«Созвучие»: пяты выпуск

Печать

Традыцыйным выданнем, якое прадстаўляе розныя нацыянальныя літаратуры беларускаму чытачу на рускай мове, стаў альманах "Созвучие". Новы яго выпуск – пяты па ліку – рыхтуецца да выдання ў "Мастацкай літаратуры".

– Цяпер мы сабралі пераклады прозы і паэзіі ў асноўным аўтараў з Беларусі і Расіі, а таксама некаторых пісьменнікаў з іншых краін, –распавядае галоўны рэдактар выдавецтва і адзін са складальнікаў альманаха Віктар Шніп. – Беларусь прадстаўляюць паэты і празаікі Марыя Кобец, Дзмітрый Пятровіч, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка. Расію – Валерый Казакоў, а яшчэ цэлая група літаратараў з Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Чачэнскай Рэспублікі, Чувашыі, Марый Эл, Кемераўскай вобласці.

У пятым выпуску альманаха "Созвучие" выступаюць і Рысалат Хайдарава і Сіражыдзін Сайід з Узбекістана, Агагельды Аланазараў з Туркменістана.

Альманах "Созвучие" будзе прэзентаваны на міжнародным круглым стале "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", а таксама на чарговай Маскоўскай кніжнай выставе-кірмашы ў верасні 2019 года.

 

Сяргей Шычко