Close

07.05.15

На красавік у выдавецтве запланавана шэраг мерапрыемстваў па рэкламе і прапагандзе мастацкай літаратуры ў кнігарнях, бібліятэках, навучальных установах. У Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, 2 красавіка, кнігарня «Кнігі & кніжачкі» прымала гасцей, дзе навучэнцы паліграфічнага каледжа і вучні 42-й гімназіі г. Мінска сустрэліся з пісьменнікамі Навумам Гальпяровічам (кнігі «Насцеж» і «Сюжэт для вечнасці»), Анатолем Бутэвічам («Пацалунак на фоне гор»), Васілём Жуковічам («Хто хацеў бы пакатацца?»). Вядучы спецыяліст выдавецтва, укладальнік кніг Зося Кустава прадставіла свае зборнікі «Зярнятка» і «Лучынка» разам з аўтарам апавяданняў і казак для дзяцей Арнольдам Дыбчам. У конкурсе «Пытанне пісьменніку» пераможцы атрымалі падарункі: кнігі, а ўсе прысутныя – салодкія пачастункі ад выдавецтва «Мастацкая літаратура». 5 красавіка пісьменнік Васіль Ткачоў сустрэўся з моладдзю і прэзентаваў сваю кнігу «Высокі страх» у Васілевіцкай раённай бібліятэцы, што ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. 7 красавіка ў рамках мерапрыемстваў «Да 70-годдзя Перамогі» дзіцячы паэт, карэнны мінчанін Уладзімір Мацвеенка апавёў пра гады ваеннага ліхалецця навучэнцам ліцэя №12. Адбылася прэзентацыя кнігі «Заўтра была адліга» і сустрэча з Віктарам Шніпам 9 красавіка ў бібліятэцы Янкі Купалы.