Close

07.09.17

Беларуска-кітайскія кантакты

Зацікаўленая гаворка пра перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання адбылася ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, гасцямі якога былі прадстаўнікі буйнейшай Кітайскай выдавецкай групы (China publishing and media holding co., ltd) на чале з яе віцэ-прэзідэнтам Лі Янам.  Не сакрэт, сучасную беларускую літаратуру ў Кітаі ведаюць не так шырока, як нам таго б хацелася. З іншага боку, і творы сучасных кітайскіх пісьменнікаў на нашым кніжным рынку з’яўляюцца, часцей за ўсё, дзякуючы расійскім выданням. Ды і тут выбар не дужа багаты, і для пераважнай большасці беларускіх чытачоў найноўшая кітайская проза, напэўна, асацыіруецца толькі з імем Нобелеўскага лаўрэата Мо Яня.

Падчас сустрэчы прагучала думка, што ў далейшай папулярызацыі нашых літаратур у Кітаі і Беларусі мы можам рабіць значна больш, у тым ліку, праз канкрэтныя кніжныя праекты.  У прыватнасці, кітайскі бок гатовы дапамагчы ў вырашэнні пытання аўтарскага права на творы папулярных сучасных кітайскіх пісьменнікаў. Вялася гаворка і пра дзіцячую літаратуру – жанр, які найбольш запратрававаны як на беларускім, так і на кітайскім кніжным рынку. Таму ў перспектыве творы нашых вядомых айчынных дзіцячых аўтараў, магчыма, стануць даступныя чытачам Паднябеснай.

Дарэчы, кітайская тэма не новая для “Мастацкай літаратуры”. Некалькі гадоў таму ў выдавецве выйшаў томік выбраных вершаў знакамітага кітайскага паэта Лі Бая, а яшчэ раней – кніга вядомага публіцыста Міхаіла Шыманскага “Близкий Китай”. Цяпер жа выдавецтва рыхтуе да выдання беларускамоўную серыю з сямі кніг “Культура Кітая”, першая з якіх пабачыць свет сёлета. Сумесным беларуска-кітайскім праектам можна назваць і выпуск аб’ёмнай “Энцыклапедыі Кітая” па-беларуску, выхад якога запланаваны на гэты год.

 

Беларуска-кітайскія кантакты