"Маладосць" – 2022

M7 2021

“Маладосць” у першым паўгоддзі 2022 года

Часопіс “Маладосць” за апошнія месяцы моцна змяніўся: ён стаў каляровым, зняў узроставы цэнз для аўтараў і змяніў жанравую перавагу. Але застаўся літаратурна-мастацкім выданнем. Бясспрэчна, у любой справе важная пераемнасць традыцый, таму маладыя паэты і пачынаючыя празаікі сустрэнуцца пад адной вокладкай са сталымі прафесійнымі літаратарамі. А чыесьці імёны прагучаць упершыню. Таму падпісвайцеся – і будзем увесь 2022 год разам!

З арыгінальнымі паэтычнымі і празаічнымі творамі выступяць: Маргарыта Латышкевіч, Сафія Ворса, Вікторыя Сінюк, Станіслава Умец, Ксенія Шталянкова, Вольга Ропат, Дзяніс Рабчук, Кацярына Масэ, Алесь Бараноўскі, Жанна Міус, Алена Кісель, Вольга Шпакоўская, Алёна Папко.

Адны з іх удзельнікі літаб’яднанняў і літстудый па ўсёй краіне: горацкае “Роднае слова”, магілёўскае “Натхненне”, мінскія “Альтанка”, “Шчырасць” і “Парнас”, іншыя – ужо сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Майстар-клас маладым дадуць лаўрэаты літаратурных прэмій і заслужаныя дзеячы культуры. Чакайце: аповесці і апавяданні Георгія Марчука, Яўгена Хвалея, Анатоля Казлова, Раісы Баравіковай, Алеся Аляшкевіча, Ягора Конева; вершы Віктара Гардзея, Міколы Мятліцкага, Навума Гальпяровіча, Васіля Зуёнка, Віктара Шніпа, Алеся Бадака.

У чытачоў з’явіцца магчымасць пазнаёміцца з дзённікавымі запісамі вядомага беларускага паэта (па адукацыі медыка) Алеся Наўроцкага, якому ў 2022 годзе споўнілася б 85 гадоў. Ён публічна пратэставаў «супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах», якое мела практыку ў СССР і пад якое ён сам трапіў. Паэта прымацавалі да псіхіятрычнага дыспансера і пазбавілі працы лекара. Доўгі час пісьменнік нідзе не працаваў і амаль не друкаваўся, паводле ўласных слоў – «дваццаць гадоў пісаў у шуфляду». Матэрыял падрыхтаваны супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, літатаруразнаўцам Віктарам Жыбулем.

На працягу года чытачы “Маладосці” працягнуць знаёмства з шэдэўрамі і навінкамі сусветнай літаратуры. Іх чакаюць пераклады твораў вядомых і маладых замежных пісьменнікаў з ангельскай, нямецкай, кітайскай, французскай, шведскай і нават японскай моў. У тым ліку здзейсненыя студэнтамі Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў.

А праз гутаркі з турэцкімі і італьянскімі дзеячамі мастацтва, падрыхтаваныя нашымі карэспандэнтамі за мяжой, разам паспрабуем разабрацца ў асаблівасцях існавання нацыянальных літаратур свету ў ХХI стагоддзі.

У рубрыках “Асоба” і “Мастацтва” будуць прадстаўлены інтэрв'ю з вядомымі пісьменнікамі, мастакамі, акцёрамі і музыкантамі. Не толькі пра творчасць мы пагаворым з дзіцячай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, мастаком-манументалістам Таццянай Савік, акцёрамі РТБД Максімам Шышко і Марыяй Пятровіч, акцёрамі Тэатраў лялек і юнага гледача, артыстамі Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.

Рубрыка “Люстэрка лёсу” раскрые таямніцы прыватнага і грамадскага жыцця вядомых людзей краіны, а “Знакі эпохі” – уразіць цікавымі знаходкамі і архіўнымі матэрыяламі. Рубрыка “Літаратурны свет” са сваімі парадамі-публікацыямі дапаможа чытачам заставаца ў курсе кніжных навінак. А крытычныя агляды маладой беларускай паэзіі і прозы, падрыхтаваныя масцітымі літаратуразнаўцамі і крытыкамі, дапамогуць унікнуць у бягучы літаратурны працэс.

Натуральнай практыкай будуць “круглыя сталы” з удзелам маладых і прызнаных беларускіх пісьменнікаў па актуальных пытаннях развіцця айчыннай літаратуры.

2022 год багаты на юбілеі. Не пакіне раўнадушным праект да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа – творчая спадчына класікаў прадстане вачыма сённяшняй моладзі. А да 50-годдзя выдавецтва «Мастацкая літаратура» будуць апублікаваныя ўспаміны супрацоўнікаў і аўтараў, архіўныя дакументы і фотаздымкі.

Таксама вас чакаюць актуальныя пытанні і нечаканыя адказы ў традыцыйнай “Анкеце”. Рэспандэнтамі стануць як прадстаўнікі творчай моладзі, так і сталыя літаратары і навукоўцы.

Шукайце “Маладосць” у кіёсках “Беласаюздруку” ці чакайце чарговы нумар па падпісцы!

Вольга Рацэвіч, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406