Новыя кнігі кастрычніка

Янка Купала. Том 1. Вершы.

 Янка Купала

Янка Купала. Том 2. Паэмы. П’еса.

Янка Купала2

***

Янка Купала — сапраўдны нацыянальны паэт. У яго вершах паўстае перад намі жывая Беларусь… У іх знаходзім мы гісторыю беларускага народа. І самае галоўнае — усе думкі, усе надзеі і жаданні народа,— вось чым напоўнена невычарпальная купалаўская паэзія. Беларус, яго жыццё, яго псіхіка, звычаі, традыцыі, усе своеасаблівасці быту, якія склаліся вякамі, грамадскага ладу,— усё гэта знаходзіць яркае адлюстраванне ў купалаўскім слове. І разам з гэтым творчасць Янкі Купалы, як творчасць усякага вялікага мастака, мае столькі агульначалавечых рыс, што яна даўно перарасла рамкі нацыянальнай літаратуры і стала з’явішчам агульначалавечай сусветнай культуры… Вялікая і пачэсная роля Янкі Купалы ў сучаснай беларускай літаратуры. Як заснавальнік, ён шмат чаго зрабіў і для далейшага яе росту, росквіту, шмат зрабіў і для развіцця сучаснай літаратурнай мовы. Вялізны ўплыў яго на цэлае пакаленне... Янка Купала — гэта цэлая гістарычная эпоха ў жыцці беларускага народа.

Кандрат Крапіва

***

Я з Купалам яшчэ не была знаёма, калі ў № 36 “Наша ніва” за 1910 год ён прысвяціў мне свой цудоўны верш “Мая думка”.

Дзяўчынкай гадоў чатырнаццаці, прыехаўшы ў Вільню, я першы раз зайшла ў рэдакцыю “Нашай нівы”. Вельмі ветліва сустрэлі мяне там Янка Купала, Цётка, Бядуля, Цішка Гартны. Спатканне было надзвычай цёплым і сардэчным. У рэдакцыі над сталом Янкі Купалы была шырокая паліца з квадратнымі гнёздамі, у якіх, кожная паасобна, ляжалі папкі з рукапісамі вершаў розных аўтараў. Была там і мая папка.

…Нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлопца, з худым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы. “Ты, мусіць, Буйлянка, – сказаў ён. – Ну, а я – Купала, дык давай знаёміцца”, і вельмі паважна пакланіўся. Гэта было так не падобна да ўсяго таго, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой урачыстай сардэчнасцю, што я нават не здзівілася.

Янка быў нейкі стрыманы і маўклівы. Я прыкмеціла, што ўсе ў рэдакцыі адносяцца да яго з выключнай цеплынёй і пашанай. Гэта яшчэ больш напоўніла мяне павагай да любімага паэта. Вечарам высветлілася, што ўсе мае знаёмыя выехалі на дачу і мне няма дзе начаваць. Купала прапанаваў мне пераначаваць у рэдакцыі. Гэта было не зусім зручна, але выбару ў мяне не было, і я вымушана была згадзіцца.

На другім паверсе, у кабінеце рэдактара, была шырокая, мяккая канапа, вялікі дубовы стол з мармуровым пісьмовым прыкладам, засланы зялёным сукном. На стале стаяла вялікая прыгожая лямпа. Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблыкаў. Мы селі на канапе, і я папрасіла яго прачытаць вершы, якія перад тым бачыла ў яго папцы. “Не, – сказаў Купала, – я прачытаю табе маю п’есу “Паўлінка”. Я з радасцю згадзілася. Мне вельмі хацелася пачуць твор Купалы ў яго выкананні. Ён прынёс вялікі рукапісны сшытак, прысунуў бліжэй лямпу і пачаў чытаць.

Мне здавалася, што гэта казка. Купала, якога я ведала даўно по яго творах, пад уплывам якога пачала сама пісаць вершы, сядзеў побач і чытаў мне п’есу, якую яшчэ нават не надрукавалі. Я бачыла шматлікія праўкі на рукапісе. П’еса мне вельмі спадабалася. Купала доўга чытаў сам, а потым, змарыўшыся, перадаў сшытак мне. “Цяпер пачытай ты крышачку, а я адпачну”.

Я пачала чытаць і так увайшла ў ролі герояў, што спрабавала нават іграць іх, змяняючы голас і міміку твару. Янка, задаволены, слухаў.

Канстанцыя БУЙЛО

***

…Я пісаў шмат пра Купалу. І даводзілася шмат разважаць над некаторымі пытаннямі. Што азначала для паэта муза Паўліна Мядзёлка? Паэты, як правіла, нешчаслівыя ў каханні. Муза музаю, але шчаслівага кахання не было. Паўлінка ўвайшла ў п’есу, каб зрабіцца гераіняй, а потым выйшла з яе іншай…

Дарэчы, Мядзёлка паліла, як паравоз, але гэта, зразумела, не ўвайшло ў вобраз на сцэне. І вось, гаварылі яны гаварылі пра нашаніўскія справы, а потым ён раптам кажа ёй: “А што, калі нам ды пабрацца”. А яна яму адказвае: “Я люблю цябе, Янка, як нашага паэта народнага, але кахаю я іншага”. Вось я і задумаўся, а хто той іншы? Гэта таксама Купала, толькі іншы. Вось мы бачым таго, якога яна не кахала, бо занадта той быў фанабэрысты. А ёй бачыўся за Купалам прарок народны, такога яна хацела пакахаць. Але ж такі нікому не належыў.

…Я доўга думаў пра фінал п’есы, які прыдумаў Купала. Ён жа напісаў, што артыстка там павінна гаварыць: “Яхімку майго арыштавалі, зорачку маю ясную арыштавалі” і падаць у непрытомнасці. Але такі зусім не камедыйны фінал не спадабаўся драматургу Аляхновічу, і той напісаў новы фінал “Паўлінкі”, дзе ўсё шчасліва скончылася. Купала быў, канешне, незадаволены і казаў “што гэта за мода, творы перапісваць”. Але ў 44-м годзе ставілі ўжо па новым, шчаслівым фінале. Думаю, Купала б не дужа крыўдаваў, калі б даведаўся пра гэта.

Пятро ВАСЮЧЭНКА

Беларускае апавяданне 1920 – 1930 гадоў. Серыя “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”. Том 21.

ЗКБЛ Том 21

У чарговы том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ўключана больш за 60 найбольш мастацка-эстэтычна значных апавяданняў 25 беларускіх пісьменнікаў першых трох дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. Спецыфіка гэтага жанру, нярэдка насычанага глыбокім алегарычным зместам, пругкасцю фабульнай будовы і поліфанізмам дыялогаў герояў, дазваляла гарманічна спалучаць у яго дынамічнай мастацкай структуры побыт з быццём, лакальнае з сусветным, індывідуальнае з агульначалавечым, нават у абмежаваным па памерах сюжэтна-падзейным змесце.

***

Маладая беларуская проза 20-30-х гадоў у пошуках шляхоў асэнсавання рэвалюцыйнай рэчаіснасці выкрышталізавала свой духоўны авангард – апавядальную творчасць цэлай плеяды таленавітых празаікаў: Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, К. Чорнага, М. Лынькова, У. Галубка, А. Бабарэкі, П. Галавача, Я. Нёманскага, Л. Калюгі, Б. Мікуліча, С. Хурсіка і дзясяткаў іншых майстроў прыгожага слова. У спасціжэнні востраканфліктных сітуацый таго вірлівага гістарычнага часу гэтыя творцы імкнуліся ўтрымліваць у сваіх творах  жыццёвую плынь народа ў межах такой эстэтычнай задачы, якая ўбірала б у сабе сутнасную і сэнсавую гармонію анталагічных законаў жыцця і мастацтва: праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці.

Ігар ШАЛАДОНАЎ

***

Сапраўднага росквіту дасягнула ў 20-я гады беларускае апавяданне. Асабліва актыўна выступалі ў гэтым жанры Я. Колас (“Сяргей Карага”, “Крывавы вір”), М. Зарэцкі (“Кветка пажоўклая”, “Дзіўная”, “На чыгунцы”), П. Галавач (“Кнак”, “Дзве сцежкі”), М. Лынькоў (“Над Бугам”), М. Нікановіч (“Крык працы”), В. Каваль (“На загонах”).

На рубяжы 30-х гадоў выразна акрэслілася тэндэнцыя да адлюстравання ў творах літаратуры самых розных перыпетый чалавечых лёсаў, шляхоў у рэвалюцыю, паказу жыцця тых, “хто быў нікім”, а стаў усім.

Уладзімір НАВУМОВІЧ

Іван Навуменка. Вайна каля Цітавай копанкі. Аповесці і апавяданні.

Navumenka

У кнігу ўвайшлі аповесці “Вайна каля Цітавай копанкі”, “Мой сябар Пятрусь”, “Пераломны ўзрост”, апавяданні “Мяшок белага наліву”, “Настаўнік чарчэння”, “Жуль Верн”, “Па грыбы”, “Як мы лавілі шпіёна”, “Сямнаццатай вясной”, “Хлопцы самай вялікай вайны”.

***

Самы вядомы афарызм Івана Навуменкі – “кніга адкрывае свет”. І яго ўласныя кнігі  такія: ці былі яны створаны юнаком, захопленым філалогіяй, які вярнуўся з фронта ў інтэрнат на Нямізе, ці Народным пісьменнікам Беларусі, ці – літаратуразнаўцам-акдэмікам, дырэктарам Інстытута літаратуры беларускай Акадэміі навук, старшынёю Вярхоўнага Савета БССР… Усё, напісанае Іванам Навуменкам, нязменна пазначана адметнасцю яго пісьменніцкага таленту і самой асобы, якой па плячу былі дзяржаўныя справы. Гэта заўсёды праніклівы погляд на жыццё і на сябе ў ім, прычым вельмі часта з усмешкай, іроніяй. Без унутранай устаноўкі на экспансію, а наадварот, са схільнасцю да лірызму, псіхалагізму. Гэта вельмі пэўны асабісты выбар – з захаваннем уласнай пазіцыі, уласнай годнасці, самавітасці. Нездарма на пахаванні Івана Навуменкі над яго магілай прагрымеў вайсковы салют. Пісьменніцкае пакаленне шасцідзесятнікаў, да якога належаў Іван Навуменка, абараніла і памножыла гонар беларускай літаратуры праз цэлае стагоддзе, бо гэтым хлопцам-равеснікам было што сказаць. І Іван Якаўлевіч Навуменка не змоўчаў – расказаў.

Людміла СІНЬКОВА

 Віктар Праўдзін. Нелюбімыя гінуць. Раман. Кніга 2. Спакушэнне.

Praudzin

У другой кнізе рамана чытач зноў сустрэнецца  з Любай Анікейчык, жанчынай, якую ў першай кнізе – “Выпрабаванне” – падманам, нібы ў заробкі, вывезлі ў Германію, але на самай справе “прывабнай беларусачцы” была падрыхтавана роля секс-рабыні…

***

Багаты ўласны досвед, абазнанасць у побыце людзей розных сацыяльных станаў і выдатнае пісьменніцкае майстэрства дазволілі В. Праўдзіну стварыць буйны сацыяльны раман, які мае значную грамадскую і эстэтычную каштоўнасць.

Несумненная творчая ўдача В. Праўдзіна — раман «Нелюбімыя гінуць». У цэнтры твора — трагічныя лёсы маладых дзяўчат. Вясковая дзяўчына Люба Анікейчык, мінчанка Марыя і чачэнка Айшэ праходзяць праз цяжкія выпрабаванні і неверагодныя пакуты. Акалічнасці складанага і супярэчлівага постсавецкага часу пазбаўляюць іх сямейнага шчасця.

Пісьменнік выдатна зразумеў, што лёсы жанчын і маладых дзяўчат — лакмусавая паперка, індыкатар стану грамадства. Мастацкімі сродкамі ён бліскуча паказаў, што перажыло грамадства і якую высокую цану заплацілі простыя людзі за перамены ў жыцці. В. Праўдзін зусім не згушчае фарбаў і не ачарняе жыццёвых рэалій.

Ён смела піша пра тое, пра што ўсе ведаюць, але маўчаць, не адважваюцца гаварыць. Бо сорамна, бо ёсць адчуванне ўласнай віны і прысмак крыўды.

Пісьменнік аб’ектыўна раскрыў драматычныя падзеі другой чачэнскай кампаніі, падчас якой загінулі тысячы мірных жыхароў, а горад Грозны быў дарэшты зруйнаваны.

Ні ў чым не вінаватыя людзі аказаліся ў пастцы: «Асабліва цярпелі ад самалётаў, якія, адчуваючы сваю беспакаранасць, метадычна, як на вучэннях, наносілі смертаносныя ўдары спярша па адміністрацыйных будынках Грознага, а потым па дамах, дзе, як потым перадавалі па радыё ды пісалі ў скінутых лістоўках, была наладжана бандыцкая абарона. А калі ўлічыць, што кожны дом быў ператвораны ў крэпасць, то й бамбілі ўсё і ўсіх».

Цяжарная жанчына Айшэ, апынуўшыся пад бомбамі на лініі баявых дзеянняў, зазнала ўвесь жах вайны: на яе вачах гінулі людзі, пад заваламі дамоў каналі суайчыннікі. Ніхто не мог дапамагчы... Вельмі ўражвае сцэна цяжкіх родаў Айшэ: ледзьве засталася жывой.

Пісьменнік выразна праводзіць думку, што вайна і жыццё несумяшчальныя. Найвялікшае шчасце на зямлі — нараджэнне дзяцей, з’яўленне новага жыцця, што патрабуе догляду і клопату.

На думку аўтара, войны замешаны на грашах. Прычына вайны ў Чачні — барацьба алігархічных кланаў за нафту.

Пісьменнік паказаў несуцешнае гора і беды, якія прынесла людзям вайна ў Чачні: і чачэнцам, і рускім, і ўсім, хто мірна жыў, хто ваяваў па абодва бакі. Жыхары мусілі ўцякаць ад вайны і пагібелі. В. Праўдзін перадаў пякельныя пакуты цяжка параненага чачэнца Рэната Баджыева, якому ў палявых умовах звычайны фельчар Пятровіч мусіў рабіць неадкладную аперацыю па выдаленні асколка.

Аўтар прыйшоў да высновы пра самакаштоўнасць жыцця. Невыпадкова сяржант Іван Серада пасля цяжкога ранення, страты ног і калецтва зазначае: «Жыццё само па сабе ўжо вялікая радасць, і застаецца толькі знайсці сваё месца ў ім».

Працягваючы лепшыя традыцыі класічнай літаратуры, В. Праўдзін выдатна перадаў душэўны стан герояў, раскрыў іх пачуцці, перажыванні і трывогі, надзеі і мары. Так, згвалтаваная Айшэ адчувае роспач і боль, жадае ўласнай смерці. Гераіня Люба Анікейчык, апынуўшыся ў Германіі, не можа заснуць у першую ноч. Яна ўспамінае перажытае, думае пра будучыню.

Як бачна, мастацкім словам Віктар Праўдзін смела змагаецца са злом, імкнецца сцвердзіць гуманістычныя ідэалы, абараніць дабро і праўду. Выдатны майстар партрэта і мастацкай сцэны, умела перадае кожны рух персанажаў, дэталі, колеры і пахі. Эпізоды ў яго творах падпарадкаваны прадуманай мастацкай стратэгіі, яны надзвычай лагічныя, дакладна вывераныя, аб’ёмныя і дынамічныя.

Іван САВЕРЧАНКА

Мікола Чарняўскі. Вяселле ў Налібоках. Жыццёвыя былі, гумар.

viaselle u nalibokach

Творы, сабраныя ў гэтай кнізе, найперш цікавыя і адметныя тым, што яны шмат у чым дакументальныя, цалкам адпавядаюць жанраваму вызначэнню «жыццёвыя былі». З кнігі яскрава паўстаюць каларытныя вобразы тых людзей, з якімі зводзіў яго лёс, каму выпала доля прычыніцца да самых розных з’яў і падзей свайго веку.

***

Мікола Чарняўскі — паэт нечаканай метафары. Ён можа і ўмее ў яркай лаканічнай форме нават самай вонкава банальнай з’яве надаць творча-нечаканае гучанне. Вастрыня, іронія, унутраная лёгкасць — вось асноўнае, што ўласціва гэтаму дзівоснаму паэту. Калі чытаеш яго творы, то цяжка ўявіць і паверыць, што перад намі стаіць аўтар.

Па сваёй унутранай свабодзе, амаль джазавай імправізацыйнасці вершы Міколы Чарняўскага абсалютна тоесныя імпэтнай энергетыцы сённяшніх маладых аўтараў.

Яго творчы ўраджай — пяць дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых, якія даўно палюбіліся чытачам, увайшлі ў школьныя чытанкі, сталі сябрамі ўсіх, хто змалку любіць і шануе роднае слова, захапляецца літаратурай. Хто, як і сам аўтар, не сумняваецца ў перакананні:

Слова роднае — крок ад парога,

Слова роднае — вечнасці след.

Слова роднае — змалку ад Бога,

Ад зямлі, што радзіла на свет.

Першы верш Міколы Чарняўскага «Васілёк» быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ўлетку 1958 года, калі аўтару, школьніку з Гомельшчыны, споўнілася 15 гадоў. З таго часу шмат пражыта і перажыта, вынашана і ўзважана, увасоблена ў кніжках. Дзіцячая літаратура, лірыка, сатыра і гумар, пераклады з іншых моў, крытыка і публіцыстыка — вось тыя жанры, у якіх паспяхова і плённа працуе паэт, а ў значнай ступені і празаік Мікола Чарняўскі. Ён лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Выдатнік народнай асветы і выдатнік друку Беларусі. Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а таксама нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

Мікола СІВЕЦ

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
штотыднёва па аўторках
з 14.00 да 17.00 гадзін
і чацвяргах з 10.00 да 13.00 гадзін
Намеснік дырэктара— Казак Алена Іванаўна
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін
Галоўны рэдактар —Шніп Віктар Анатольевіч
штотыднёва па аўторках
з 10.00 да 13.00 гадзін
і чацвяргах з 14.00 да 17.00 гадзін

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406