рукі. Здала іспыты ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, нястомна займалася творчым самаразвіццём. Да таго ж заўсёды знаходзіла час і для «асветы». «Гэта рэдка хто робіць. Чалавек звычайна адпрацаваў у тэатры і пайшоў дамоў (маўляў, гэта не мая справа, а яна ніколі не адмаўляецца выступаць ні ў музеях, ні ў бібліятэках. У Марыі Георгіеўны ёсць праграма, якая складаецца з ваенных вершаў. Яна цудоўна, як ніхто, ведае беларускую паэзію», — піша рэжысёр Мікалай Пінігін. Уменне адной толькі танальнасцю голасу захапіць аўдыторыю — адметная рыса прафесіяналізму. І яна вызначае цалкам характар таленту Марыі Захарэвіч. Пра непаўторны голас «каралевы радыё» згадваюць многія. «Светлы, глыбокі, ледзь засмучаны, цнатлівы, з прыхаванай таямніцай» (Валерый Анісенка), «Мяккі, добразычлівы, нібы злёгку астуджаны, грудны, вельмі блізкі, як быцца гучыць толькі для цябе» (Валянціна Паліканіна)… Марыя Захарэвіч здзіўляе, бянтэжыць, натхняе людзей. Вялікая ў сваім творчым дары, адданасці лепшым прынцыпам тэатру псіхалагічнага рэалізму, яна дзіўным чынам застаецца сціплай, адкрытай, шчырай з людзьмі. Таму і пішуць пра яе з цеплынёй Рычард Смольскі, Ніна Загорская, Сяргей Законнікаў, Сяргей Давідовіч, Анатоль Бутэвіч, Дзяніс Марціновіч, Алена Ляшковіч, Зінаіда Камароўская, Зіновій Прыгодзіч, Дзмітрый Пятровіч і інш. Прысвячалі і прысвячаюць свае вершы — Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Скарынкін, Яўгенія Янішчыц, Мікола Мятліцкі, Мікола Шабовіч, Віктар Шніп, Дзімітрый Пятровіч, Зміцер Арцюх, Іна Фралова… Укладальніца кнігі Соф’я Жыбулеўская пра сваё знаёмства з Марыяй Георгіеўнай піша: «Было такое адчуванне, што быццам ты знаходзішся пад парасонам, які аберагае цябе ад усяго кепскага, і табе ўтульна, спакойна лёгка». А такім спакойным і ўпэўненым у сабе можа быць толькі чалавек, які верыць у тое, чым займаецца. Які, зыходзячы з уласнага досведу, раіць: «Баяцца сцэны не будзеш тады, калі дакладна ведаеш, для чаго на гэтую сцэну выйшаў».

 

Юлія Алейчанка

«Полымя», №2, 2017

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406