Close

04.05.17

Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка

3 мая ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка”, што на пачатку гэтага года пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.  Выданне ўключае найбольш яркія і арыгінальныя нарысы, створаныя на працягу цэлага стагоддзя вывучэння лёсу і творчай спадчыны вялікага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Упершыню прадстаўлена і першая публікацыя пра Францыска Скарыну, напісаная па-беларуску.

Усе тэксты, што ўвайшлі ў склад выдання, створаны ў розныя храналагічныя перыяды і з’яўляюцца ўвасабленнем свайго часу, нясуць на сабе адбітак сваёй эпохі. Іх аўтарамі з’яўляюцца вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, пісьменнікі, навукоўцы, святары, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў, журналісты. Але сабраныя разам, яны ствараюць цэласны, багаты і шматгранны вобраз нацыянальнага героя, прадстаўляюць веліч і значнасць справы Францыска Скарыны.

У прэзентацыі кнігі “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка”
прынялі ўдзел Алесь Суша, укладальнік кнігі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”; Дзмітрый Пятровіч, рэдактар выдання; Усевалад Свентахоўскі, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дызайнер выдання; Анатоль Бутэвіч, пісьменнік, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”; Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук, прафесар; Глеб Куфцерын, укладальнік кнігі і аўтар анімацыйнага роліка пра Францыска Скарыну.

На здымку: А. Суша і А. Мальдзіс