Close

13.02.17

“Мастацкая літаратура” – на XXIV Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы

Супрацоўнікі выдавецтва “Мастацкая літаратура” прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, якія з поспехам прайшлі на XXIV Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы.

Адным з самых запамінальных мерапрыемстваў стаў Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі”, адным з арганізатараў якога – разам з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкім домам “Звязда” – была “Мастацкая літаратура”. Гэты форум сабраў пісьменнікаў з 17 краін свету. Падчас яго адбылася зацікаўленая размова пра ролю літаратуры ў грамадстве, пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва паміж пісьменнікамі розных краін. Ну а цэнтральнай тэмай гаворкі стала, вядома ж, знакавая для беларусаў дата – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выступіла і адным з арганізатараў семінара маладых літаратараў, які прайшоў у рамках XXIV Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу. Там жа, на выставе, адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”, па выніках якога “Мастацкая літаратура” выдала зборнік. Выступаючы перад пераможцамі конкурсу, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Бларусь А. М. Карлюкевіч сказаў: “Вельмі прыемна вітаць пераможцаў конкурсу «Першацвет», які быў заснаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пры вельмі творчай, жывой падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мне здаецца, што якраз гэты альманах — плён вашай творчай штодзённай работы, якую вы праводзіце разам з натхненнем, разам з вашымі музамі, ствараючы вершы, прозу ці драматургічныя творы. «Першацвет» — гэта слова, якое вядзе да першаснасці, гаворыць пра нейкі пачатак. Мне здаецца, што ў конкурсу з такой прыгожай назвай будзе вельмі цікавая перспектыва. Я ўпэўнены ў гэтым. І што следам за альманахам паўстане сур’ёзная бібліятэка твораў маладых літаратараў. Спадзяюся, многія сёлетнія ўдзельнікі дашлюць свае творы і на другі этап конкурсу, які распачнецца ўжо 1 сакавіка. Найлепшыя творы будуць надрукаваныя не толькі ў альманаху «Першацвет», але і на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Маладосць», «Нёман» і іншых літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных выданняў краіны”.

Шырокі рэзананс сярод наведвальнікаў выставы мела сустрэча з вядомым беларускім паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесем Разанавым, які прэзентаваў кнігу “Францыск Скарына. Маем найбольшае самі”. У яе ўвайшлі пераствораныя паэтам на сучасную беларускую мову тэксты з прадмоў знакамітага беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара да кніг Бібліі. Цудоўным упрыгожваннем мерапрыемства стала выступленне музыкі Яраша Малішэўскага.

Шматлікім наведвальнікам кніжнай выставы, несумненна, запомнілася прэзентацыя кнігі Ірыны Цвятковай «Василий Раинчик. “Верасы”» з удзелам як аўтара і героя гэтага выдання, так і сённяшніх удзельнікаў папулярнага музычнага калектыва.

Спадабалася гледачам і сустрэча з вядомым фінскім пісьменнікам Ціма Парвелай, які прэзентаваў сваю кнігу “Эла і сябры” ў перакладзе на беларускую мову Алены Казловай. Літаральна за некалькі дзён да адкрыцця выставы кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Не засталося незаўважаным і выступленне лялечнага тэатра “Батлейка” са спектаклем паводле кніг “Мама Му” вядомай шведскай пісьменніцы Юлі Вісландэр, якія ў перакладзе на беларускую мову выдала “Мастацкая літаратура”.

Шматлікія аўтограф-сесіі з удзелам пісьменнікаў Віктара Шніпа, Навума Гальпяровіча, Тамары Бунта, Анатоля Бутэвіча, Сяргея Трахімёнка, Анатоля Зэкава, Ксеніі Шталянковай і іншых праходзілі каля стэнда выдавецтва “Мастацкая літаратура” на працягу ўсіх дзён працы XXIV Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу.