Close

24.01.19

Наш вечны рабінзон

Пятнаццаць гадоў таму выдавецтвам “Мастацкая літаратура” была заснавана серыя “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”(ЖЗЛБ). Серыя распачалася выданнем кнігі «Владимир Мулявин. Нота судьбы.” На сёння ў “ЖЗЛБ” выйшла больш за трыццаць тамоў. Сярод іх кнігі пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Кузьмы Чорнага, Расціслава Янкоўскага, Леаніда Шчамялёва і інш. Апошняй па часе выдання стала кніга “Янка Маўр. Наш вечны рабінзон”. Яе складальнікам з’яўляецца ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.

24 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя гэтай кнігі. Перад прысутнымі выступілі супрацоўнікі “Мастацкай літаратуры”— галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп і вядучы рэдактар выдавецтва Дзмітрый Пятровіч. Успамінамі пра Янку Маўра падзяліліся аўтары кнігі Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Яўген Хвалей і Мікола Трус. З падзячным словам выдавецтву за супрацоўніцтва і Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь за фінансавую падтрымку выдання выступіла ўнучка Янкі Маўра Марыя Міцкевіч.