Close

23.02.18

Літаратурны “БУКет”

         У Міжнародны  дзень  роднай  мовы  21  лютага  2018 года  ў  Беларускім  дзяржаўным  універсітэце  культуры  і  мастацтваў  сабраліся,  каб  адзначыць  гэтае  свята, удзельнікі  літаратурнага  аб’яднання “БУКет” пры  вышэйназванай  навучальнай  установе. Нядаўна  “БУКету” споўнілася  15 гадоў. У  імпрэзе  прыняў  удзел  вядучы  рэдактар  УП “Мастацкая  літаратура”  пісьменнік  Дзмітрый  Пятровіч. Ён  пазнаёміў  выкладчыкаў і студэнтаў  з  новымі  кнігамі,  якія  сёлета  ўбачылі  свет  у  выдавецтве  (зборнік “Пялёсткі  лотаса  і  хрызантэм. 100 паэтаў  Кітая”, кніга  паэзіі Алеся  Разанава “Такая  і  гэтакі”, зборнік  сербскай  прозы “Пясочны  гадзіннік  лёсаў”, кніга  фэнтэзі  Станіславы  Умец “Сэрца  Сакры”), а  таксама  запрасіў  усіх  прысутных  да  ўдзелу  ў  Міжнародным  конкурсе “Першацвет”, арганізатарамі  якога  з’яўляюцца Міністэрства  інфармацыі  Рэспублікі  Беларусь, РВУ “Выдавецкі  дом “Звязда” і УП “Мастацкая  літаратура”. Дзмітрый  Пятровіч  пазнаёміў  гледачоў  з  1-м  выпускам  альманаха “Першацвет”, у  якім  прадстаўлены  творы  маладых  паэтаў  і  празаікаў, пераможцаў  вышэйзгаданага  конкурсу,  і запрасіў  членаў  літаб’яднання “БУКет” на  прэзентацыі  новых  кніг выдавецтва.  Гэтыя  прэзентацыі  адбудуцца  ў  рамках  ХХV Мінскай  міжнароднай  кніжнай  выставы-кірмашу, якая  пройдзе  сёлета  з  28 лютага  па  4 сакавіка.